Борт з Нэнсі Пэлоўсі прызямліўся ў аэрапорце Тайваню


Самалёт спікеркі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі прызямліўся ў аэрапорце «Сунь-Шан» Тайбэю ў Тайвані.

Скрыншот з відэа: T13/Youtube

Нэнсі Пэлоўсі, якая прыбыла на Тайвань, заявіла, што ейны візіт ёсць «сведчаннем прыхільнасці ЗША ды падтрымання тайваньскай дэмакратыі». У заяве, распаўсюджанай ейнаю прэс-службаю, спікерка падкрэсліла, што ейны візіт на Тайвань не супярэчыць палітыцы ЗША ў дачыненні Кітаю.

Аналітыка
Два Кітаі: ад халоднага міру да магчымай вайны
2022.08.02 19:21

Таксама Пэлоўсі заявіла, што ЗША працягваюць выступаць супраць аднабаковых спробаў «змяніць статус-кво» ў пытанні Тайваню.

МЗС Кітаю ўжо зрабіла заяву наконт візіту Пэлоўсі на Тайвань, выказаўшы пратэст і асуджэнне. У Кітаі заявілі, што гэта сур’ёзна парушае прынцып «аднаго Кітаю» і палажэнні кітайска-амерыканскіх стасункаў.

«У адказ на візіт Пэлоўсі на Тайвань мы зорбім усе неабходныя захады для абароны дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, адказнасць за наступствы будзе ляжаць на ЗША і Тайбэі», – паведамілі ў МЗС Кітаю.

Таксама Кітай заявіў, што з 4 да 7 жніўня правядзе вайсковыя вучэнні ў шасці раёнах вакол Тайваню.

Мапа вайсковых вучэнняў Кітаю вакол Тайваню. Крыніца: xinhuanet.com

Пасля таго як стала вядома, што самалёт з Нэнсі Пэлоўсі ўзяў курс на Тайвань, паветраныя сілы Кітаю накіравалі знішчальнікі Су-35 у Тайваньскую пратоку. У адказ на гэта дзясяткі знішчальнікаў ВПС ЗША былі паднятыя з базаў у Японіі курсам на Тайвань.

Паведамляюць, што ва Усходнім Кітаі абвесцілі паветраную трывогу, а тайваньскае тэлебачанне паведаміла пра ўвядзенне ў краіне другога ўзроўню трывогі.

Таксама паведамляюць пра паветраны бой паміж самалётамі ВПС Тайваню і Кітаю ў Тайваньскай пратоцы. Нібыта тайваньскі самалёт адкрыў папераджальны агонь. Інфармацыя не пацверджаная.

Раней Кітай назваў магчымы візіт прадстаўніцы ЗША ў Тайвань «парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Кітаю» ды прыгразіў сур’ёзнымі наступствамі.

Hавiны
Армія і ўлады Кітаю пагражаюць ЗША. А прапаганда прапануе збіць самалёт з Пэлоўсі
2022.07.30 09:24

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў