Украінская тэнісістка пасля матчу адмовілася паціснуць руку Вікторыі Азаранцы


Украінская тэнісістка Марта Касцюк адмовілася паціснуць руку сваёй беларускай суперніцы Вікторыі Азаранцы пасля заканчэння матчу ў другім коле Адкрытага чэмпіянату ЗША. Замест гэтага ўкраінская спартоўка пачакала яе каля сеткі з паднятай у руках ракеткай, да якой Азаранка дакранулася сваёй ракеткаю, паведамляе Расейская служба Бі-Бі-Сі.

Вікторыя Азаранка.
Фота: CincyTennis / Twitter

Як распавяла Марта Касцюк, перад матчам яна адправіла Азаранцы SMS-паведамленне, у якім папярэдзіла яе, што звыклага поціску рукі на корце не будзе.

«Гэта маё рашэнне, бо ніхто з іх [гульцоў з Расеі і Беларусі. – Заўв. belsat.eu] публічна не асудзіў вайны і дзеянняў сваіх урадаў. А я не магу такога падтрымліваць», – сказала Касцюк на пасляматчавай прэс-канферэнцыі.

«З некаторымі з іх у мяне былі асабістыя адносіны, але яны да мяне нават не падышлі. А ў некаторых вельмі шмат заўзятараў, якія на іх раўняюцца. Але яны не выкарыстоўвалі сваёй платформы, каб распаўсюдзіць правільны пасыл, што яны не падтрымліваюць вайны», – патлумачыла ўкраінская тэнісістка.

Украінская спартоўка таксама дадала, што не мае ніякай непрыязнасці да Азаранкі асабіста, проста лічыць, што яна, маючы свой уплыў, робіць недастаткова.

У сваю чаргу Азаранка заявіла, што не была здзіўленая ўчынкам Марты, аднак не лічыць, што гэта такая ўжо важная гісторыя.

«Калі ў сакавіку ўсё здарылася, я звязалася з усімі ўкраінскімі гульцамі, з якімі ў мяне ёсць асабістыя адносіны. Але я не хачу навязвацца тым, хто можа не хацець са мной размаўляць», – сказала Азаранка.

Таксама беларуска дадала, што калі ўкраінская тэнісістка захоча з ёй паразмаўляць, то яна гатовая: «Я заўсёды гатовая выслухаць, паспрабаваць зразумець. Я лічу, што цяпер важнейшае за ўсё спачуванне. Сітуацыя ў свеце вельмі складаная, але нельга забываць, што мы ўсе людзі і павінны ставіцца адзін да аднаго па-чалавечы».

Марта Касцюк.
Фота: Jimmie48

У красавіку Касцюк у ліку іншых украінскіх гульцоў заклікала забараніць расейскім і беларускім тэнісістам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, калі яны не пагодзяцца публічна асудзіць вайну.

Hавiны
Вікторыя Азаранка згуляе ў дабрачынным тэнісным матчы на падтрыманне Украіны
2022.08.10 13:17

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў