Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 2 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі танк на поўдні краіны. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: WarLife / Telegram

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 191-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 48 700 чалавек забітымі.

Сітуацыя на франтах

Агулам сітуацыя на ўкраінскіх франтах істотна адрозніваецца ў залежнасці ад кірунку.

На валынскім і палескім кірунках цягам апошніх содняў сітуацыя не мянялася. Па-ранейшаму захоўваецца пагроза нанясення авіяцыйных і ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі.

Разам з тым у самой Беларусі анансавалі чарговыя вайсковыя вучэнні, якія пройдуць з 8 па 14 верасня. Генштаб ЗСУ лічыць, што падчас іх вайскоўцы могуць адпрацоўваць наступ на памежныя вобласці Украіны.

Пры гэтым Тэлеграм-канал @mozhemobyasnit паведамляе, што з пачатку жніўня «Вагнераўцы» рыхтуюць да дыверсіяў на тэрыторыі Украіны супрацоўнікаў беларускай прыватнай кампаніі «ГардСэрвіс».

На суседнім сіверскім кірунку расейцы адзначыліся абстрэламі ваколіцаў населеных пунктаў Пушкары, Хрынаўка і Сэнькаўка Чарнігаўскай вобласці, Сухадол, Новая Слабада і Новавасільеўка Сумскай вобласці.

На слабажанскім кірунку праціўнік праводзіць баявыя дзеянні, спрабаючы ўтрымаць раней занятыя пазіцыі і палепшыць сваё тактычнае становішча.

Абстрэлы і спробы наступаў

На харкаўскім кірунку расейскія войскі засяродзіліся на абстрэлах украінскіх пазіцыяў: удары артылерыі і танкаў прыйшліся па ваколіцах населеных пунктаў Уды, Рускія Цішкі, Чаркаскія Цішкі, Пітомнік, Вялікія Прыходы, Стары Салтаў, Пятроўка, Пэрэмога, Дэмэнціеўка і Прышыб, авіяўдары па ваколіцах Шэстакова, Байраку, Рускіх Цішкаў і Вясёлага.

На славянскім кірунку расейцы таксама абстрэльвалі пазіцыі ЗСУ: удары варожай артылерыі прыйшліся па ваколіцах населеных пунктаў Краснаполле, Даліна, Бражкаўка і Дзіброўна.

Hавiны
У Беларусі пройдуць чарговыя вайсковыя вучэнні. ЗСУ: мы гатовыя да любога развіцця падзеяў
2022.09.01 22:37

Падобная сітуацыя назіралася і на краматорскім кірунку. Там праціўнік нанёс артылерыйскія ўдары па тэрыторыях каля населеных пунктаў Багародзічнае, Грыгораўка, Данецкае, Верхнякаменскае, Івана-Дар’еўка і Раздолаўка.

На суседнім бахмуцкім кірунку акупанты спрабавалі наступаць, але атакі ў бок населеных пунктаў Вясёлая Даліна, Маёрск, Бахмут і Бахмуцкае былі адбітыя ўкраінскімі сіламі. Удары варожай авіяцыі, артылерыі і танкаў на гэтым кірунку прыйшліся на ваколіцы Сухой Балкі, Юр’еўкі, Бахмуцкага, Маёрску, Зайцава, Вясёлай Даліны, Салядару, Бахмуту, Белагораўкі і Якаўлеўкі.

На аўдзееўскім кірунку ўкраінскія сілы адбілі варожыя атакі на ваколіцы населеных пунктаў Вопытнае, Первамайскае, Невельскае, Аўдзееўка і Краснагораўка. Разам з тым расейцы ўдарылі з танкаў і артылерыі каля Аўдзееўкі, Вясёлага, Вопытнага, Вадзянога, Таненькага, Первамайскага і Карлаўкі.

Заявы Гіркіна і поспехі ЗСУ

Пры гэтым былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) у сваім тэлеграм-канале паведамляе, што расейцы ўчора захапілі прамысловую зону на заходнім ускрайку населенага пункту Піскі – той самы населеных пункт у Данецкай вобласці, пра ўзяцце якога пад свой кантроль ужо неаднойчы заяўлялі ў так званай ДНР.

Харкаў пасля артылерыйскага абстрэлу. 30 жніўня 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Таксама Гіркін заяўляе пра захоп зруйнаванага моста і часткі данецкай кальцавой дарогі. Пры гэтым тэлеканал Еспресо апублікаваў відэа часткі бою каля зруйнаванага моста.

На суседнім навапаўлаўскім кірунку расейцы не праводзілі актыўных наступальных дзеянняў, але абстралялі ваколіцы населеных пунктаў Краснагораўка, Новаміхайлаўка, Мікольскае, Прачыстаўка, Вялікая Навасёлка, Богаяўленка, Новамаёрск і Няскучнае.

На запарожскім кірунку цягам апошніх содняў расейцы не праводзілі актыўных дзеянняў, што хутчэй за ўсё звязана з візітам на Запарожскую АЭС Місіі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі.

Тым часам у МЗС Літвы прапанавалі размясціць пастаянныя паліцэйскія сілы ААН на Запарожскай атамнай электрастанцыі. Пра гэта заявіў намеснік генеральнага камісара паліцыі Літвы Арунас Паўлаўскас, які ўзначальвае дэлегацыю краіны на саміце кіраўнікоў праваахоўных органаў ААН (UNCOPS).

На паўднёвабужскім кірунку праціўнік правёў няўдалы наступ у бок населенага пункту Пацёмкіна, а таксама здзейсніў абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў па ўсёй лініі сутыкнення. Пры гэтым ёсць паведамленні пра баі на ўчастку фронту паміж Давыдавым Бродам і Высакаполлем, дзе, па непацверджанай інфармацыі, ЗСУ здолелі стварыць плацдарм на ўсходнім беразе ракі Інгулец, захапіўшы населены пункт Архангельскае. Таксама ЗСУ сумесна з партызанамі знішчылі варожую пераправу каля Новай Кахоўкі.

Аналітыка
Навошта Расеі «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях, і прычым тут ЦВК Беларусі?
2022.09.02 12:51

BK belsat.eu 

Стужка навінаў