Дзінара Алімбекава і Антон Смольскі пабраліся шлюбам


Позна ўвечары 1 кастрычніка з’явілася інфармацыя, што алімпійская чэмпіёнка 2018 года ў жаночай біятлоннай эстафеце Дзінара Алімбекава ды срэбны прызёр Гульняў у Пекіне-2022 Антон Смольскі ажаніліся. Вяселле загадзя не афішавалася. Маладыя пажадалі правесці яго ў вузкім коле сваякоў.

«Толькі адную камеру пусцілі маладажоны да сваёй новай сям’і», – падкрэсліваюць у Белтэлерадыёкампаніі. «Каханнне, якое, нягледзячы на гучныя перамогі, шукае цішыню», – напісала арганізатарка вяселля Алеся Клачко.

Пры гэтым у інфармацыі «Беларусь-1» не паведамлялася пра тое, дзе адбылася гэтая падзея. Таксама першы канал вырашыў захаваць інтрыгу наконт прозвішча, пад якім будзе выступаць Алімбекава ў будучых стартах. Абяцалі паведаміць пра гэта ў адной са сваіх перадачаў на наступным тыдні.

Праўда, найбліжэйшым часам буйных міжнародных спаборніцтваў для беларускіх, як і для расейскіх, біятланістаў не прадбачыцца. Спадарыню Дзінару тое не надта пераймае. У адказ на рашэнне Кангрэсу Міжнароднага звязу біятланістаў (IBU) аб далейшым адхіленні беларускіх і расейскіх біятланістаў дзяўчына тыдзень таму зазначыла:

«Падаўжэннем санкцыяў не здзіўленая. Ніякіх эмоцыяў. Адхіленне калі-небудзь скончыцца. Але не думаю, што мы ў хуткім часе вернемся на міжнародную арэну. Пакуль, шчыра кажучы, вялікага жадання вяртацца і няма. Некаторыя спаборніцтвы адбыліся без нас – і мне стала не цікава. Не ведаю, ці пройдзе гэткі настрой, ці ён назаўсёды. Але мне зараз туды не хочацца. Больш часу праводжу з сябрамі. Мне вельмі падабаецца новае жыццё, грэх скардзіцца».

Пра заручыны маладыя абвесцілі яшчэ ў ліпені. Дзінара – родам з Казахстану. Яна зʼявілася на свет у горадзе Абай Карагандзінскай вобласці 5 студзеня 1996 года. Бацька па нацыянальнасці казах, а маці – беларуска. Біятланістка мае малодшых брата і сястру. Сямʼя пераехала ў Беларусь, калі Дзінары было тры гады. Антон – аднагодка сваёй жонкі. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пясочнае Капыльскага раёну Менскай вобласці ў снежні 1996 году.

Тады Смольскі распавёў:

«Мы больш за два гады разам трэнуемся. Абʼядналіся пасля «Каляднай гонкі – 2020». Але мы не толькі блізкая пара. У першую чаргу – мы прафесіяналы. І спарынг-партнёры адно для аднаго. Плануем трэнаванні так, каб і я паспеў пазаймацца і Дзінара. То бок, імкнемся, каб эфект быў для абодвух. Перамогі Дзінары згулялі вялікую ролю і ў маёй карʼеры. Не было б ейнай медалі ў Паўднёвай Карэі, не было б і маёй у Пекіне».

Лідар мужчынскай зборнай Беларусі раней быў жанаты на біятланістцы Дарʼе Іропес. У іх шлюбе нарадзілася дачка Аляксандра, якой сёлета споўнілася тры гады. Алімбекава некалькі год сустракалася з расейскім біятланістам Кірылам Стральцовым.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў