Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 2 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Уначы 2 жніўня расейскія вайскоўцы абстралялі Мікалаеў.
Фота: suspilnemykolaiv/Telegram

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 160 дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 41 170 чалавек забітымі. 

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Адзначаецца, што захоўваецца пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі. 

На сіверскім кірунку расейцы абстралялі ваколіцы населенага пункту Міхальчына Слабада на Чарнігаўшчыне. Разам з тым вораг працягвае праводзіць паветраную выведку ў памежных раёнах Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў.

На суседнім харкаўскім кірунку расейцы намагаліся прасунуцца наперад асобнымі падраздзяленнямі ў ваколіцах населеных пунктаў Байрак і Дзяменціеўка, але былі спыненыя ўкраінскімі сіламі.

Акрамя гэтага вораг абстраляў з артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Харкаў, Чугуеў, Пратапопаўка, Гусараўка, Чаркаскія Цішкі, Пятроўка і Ртышчаўка. Варожы авіяўдар прыйшоўся па ваколіцах Верхняга Салтава.

На славянскім кірунку абстрэлы былі зафіксаваныя каля Курулькі, Грушувахі, Чэпілю, Карнавухаўкі, Даліны і Барвінкава.

На краматорскім кірунку праціўнік праводзіў штурмавыя дзеянні каля Івана-Дар’еўкі, але поспеху не меў ды адступіў на старыя пазіцыі. Таксама былі здзейсненыя абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў каля Серабранкі, Сіверску, Званаўкі і Данецкага.

На суседнім бахмуцкім кірунку штурмавыя дзеянні акупантаў у бок населеных пунктаў Якаўлеўка, Вяршына, Кодзема і Траўневае былі адбітыя ЗСУ. Цяпер расейцы праводзяць наступ у бок Бахмуту і Зайцава, баявыя дзеянні працягваюцца.

Таксама праціўнік абстраляў з артылерыі ваколіцы населеных пунктаў Якаўлеўка, Салядар, Бахмут, Кодзема, Семігор’е, Траўневае і Зайцава. Авіяўдары былі нанесеныя па тэрыторыях каля Салядару, Якаўлеўкі, Семігор’я, Пакроўскага і Белагораўкі.

Hавiны
Расейскія вайскоўцы, якіх арыштавалі за адмову ваяваць супраць Украіны, звярнуліся ў Следчы камітэт
2022.08.02 08:42

На аўдзееўскім кірунку расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні ў бок самой Аўдзееўкі, але поспеху не мелі ды адышлі. Цяпер працягваюцца баі каля населенага пункту Піскі. Таксама расейцы абстралялі тэрыторыі каля Аўдзееўкі, Нятайлава і Нью-Ёрку, нанеслі авіяўдары па ваколіцах Новабахмутаўкі, Аўдзееўкі і Краснагораўкі.

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках расейцы прасоўваліся з дапамогаю выведнай групы каля населенага пункту Новапаль, але былі выяўленыя ЗСУ і знішчаныя. Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Мар’інка, Касцянцінаўка, Навасёлка, Паўлаўка, Чароўнае і Малая Такмачка.

На паўднёвабужскім кірунку асноўныя намаганні расейцаў былі засяроджаныя на ўтрыманні занятых пазіцыяў і недапушчэнні прарыву ўкраінскіх войскаў. Штурмавыя дзеянні акупантаў праводзіліся толькі ў ваколіцах населенага пункту Трудалюбаўка, але не мелі поспеху.

Былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) у сваім тэлеграм-канале заявіў, што на Херсонскім фронце ЗСУ паступова пашыраюць і ўмацоўваюць плацдармы каля Андрэеўкі і Лазавога.  

Таксама цягам апошніх содняў расейцы абстралялі ваколіцы Мікалаева, Трудалюбаўкі, Токарава, Таполінага, Князеўкі, Асакораўкі, Апосталава, Івананаўкі, Пасад-Пакроўкага, Новагрыгораўкі, Кобзарцаў, Шырокага і Андрэеўкі.

Варожая карабельная групоўка ў акваторыях Чорнага і Азоўскага мораў асноўныя намаганні засяроджвае на вядзенні выведкі, блакаванні цывільнага марскога транспарту і нанясенні ўдараў па аб’ектах углыб Украіны.

Амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW) паведаміў, што Расея працягвае перакідаць свае войскі з паўночнай часткі Данецкай вобласці на поўдзень Украіны. Адзначаецца, што такія перамяшчэнні памяншаюць магутнасць расейскай групоўкі пад Славянскам, што можа стварыць умовы для контрнаступу ЗСУ на горад Ізюм.

Перамяшчэнне расейскіх войскаў у Запарожскую вобласць прыводзіць да высновы, што ўкраінскі контрнаступ на поўдні не абмяжуецца адной Херсонскай вобласцю, а, верагодна, будзе праходзіць па ўсім паўднёвым фронце. 

Лета ў «Аб’ектыве»
30 % шматпавярховікаў у Ірпіні пойдзе пад знос
2022.08.02 15:13

Тым часам у Данецкай вобласці распачалася абавязковая эвакуацыя цывільнага насельніцтва. Некалькі дзён таму яе анансавала віцэ-прэм’ерка Украіны Ірына Верашчук. Сёння першы эвакуацыйны цягнік з Данецкай вобласці прыехаў у Крапіўніцкі. Верашчук напісала, што ўсіх, хто выехаў на ім, размесцяць для часовага пражывання. 

Генпракурор Украіны Андрэй Косцін паведаміў, што паводле папярэдніх дадзеных міжнародных экспертаў, украінскія ваеннапалонныя ў калоніі акупаванай Аленаўкі былі забітыя з дапамогай тэрмабарычнай зброі. Косцін заявіў, што гэта таксама пацвярджаецца той інфармацыяй, якую зараз прапрацоўваюць органы дасудовага расследавання пад працэсуальным кіраўніцтвам пракурораў Офісу генпракурора.

Нагадаем, 30 ліпеня Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў калоніі ў Аленаўцы на тэрыторыі так званай ДНР загінулі 50 украінскіх ваеннапалонных, параненыя – 73. Расея сцвярджае, што гэта ахвяры ракетнага ўдару ўкраінскіх войскаў, які быў нанесены 29 ліпеня. Кіеў абвяргае факт абстрэлу.

Вярхоўны суд РФ вынес пастанову аб прызнанні батальёну «Азоў» тэрарыстычнай арганізацыяй. Дзейнасць «Азова» на тэрыторыі Расеі забароненая.

У сваю чаргу батальён «Азоў» выступіў з заявай, у якой заклікаў Дзярждэп ЗША і ўпаўнаважаныя органы іншых цывілізаваных дзяржаваў прызнаць РФ дзяржаваю-тэрарыстам.

Між тым афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава папярэдзіла ЗША аб разрыве дыпламатычных адносінаў у выпадку прызнання РФ краінай-спонсарам тэрарызму. 

BK belsat.eu

Стужка навінаў