Міністры фінансаў G-7 дамовіліся абмежаваць цэны на расейскую нафту, у ЕЗ кажуць пра абмежаванне на газ


Міністры фінансаў краін «вялікай сямёркі» ўхвалілі абмежаванне цэнаў на расейскую нафту, перадае «Skynews». Пра неабходнасць такіх жа захадаў у дачыненні расейскага газу заявіла і старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Рашэнне аб абмежаванні цаны на расейскую нафту набудзе моц з 5 снежня 2022 году, на нафтапрадукты – з 5 лютага 2023 году.

«Мы скароцім магчымасці Пуціна фінансаваць сваю вайну за кошт экспарту нафты, забараніўшы такія паслугі, як страхаванне і фінансаванне судоў, якія перавозяць расейскую нафту вышэй за ўзгоднены ліміт цэнаў», – заявіў на сустрэчы міністраў фінансаў краін «вялікай сямёркі» канцлер скарбніцы Вялікай Брытаніі Надхім Захаві.

Ён падкрэсліў, што краіны G-7 зробяць усё магчымае, «каб падтрымаць Украіну ў яе барацьбе за суверэнітэт, дэмакратыю і свабоду».

Hавiны
Беларусь страціць да $14 мільярдаў без экспарту ў Еўразвяз. Расея гатовая кампенсаваць большую частку
2022.08.25 21:32

Напярэдадні Расея засцерагла Захад, што наагул не будзе пастаўляць нафту краінам, якія абмяжуюць кошты на яе.

2 верасня пра абмежаванне цэнаў выказалася і кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, але гаворка была пра расейскі газ.

«Я цвёрда перакананая, што надышоў час абмежаваць цэны на расейскі трубаправодны газ у Еўропу», – сказала ў кулуарах сустрэчы нямецкіх кансерватыўных заканадаўцаў у горадзе Мурнау Урзуля фон дэр Ляен.

Яна зазначыла, што верхняя мяжа цаны патрэбная, каб «даць адпор спробам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна маніпуляваць еўрапейскім энергетычным рынкам». Мяжа можа быць прапанаваная на ўзроўні кіраўніцтва валютнага блоку, удакладніла старшыня Еўракамісіі.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў