Цытавала Бахарэвіча па-беларуску, казала пра маральны выбар і сумленне. Апошняе слова Калеснікавай


Марыя Калеснікава і Максім Знак выступілі з апошнім словам у судзе 31 жніўня. Паседжанне было закрытым, адвакаты – пад падпіскай аб неразгалашэнні. Тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі распавёў, што атрымалася даведацца пра апошняе слова прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады.

Марыя Калеснікава распачала выступ на беларускай мове, з урыўку з твору пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, які ёй нехта даслаў у лісце. Далей Марыя зазначыла, што працэс над ёй і Максімам гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэнне.

Аб’ектыў
Закрыты суд над Калеснікавай і Знакам
2021.08.04 23:03

Калеснікава казала пра маральны выбар, сумленне, павагу і любоў да людзей. Пра тое, што нельга ігнараваць тое, што напісана ў Канстытуцыі.

Марыя падзякавала ўсім адвакатам, якія былі пазбаўленыя права на прафесію падчас гэтага працэсу, і скончыла свой выступ словамі пра будучыню Беларусі.

Артыкулы
Пракурор запатрабаваў тэрмін для Знака і Калеснікавай, але адвакат не можа распавесці нават пра гэта
2021.08.30 16:27

Суд некалькі разоў перабіваў Калеснікаву падчас апошняга слова, бо лічыў, што ейныя выказванні не датычаць справы, зазначае «Радыё Свабода». Аднак палітык сказала ўсё, што хацела.

Марыя Калеснікава і Максім Знак знаходзяцца пад вартай з верасня 2020 году. Суд над імі распачаўся 4 жніўня, праходзіў у закрытым рэжыме. Абодвух абвінавачваюць у:

  • закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь
  • змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам
  • стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім.

Прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку вынесуць 6 верасня а 12.00 у судзе Менскага раёну па адрасе: г.Менск, вул.Маякоўскага, 119а. Пракурор запрасіў для абодвух па 12 гадоў пазбаўлення волі.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў