Кіпрыёцкая кампанія адхрысцілася ад «beCloud», якому ААЦ даручыў адміністраваць байнэт


Гісторыя кампаніі «Беларускія воблачныя тэхналогіі» («beCloud»), якую belsat.eu распавядаў на гэтым тыдні, атрымала нечаканы працяг.

У канцы жніўня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце (ААЦ) выдаў загад, паводле якога з 2022 года «Беларускія воблачныя тэхналогіі» («beCloud») будуць новым тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны замест hoster.by («Надзейныя праграмы»).

«Беларускія воблачныя тэхналогіі».
Фота: naviny.by

51 % кампаніі «beCloud» належыць Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам (НЦАТ) – дзяржаўнай арганізацыі, заснавальнік якой – Аператыўна-аналітычны цэнтр. Паводле звестак Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, астатнія 49 % кампаніі належаць «Sabsicca Holdings LTD», што зарэгістраванай на Кіпры. У сваю чаргу ў якасці заснавальнікаў «Sabsicca Holdings LTD» фігуруе шэраг фірмаў на Сэйшэльскіх Астравах і выспе Мэн, дзе і губляюцца сляды канчатковага бенефіцыяра (спажыўца грошай).

Падчас стварэння «beCloud» у снежні 2012 года афіцыйна заяўлялі, што інвестарам у гэтым праекце выступіць расейскі мільярдэр Канстанцін Нікалаеў. У сваім расследаванні belsat.eu звяртаў увагу на шэраг дэталяў, якія могуць сведчыць пра сувязі алігарха з «Sabsicca Holdings LTD». Але з прычыны закрытасці Нікалаева ад прэсы атрымаць ад бізнесоўца пацверджанне або зняпраўджанне ягонай датычнасці да «beCloud» мы не здолелі.

Аднак ужо пасля выхаду нашага артыкулу гісторыя атрымала нечаканы працяг. Belsat.eu атрымаў адказ ад дырэктара «Sabsicca Holdings LTD» Артэміса Тамаідэса, дзе сцвярджалася: кіпрыёцкая кампанія не валодае доляй у «Беларускіх воблачных тэхналогіях».

«Sabscissa» прадала сваю долю ў «beCloud» і больш не мае дачынення да гэтай кампаніі», – адзначыў Артэміс Тамаідэс.

На дадатковае пытанне, калі і каму прадалі долю ў «beCloud», адказу мы не атрымалі. Застаецца таксама незразумелым, што сталася прычынаю змены структуры ўласнікаў беларускай кампаніі.

Hавiны
Хто насамрэч стаіць за кампаніяй «beCloud», якую прызначылі новым адміністратарам байнэту?
2021.09.28 13:47

Таямнічыя бенефіцыяры

Заява спадара Тамаідэса яшчэ больш заблытвае сітуацыю вакол «beCloud». Раней існавалі дзве версіі, хто стаіць за «Беларускімі воблачнымі тэхналогіямі».

Аляксандр, Віктар, Дзмітрый і Мікалай Лукашэнкі. 9 траўня 2021 года. Крыніца: president.gov.by

Паводле адной версіі, якую адстойвае былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валер Цапкала, за кампаніяй «стаяць асабістыя інтарэсы сям’і Лукашэнкі». Цапкала лічыць, што дзейнасцю «beCloud» апекуецца беспасярэдне Віктар Лукашэнка, а праз замежных сузаснавальнікаў кампаніі бюджэтныя грошы нібыта выводзяцца з Беларусі ў афшоры. Праўда, ніякіх доказаў таго, што канчатковы бенефіцыяр гэтага бізнесу – сям’я Лукашэнка, экс-кіраўнік ПВТ не прыводзіць.

Канстанцін Нікалаеў.
Фота: Валерий Левитин / Коммерсантъ

Паводле другой версіі, прыватны суўладальнік фірмы – бізнесовец Канстанцін Нікалаеў. Пра гэта заяўлялі ў Нацыянальным цэнтры абмену трафікам 9 гадоў таму, калі кампанію «beCloud» заснавалі. У той жа заяве ішлося пра неназваных мінарытарных удзельнікаў гэтага бізнесу – партнёраў алігарха. Але ў наступныя гады пра ўдзел Нікалаева ў такім амбітным інвестыцыйным праекце ніякай інфармацыі ў публічнай прасторы больш не з’яўлялася. У сеціве немагчыма знайсці звесткі пра візіты алігарха ў Беларусь, сустрэчы з беларускімі афіцыйнымі асобамі, ягоныя або ягоных прадстаўнікоў заявы наконт дзейнасці «beCloud». Таму заканамерна пачало ўзнікаць пытанне: а ці не выйшаў Нікалаеў з гэтага праекту?

Заява Артэміса Тамаідэса журналістам belsat.eu не выключае ні адну з дзвюх версіяў. Але цяпер мы не ведаем, хто ёсць нават намінальным суўладальнікам беларускай кампаніі. У замоўленай ужо пасля адказу спадара Тамаідэса выпіскі наконт «beCloud» кіпрыёцкая кампанія чамусьці па-ранейшаму працягвае фігураваць у якасці ўласніка долі на 49 %.

Фрагмент выпіскі наконт кампаніі «beCloud». Крыніца:
Kartoteka.by

Нагадаем: кампанія «beCloud» мае моцнае падтрыманне на найвышэйшым узроўні, для яе стварэння Лукашэнка нават падпісаў адмысловы ўказ, большасць якога была схаваная пад грыфам «для службовага карыстання». Кампанія атрымлівае манапольнае права на рэалізацыю ключавых праектаў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў