Муж Паліны Шарэнды-Панасюк: ужо амаль месяц няма ніякай інфармацыі ад жонкі


Андрэй Шарэнда.
Фота: Белсат

Андрэй Шарэнда распавёў, што ён звяртаецца да ўсіх, хто нейкім чынам можа паўплываць на сітуацыю, але ўжо амаль месяц ад Паліны няма ніякіх навінаў.

Зразумела, што спадар б’е трывогу.

«Паліна знікла, і з ёй няма ніякай сувязі. 12 жніўня маці Паліны прыйшоў ліст з гомельскай жаночай калоніі, у якім было напісана, што Паліна Шарэнда-Панасюк 8 жніўня прыбыла да іх у калонію. Ліст утрымліваў інфармацыю, колькі ёй можна перадач, колькі спатканняў. Але ад яе няма ніводнага ліста, яна дагэтуль не напісала заяву, каб да яе мог трапіць адвакат», – распавядае Андрэй Шарэнда.

Паколькі няма ліста з заявай на дапамогу адваката, то няма і ніякай інфармацыі ад Паліны. Сямʼя не ведае прычыны, чаму яна не звярнулася да адваката, і не ведае, ці атрымлівае яна лісты і пасылкі ды што ўвогуле з ёй адбываюцца.

Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі з СІЗА № 7 у гомельскую жаночую калонію. Пра гэта паведаміў ейны муж Андрэй Шарэнда.

Шарэнду-Панасюк абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

У чэрвені Паліну асудзілі на 2 гады зняволення.

Сваёй віны жанчына не прызнае і лічыць сябе захопленай у палон. Маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей прызналі палітзняволенаю.

Пасля прысуду Андрэя Шарэнду таксама абвінавацілі ў двух крымінальных справах: арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы») і арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»).

28 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця меў пачацца працэс над Андрэем, які 31 траўня быў змешчаны пад хатні арышт. Але на суд ён не з’явіўся, таму суддзя Філонік абвесціла Андрэя Шарэнду ў вышук. Праваабаронцам стала вядома, што Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь.

Hавiны
Вырак палітзняволенай Шарэндзе-Панасюк пакінулі без зменаў
2021.07.27 14:28

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў