Беларусь стварае з Расеяй агульную адукацыйную прастору

Здымак носіць ілюстратыўны характар. Фота: Белсат

30 верасня была падпісаная Дэкларацыя аб дзейнасці школ Расеі ды Беларусі. Як паведамілі ў Міністэрстве асветы РФ, дакумент стаў «адным з крокаў да стварэння адзінай адукацыйнай прасторы для прафесійнай камунікацыі, распаўсюду перадавога педагагічнага вопыту спецыялістаў дзвюх краін».

Таксама падрыхтаванае Палажэнне аб Асацыяцыі школ Беларусі ды Расеі і працягваецца праца над сумеснай распрацоўкай крытэраў адбору і прыцягненню адукацыйных арганізацыяў.

Да канца 2021 года плануецца правесці форум з удзелам дырэктараў школ дзвюх краін, вызначыць напрамкі дзейнасці і зацвердзіць перспектыўны план работы, прыняць Палажэнне аб Асацыяцыі і стварыць працоўныя групы.

У міністэрстве адзначылі, што Расея і Беларусь у сферы адукацыі ладзяць цэлы комплекс падзеяў, накіраваных на ўмацаванне сяброўскіх сувязяў паміж навучэнцамі, «патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, садзейнічанне развіццю дзіцяча-юнацкага турызму, выяўленне і падтрыманне таленавітых і адораных дзяцей у галіне навукова-тэхнічнай творчасці, развіццё ў іх цікавасці да інжынерна-тэхнічных прафесіяў і даследчай дзейнасці, а таксама папулярызацыю кадэцкага руху, садзейнічанне інтэлектуальнаму, культурнаму, фізічнаму і маральнаму развіццю дзяцей, выхаванне пачуцця пераемнасці пакаленняў на падставе знаёмства з агульным гістарычным мінулым».

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны