Навошта Расеі «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях, і прычым тут ЦВК Беларусі?


Расейскія медыі пішуць, што Крэмль мае намер да канца года правесці на акупаваных тэрыторыях Украіны «рэферэндумы» аб далучэнні да Расеі. Паводле выдання «Insider», да арганізацыі псеўдарэферэндумаў плануецца таксама далучыць ЦВК Беларусі. Belsat.eu разбіраўся, навошта Расеі «рэферэндумы» і ці сапраўды ў гэтым можа паўдзельнічаць беларускі бок.

Чаму Крэмль імкнецца правесці рэферэндум

Дагэтуль у Еўропе легалізацыя захопу чужой тэрыторыі праз рэферэндумы адбывалася толькі двойчы: нацысцкай Нямеччынай у 1938 годзе ў Аўстрыі і пуцінскай Расеяй у 2014 годзе ў Крыме. Але і Гітлер у 1938-м, і Пуцін у 2014-м праводзілі свае «рэферэндумы» без вайны.

Анексія Крыму адбылася амаль бяскроўна. 27 лютага 2014 года расейскі спецназ захапіў будынкі дзяржаўных органаў Аўтаномнай Рэспублікі Крым у Сімферопалі. Пасля гэтага быў створаны марыянеткавы прарасейскі ўрад на чале з Сяргеем Аксёнавым, які незаконна прызначыў рэферэндум аб статусе Крыму і ўжо 16 сакавіка 2014 года адбылося «галасаванне». Украінская армія не надавала супраціву ў Крыме, а гібрыдная вайна на Данбасе на момант незаконнага рэферэндуму яшчэ не распачалася.

Экстранная эвакуацыя мірнага насельніцтва з Данецкай вобласці цягніком Пакроўск – Львоў. Пакроўск, Украіна. 5 жніўня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Цяперашнія планы анексіі Данбасу, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў плануецца рэалізаваць ва ўмовах баявых дзеянняў. А такога ў еўрапейскай гісторыі яшчэ наогул ніколі не было.

Імаверна, Крэмль мае тут як унутрыпалітычныя, так і вонкавапалітычныя мэты. З аднаго боку, імітацыя ўсенароднага падтрымання патрэбная расейскім уладам, каб апраўдаць вайну і захоп чужых тэрыторыяў у вачах уласнага грамадства. Акрамя таго, афіцыйнае далучэнне акупаваных тэрыторыяў да Расеі – гэта тое, што можна «прадаць» электарату ў якасці перамогі ў вайне.

З другога боку, Крэмль, відаць, захоча выкарыстаць анексію ўкраінскіх тэрыторыяў для шантажу і ўзмацнення сваіх пазіцыяў на перамовах. Масква будзе пагражаць Украіне і Захаду эскалацыяй ваенных дзеянняў, абгрунтоўваючы гэта тым, што цяпер любая спроба вызваліць Херсоншчыну або Запарожжа будзе расцэненая як агрэсія супраць Расеі. Тое самае Крэмль ужо даўно робіць у дачыненні Крыму: расейскія ўлады не раз намякалі, што гатовыя распачаць ядравую вайну ў выпадку нападу на анексаваную паўвыспу.

Праўда, апошні месяц паказаў, што такі шантаж ужо не надта працуе. У жніўні, нягледзячы на пагрозы, ЗСУ нанеслі серыю ўдараў па расейскіх вайсковых аб’ектаў у Крыме і да эскалацыі гэта не прывяло.

Аналітыка
Чаму ЗСУ наносіць удары па Крыме і чаго чакаць далей?
2022.08.19 19:53

Новыя тэрміны «рэферэндумаў»

Паводле «Медузы», Крэмль цяпер разглядае некалькі варыянтаў правядзення «рэферэндумаў». Першы варыянт – правесці ў верасні-кастрычніку «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях Запарожжа і Херсоншчыны, а позняй восенню ў «ЛНР» і «ДНР» (разлік на тое, што да канца восені расейская армія зможа захапіць увесь Данбас). Другі варыянт – гэта адначасовыя «рэферэндумы» на ўсіх акупаваных тэрыторыях, але не раней за канец восені. Праўда, гэта пакуль толькі планы, якія могуць быць змененыя праз сітуацыю на фронце. Такое ўжо здаралася: паводле інфармацыі медыяў, спачатку Масква разлічвала правесці «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях яшчэ ў траўні.

У Крамлі нават не хаваюць, што вынікі будучага галасавання ведаюць ужо цяпер.

«Я ведаю настроі людзей, бачу вынікі сацыялогіі і разумею, што рашэнне на рэферэндуме, які мае быць, вядома, будзе адназначным [на карысць далучэння да Расеі. – Заўв. belsat.eu]», – заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Кірыенка. Ён таксама паведаміў, што, паводле ягонай інфармацыі, у «ДНР» і «ЛНР» за далучэнне да РФ нібыта выступаюць 91–92 % насельніцтва, а ў Херсонскай вобласці і Запарожжы – 75–77 %.

Пры гэтым прадстаўнік Крамля не патлумачыў, адкуль узяліся гэтыя лічбы. Паводле «Медузы», закрытае сацыялагічнае апытанне, праведзенае ў пачатку жніўня на замову расейскіх уладаў, паказала, што нават з улікам фактару страху толькі 30 % жыхароў Запарожжа і Херсоншчыны могуць падтрымаць уваходжанне ў склад РФ. Але рэальныя лічбы, імаверна, яшчэ ніжэйшыя. Ніякіх незалежных сацыялагічных даследаванняў на акупаваных тэрыторыях не праводзілася.

31 жніўня выданне «Insider» апублікавала артыкул, дзе са спасылкай на ўрадавыя дакументы распавядаецца, што Крэмль ужо прыняў рашэнне аб далучэнні акупаваных украінскіх тэрыторыяў і ў верасні плануе завершыць рыхтаванне да «рэферэндуму». Дата правядзення плебісцыту пры гэтым яшчэ не вызначаная.

Паводле звестак «Insider», у «ДНР» выбарчыя камісіі плануецца размяшчаць у намётах і нават аўтобусах. Самі камісіі будуць фармавацца з «расейскіх гастралёраў»: расейскі ЦВК дэлегуе кіраўнікоў рэгіянальных выбарчых камісіяў, якія зробяцца кіраўнікамі камісіяў на акупаваных тэрыторыях. Але асноўную стаўку нібыта плануецца зрабіць на галасаванне ўцекачоў з Данбасу, якія цяпер на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Прычым тут Беларусь?

Ці сапраўды Беларусь можа быць уцягнутая ў правядзенне псеўдарэферэндумаў? Пакуль такі сцэнар выглядае даволі сумнеўна.

Па-першае, незразумела ў прынцыпе, на якой нават фармальнай падставе можа быць праведзенае такое галасаванне на тэрыторыі Беларусі. Звычайна арганізацыю галасавання на выбарах і рэферэндумах па-за межамі краіны бяруць на сябе дыпламатычныя прадстаўніцтвы, амбасады і консульствы, тэрыторыя якіх лічыцца суверэннай. Акурат там месцяцца выбарчыя камісіі, туды замежныя грамадзяне ідуць, каб аддаць свой голас. Але ў гэтым выпадку такое немагчыма. Украіна ніколі не прызнае рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях і ўкраінская амбасада не будзе ў гэтым удзельнічаць. «ДНР» і «ЛНР» афіцыйны Менск дагэтуль не прызнаў незалежнымі дзяржавамі, а значыць арганізоўваць галасаванне на тэрыторыі Беларусі яны таксама не могуць. То бок нават імітаваць законнасць працэдуры няма ніякага шанцу.

Пры гэтым важна разумець, што любыя рэферэндумы аб далучэнні да Расеі Данбасу, Херсонскай вобласці і Запарожжа былі б незаконныя нават у тым выпадку, калі б яны праводзіліся не ва ўмовах акупацыі ды ініцыяваліся законнымі ўладамі рэгіёнаў. Бо паводле арт. 73 украінскай Канстытуцыі пытанні аб зменах тэрыторыі Украіны могуць разглядацца толькі на агульнанацыянальных рэферэндумах.

Экстранная эвакуацыя мірнага насельніцтва з Данецкай вобласці цягніком Пакроўск – Львоў. Пакроўск, Украіна. 5 жніўня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Па-другое, паўстае пытанне, ці варта ў прынцыпе арганізоўваць галасаванне ў Беларусі. Беларусь – гэта найменш папулярны кірунак для ўцекачоў з Украіны. Паводле інфармацыі Памежнага камітэту, з 24 лютага да 26 жніўня 2022 года ў Беларусь уехалі ўсяго 48,5 тыс. украінскіх грамадзянаў. Гэта не значыць, што ўсе яны застаюцца ў Беларусі цяпер, не значыць, што яны прыехалі з акупаваных тэрыторыяў і, натуральна, не ўсе з іх дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Але ў любым выпадку маштабы вельмі сціплыя. Паводле дакументаў, якія атрымаў «Insider», агульная колькасць патэнцыйных выбарнікаў толькі ў Данецкай вобласці ацэньваецца прыкладна на 2 180 000 чалавек. Прыцягненне да ўдзелу ў псеўдарэферэндуме перасяленцаў, што прыехалі ў Беларусь, не дазволіць Крамлю ні высокай яўкі забяспечыць, ні стварыць імітацыі масавага падтрымання.

Вядома, ёсць тыя перасяленцы з Данбасу, якія трапілі ў Беларусь яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны. У сакавіку 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю японскаму тэлеканалу TBS, што агулам з 2014 года ў Беларусь прыехалі 200 тыс. украінцаў. Але ён такім чынам маніпуляцыйна паставіў знак роўнасці паміж паняццямі «прыехаў» і «пераехаў» (то бок застаўся жыць). Статыстыка наконт перасяленцаў з Данбасу, якія працяглы час жывуць у Беларусі, ніколі не агучвалася і не публікавалася ў адкрытых крыніцах. Але няма сумневаў, што гэтая лічба значна ніжэйшая за 200 тыс.

Экстранная эвакуацыя мірнага насельніцтва з Данецкай вобласці. Пакроўск, Украіна. 5 жніўня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Такім чынам, уцягванне ў арганізацыю псеўдарэферэндумаў беларускага ЦВК ніяк не дапаможа Крамлю легалізаваць анексію акупаваных тэрыторыяў Украіны. Такі крок можа мець сэнс, толькі калі мэтай была б эскалацыя напружанасці паміж Менскам і Кіевам. На міжнароднай арэне такая сітуацыя будзе адназначна ўспрынятая як яшчэ адна праява саўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі.

Пры гэтым застаецца незразумелым паходжанне «ўрадавага праекту», пра які піша «Insider». Выданне паказала толькі фрагменты прэзентацыі праекту, а не афіцыйны дакумент з подпісамі адказных асобаў. Хто распрацоўваў гэты праект і ці быў ён зацверджаны – невядома.

Цалкам магчыма, што ўдзел у псеўдарэферэндуме беларускага ЦВК – гэта проста адна са шматлікіх ідэяў, якія абмяркоўвалі ў Маскве. Паказальна, што ў траўні «Медуза» са спасылкаю на прадстаўнікоў расейскіх уладаў паведамляла, што ў Крамлі абмяркоўвалі ідэю адначасова правесці «рэферэндум» на акупаваных тэрыторыях Украіны ды плебісцыт пра «зліццё» Беларусі і Расеі. Але ў публікацыі за 1 верасня крыніцы «Медузы» нават у якасці тэарэтычнага варыянту такіх планаў не згадваюць. Не выключана, што гэтак сама забудзецца і ідэя прыцягнуць беларускі ЦВК да псеўдарэферэндумаў.

Аналітыка
Вялікае наступленне ці выведка боем? Што вядома пра аперацыю ЗСУ на поўдні
2022.09.01 13:35

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў