Тры гады «хатняй хіміі» запрасіў пракурор для пенсіянеркі з Берасця за абразу Лукашэнкі


Працэс над 64-гадовай Аленай Гнаўк распачаўся 2 верасня, у судзе Ленінскага раёну Берасця, і будзе нядоўгім. Ужо 3 верасня, а 15:00 прагучыць прысуд.

Алена Гнаўк.
Фота: belsat.eu

Увесну бягучага году спадарыню Алену судзілі ў так званай «карагоднай справе». Жанчына не хавала, што лічыць увесь гэты працэс сфабрыкаваным, палітычна матываваным, адкрыта заяўляла, што галасы на выбарах скрадзеныя, што людзі маюць права на мірны пратэст, а Аляксандр Лукашэнка незаконна займае пасаду прэзідэнта.

Па «карагоднай справе» за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ) пракурор Андрэй Бараноўскі запрасіў для Гнаўк два гады «хатняй хіміі», а суддзя Іна Клышпач столькі і прысудзіла.

Артыкулы
На ўжо асуджаную за карагод пенсіянерку з Берасця завялі справу за «абразу» Лукашэнкі
2021.07.23 22:14

Новую крымінальную справу паводле арт. 368 – «Абраза прэзідэнта» – ініцыяваў таксама пракурор Бараноўскі.

У матэрыяле новай справы супраць Гнаўк напісана, што яна ў Доме правасуддзя сказала фразу, якая змяшчае негатыўную ацэнку, чым публічна абразіла дзейнага прэзідэнта.

Спадарыня Алена кажа, што ніякага складу злачынства з ейнага боку не было, яна проста некарэктна выказалася пра Лукашэнку, але без абразы.

19 жніўня жанчыну выклікалі ў Ленінскі РАУС, затрымалі, і адправілі ў ІЧУ, але, як аказалася, паводле адміністратыўнай справы, закінуўшы ёй «дэманстрацыю экстрэмісцкай літаратуры» падчас працэсу ў «карагоднай справе».

– Калі па патрабаванні суддзі я прынесла матэрыялы, якія мяне характарызуюць, сярод іх была мая кніга «Асобная думка хрысціянкі», якая ў 2011 годзе судом Берасцейскага раёну была прызнаная экстрэмісцай. Мне няёмка было дэманстраваць свае граматы, я і прынесла ўсе свае кнігі, у тым ліку і гэтую, каб у суда была поўная карціна таго, хто перад імі, – распавяла Гнаўк.

Адміністратыўны працэс за дэманстрацыю кнігі зыніцыяваў ізноў жа Андрэй Бараноўскі. Але суддзя Зміцер Куроўскі адправіў справу на дапрацоўку. Той жа Куроўскі вынесе Гнаўк прысуд за «абразу прэзідэнта».

– Я думаю, пракурор Бараноўскі проста пакрыўдзіўся, яму непрыемна чуць праўду пра сябе і свайго гаспадара, таму і з’явілася новая крымінальная справа на мяне, – кажа Алена Гнаўк у размове з журналістам «Белсату».

Беларус беларусу
«Багінская з Берасцейшчыны», печ і беларуская салідарнасць
2021.08.18 13:50

Спадарыня Алена зазначае, што крымінальнай справай яе не спалохаць.

Пракурор Міхаіл Булыгін запрасіў для жанчыны тры гады «хатняй хіміі». Фактычна да існага тэрміну 64-гадовай жанчыне могуць дадаць яшчэ год.

– Для мне не мае значэння, колькі яны мне дадуць. Веру ў змены ў нашай краіне, бо нельга перамагчы праўду, – падводзіць рысу Алена Гнаўк.

АС, belsat.eu

 

Стужка навінаў