Беларусы – «не бульбашы, а бурачнікі»? Глядзім на афіцыйную статыстыку


Выданне «Наша ніва» звярнула ўвагу на тое, што валавы збор бульбы ў Беларусі адстаў ад валавога збору цукровых буракоў – апошнія «заваёўваюць» беларускую сельскую гаспадарку з пачатку «нулявых». Але беларусы ядуць далёка не столькі буракоў, колькі ядуць бульбы.

Збор бульбы ў ААТ «Кушлікі». Полацкі раён, Беларусь.
Фота: Таццяна Русаковіч / novaya.by

Паводле звестак Белстату, у 1940-х гадах у Беларусі амаль не вырошчвалі цукровых буракоў і кукурузы, затое бульбы вырошчвалі ўтрая больш, чым цяпер. У 1960-х бульбы збіралі па 10-13 млн тонаў (іншай гародніны – менш за 1 млн тонаў), а збор цукровых буракоў вырас з дзясяткаў тысяч да мільёна тонаў. Тады ж, дзякуючы кіраўніку СССР Мікіту Хрушчову, быў сапраўдны выбух кукурузы – у Беларусі збор кукурузы на корм жывёле вырас з нуля да 18 млн тонаў у 1960-м, але потым упаў да 1,5 млн тонаў у 1970-м.

Статыстыка збору розных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Скрыншот: belstat.gov.by

Аб’ёмы сабранай бульбы вагаліся ў раёне 10 млн тонаў на год да 2000-х, паступова зніжаліся і ўпалі да 3,4 млн тонаў у 2021 годзе. Збор цукровых буракоў жа з пачатку «нулявых» вырас ад 1,4 млн тонаў да 3,8 млн – больш, чым бульбы. Кукурузы на корм жывёле ў 2000-м сабралі 7,7 млн тонаў, а з 2003-га ейны збор пайшоў расці, летась дасягнуў 21,8 млн тонаў. Іншай гародніны цягам апошніх 20 гадоў збіраюць каля 2 млн тонаў, летась сабралі 2,7 млн тонаў.

Ці значыць гэта, што крыўдная для многіх беларусаў мянушка «бульбашы» неактуальная, а час абзываць беларусаў «бурачнікамі»? Наўрад ці, як не варта і «кукурузнікамі». У статыстыцы вядзецца пра дзясяткі мільёнаў тонаў кукурузы для корму жывёле, а «чалавечая» кукуруза, імаверна, уключаная ў «збожжавыя і зернебабовыя». Пра мільёны тонаў буракоў – на вытворчасць цукру, а тыя буракі, што ў салату ці на боршч, імаверна, у «гародніне».

Аналітыка
Ці прайграе Беларусь «бітву за ўраджай»? Аналізуем апакаліптычныя заявы Лукашэнкі
2022.07.29 14:00

А ў спажыванні бульбы беларусам мала роўных. У абсалютным спажыванні бульбы лідары – Кітай і Індыя, але на душу насельніцтва Беларусь першая ў свеце. Беларусы спажываюць бульбы ў 2,6 раза больш за ірландцаў, якія часам лічаць сябе вялікімі аматарамі бульбы. І па стане на 2019 год (больш новых звестак няма) беларусы ядуць бульбы больш, чым іншай гародніны разам узятай: 175 кг на чалавека на год – бульбы і прадуктаў з яе, 152 кг – гародніны, бахчавых і прадуктаў іхнай перапрацоўкі.

Праўда, беларусы перасталі вучыцца вырошчваць бульбу больш эфектыўна: ураджайнасць з 1950-х да сярэдзіны 2010-х вырасла ўдвая, а потым расці перастала. У 2021 годзе ўраджайнасць бульбы склала 197 цэнтнераў на гектар, што выглядае сціпла на фоне іншых краінаў. Напрыклад, у Польшчы за апошнія 10 гадоў павялічылі ўраджайнасць бульбы з «беларускіх» 200 цэнтнераў на гектар да ажно 348. У Швецыі, дзе клімат наўрад ці больш спрыяльны за беларускі, збіраюць 364 цэнтнеры бульбы з гектару, у Фінляндыі – 302, у Эстоніі – 261, у Латвіі – 213. Не кажучы ўжо пра 500 цэнтнераў з гектару ў Злучаных Штатах ці Новай Зеландыі.

А ў спажыванні цукру, які здабываюць з цукровых буракоў і іншых крыніцаў, беларусы далёкія ад сусветных лідараў, удвая менш за кубінцаў.

Hавiны
Лукашэнка пужаў голадам, а сельскагаспадарчая вытворчасць нават крыху вырасла
2022.09.15 23:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў