Два Кітаі: ад халоднага міру да магчымай вайны


Армія і ўлады Кітайскай Народнай Рэспублікі адкрыта пагражаюць ЗША на фоне візіту спікеркі ніжняй палаты амерыканскага парламенту Нэнсі Пэлоўсі на Тайвань, які Пекін лічыць часткаю сваёй тэрыторыі. Узброеныя сілы КНР пачалі вучэнні ў Паўднёва-Кітайскім моры, а кітайскія дзяржаўныя медыі нават прапанавалі ўладам КНР збіць самалёт з Пэлоўсі, калі яна прыбудзе на Тайвань.

Што дае нагоду КНР так рэзка рэагаваць на магчымасць візіту трэцяй асобы ў амерыканскай уладнай іерархіі? Чым адметны статус сучаснага Тайваню?

Hавiны
Борт з Нэнсі Пэлоўсі прызямліўся ў аэрапорце Тайваню
2022.08.02 19:12

Што такое Тайвань і пры чым тут Кітай?

Выспа Тайвань – даволі вялікае ўтварэнне ў Ціхім акіяне паміж асноўнаю тэрыторыяй Кітаю, Японіяй і Філіпінамі. Тэрыторыя выспы складае 35 808 квадратных кіламетраў.

Тайвань быў улучаны ў склад Кітаю ў ХІІ стагоддзі, пазней пачалася паступовая міграцыя кітайцаў на выспу, а мясцовае аўтахтоннае насельніцтва паступова зрабілася меншасцю. Першымі еўрапейцамі на выспе былі ў XVI стагоддзі партугальцы, якія далі Тайваню сваю назву – Фармоза («прыгожая»). У XVIІ стагоддзі выспа была часткова пад каланіяльнай уладай Нідэрландаў і Іспаніі.

Тайвань на мапе 1896 года. Крыніца: Scottish Geographical Magazine

У 1895 годзе ў выніку японска-кітайскай вайны выспа перайшла пад уладу Японіі, а пасля яе капітуляцыі ў 1945-м  была вернута Кітайскай Рэспубліцы.

Грамадзянская вайна

Аднак яшчэ за 20 гадоў да таго, як Тайвань ізноў зрабіўся кітайскім, у мацерыковым Кітаі пачалася доўгая і крывавая грамадзянская вайна – змаганне паміж урадавымі войскамі міжнародна прызнанай Кітайскай Рэспублікі (КР) і войскамі Кітайскай кампартыі ў 1927–49 гадах. Перапынак у вайне пачаўся ў 1936-м, калі абодва бакі дамовіліся пра замірэнне, каб ваяваць супраць японскіх акупантаў. Аднак як толькі Японія пакінула Кітай, міжусобная барацьба аднавілася з яшчэ большаю сілаю.

Генерал Цзян Цзе Шы, лідар некамуністычнага Кітаю, прэзідэнт КР да 1975 года.
Фота: wikipedia.org

У гэты час кітайскія камуністы, якіх моцна падтрымліваў СССР, карысталіся ўжо заўважнаю перавагаю.

Апошняю тэрыторыяй пад кантролем урадавых войскаў быў паўднёва-ўсходні Кітай, аднак і там утрымацца было цяжка. Таму ўжо ў 1948 годзе пачалося частковае перанясенне функцыяў сталіцы некамуністычнага Кітаю на выспу Тайвань. У 1949-м камуністычныя войскі ўвайшлі ў сталіцу краіны – Нань-Цзін – і працягвалі наступ.

Самалётамі і караблямі на Тайвань выправіліся некалькі мільёнаў чалавек – дзяржаўныя службоўцы, вайскоўцы, цывільныя. Гэтак утварыліся два Кітаі – камуністычная КНР і некамуністычная Кітайская Рэспубліка на выспе Тайвань. І яшчэ 167 невялічкіх выспаў вакол яе.

Халодны мір ці халодная вайна

Кітайская Рэспубліка мае 23,5 мільёна жыхароў, пабудавала высокатэхналагічную прамысловасць і ёсць адным з лідараў у свеце паводле шчыльнасці насельніцтва. Афіцыйнаю сталіцаю Кітайскай Рэспублікі так і застаўся Нань-Цзін, аднак часова (ужо больш за 70 гадоў) сталіцу перанеслі ў тайваньскі горад Тайбэй.

На Тайвані ўлады КР атрымалі амерыканскую вайсковую падтрымку, паступова перайшлі да дэмакратыі. Фармальна Кітайская Рэспубліка не супраць аб’яднання з КНР, аднак у самым Тайвані розныя партыі выступаюць альбо за дэмакратызацыю КНР як перадумову, альбо ўвогуле за абвяшчэнне незалежнасці пад назваю Рэспубліка Тайвань.

Да 1970-х гадоў менавіта Кітайская Рэспубліка мела прызнанне ААН і пераважнай большасці краінаў свету як законная кітайская дзяржава. Цяпер яе вызнаюць 14 з 193 сябраў ААН.

КНР жа патрабуе, каб усе прызналі права камуністаў на ўладу на Тайвані, а таксама пагражае разрывам стасункаў з любою краінай, якая прызнае Тайвань. Каб абысці гэтае патрабаванне, Тайвань у большасці краінаў свету стварыў Прадстаўніцтвы Тайваню ў пытаннях культуры і эканомікі. Гэтыя прадстаўніцтвы паводле дыяпазону абавязкаў і пытанняў, што там разглядаюцца, падобны да дыпламатычных пасольстваў. А ў 25 краінах свету месцяцца афіцыйныя амбасады Тайваню.

«Абʼяднанне» праз вайну?

КНР не выключае правядзення ваеннай аперацыі для захопу Тайваню. Аднак гэтая аперацыя выглядае малаімавернай ва ўмовах наяўнасці моцнага і сучаснага войска КР, а таксама слабасці кітайскага флоту ў параўнанні з амерыканскім флотам у Ціхім акіяне.

Ракетную сістэму залпавага агню «Thunderbolt-2000» распрацавалі на Тайвані адмыслова для абстрэлу берагоў у выпадку высадкі войска КНР.
Фота: wikipedia.org

Візіт Нэнсі Пэлоўсі можа зрабіцца першым наведаннем Тайваню амерыканскім урадоўцам такога ўзроўню за апошнія 25 гадоў. І вострая рэакцыя КНР на такі візіт можа адлюстроўваць большую ўпэўненасць Пекіну ў сваіх сілах – як эканамічных, гэтак і вайсковых.

З іншага боку, не адмовіцца ад візіту пасля пагрозаў з боку Пекіну цяпер для Вашынгтону робіцца справай, якая будзе мець наступствы як ва ўнутранай палітыцы, гэтак і ўва ўсім свеце. У першым выпадку кіроўная Дэмакратычная партыя ЗША трапіць пад крытыку прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі, а ў другім адмова ад візіту будзе азначаць, што кіраўніцтва ЗША адступіла перад пагрозамі.

РЛ belsat.eu

 

Стужка навінаў