У Аргентыне мужчына спрабаваў забіць віцэ-прэзідэнта краіны, але пісталет даў асечку


У Буэнас-Айрэсе на віцэ-прэзідэнта Аргентыны Крыстыну Фэрнандэс дэ Кіршнэр быў здзейснены замах, калі яна вітала прыхільнікаў каля свайго дому, паведамляе партал «Clarin».

Скрыншот: Clarin.com

У момант нападу Кіршнэр выходзіла з аўтамабіля да прыхільнікаў пасля чарговага судовага слухання ў справе аб карупцыі – ёй пагражае 12 гадоў турмы.

Мужчына нацэліў пісталет ёй проста ў твар і націснуў на курок, аднак зброя заклінавала.

«Крыстына ўсё яшчэ жывая, бо з нейкай прычыны зброя не стрэліла, хоць спускавы кручок быў націснуты», – заявіў прэзідэнт Аргентыны Альбэрта Фэрнандэс, назваўшы замах «нападам на дэмакратыю».

Міністр нацыянальнай бяспекі Анібал Фэрнандэс паведаміў, што нападніка затрымалі. Ім выявіўся 35-гадовы грамадзянін Бразіліі Фэрнанду Андрэ Сабаг Мант’ел, які раней не меў праблемаў з законам. Яго дапытваюць, матывы невядомыя.

Прэзідэнт Аргентыны заявіў, што зброя была зараджаная пяццю кулямі, але дала асечку. Фэрнандэс назваў замах «самым сур’ёзным інцыдэнтам з моманту аднаўлення дэмакратыі» ў Аргентыне ў 1983 годзе. Пасля нападу на Кіршнэр ён абвясціў у Аргентыне выходны на знак яе падтрымання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў