Знік кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў


Сёння раніцаю кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў выйшаў на штодзённую прабежку і не вярнуўся, паведамляе тэлеграм-канал дыяспары.

Кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў.
Фота: beldomua / Telegram

Паведамляецца, што з ягонага нумара было зроблена некалькі так званых «глушцоў», аднак цяпер звязацца з ім немагчыма.Больш на сувязь ён не выходзіў. У гэты момант паліцыя вядзе пошукі. Ніякіх слядоў Віталя пакуль не знайшлі.

Знаёмыя Віталя Шышова распавялі «Белсату», што раней за ім ужо сачылі невядомыя падчас прабежак. Таксама да яго і да ягонай дзяўчыны падыходзілі падазроныя людзі, спрабавалі размаўляць.

Як паведамляла раней у гэтым годзе «Радыё Свабода», паводле дакументаў, прадстаўленых у Міністэрства юстыцыі Украіны, Віталь Шышоў з’яўляецца заснавальнікам зарэгістраванай там грамадскай арганізацыі пад назвай «Беларускі дом у Украіне». Аднак журналісты Свабоды падкрэслілі, што першапачаткова гэтая структура была звязана з Сяргеем Кароткім – беларусам, які ваяваў на Данбасе ў складзе дабравольніцкага батальёна «Азоў», а затым атрымаў украінскае грамадзянства.

Ва Украіне ёсць яшчэ некалькі арганізацый з такім жа або адной назвай, але кіруюцца рознымі коламі: антыкрызісны цэнтр «Беларускі дом», Дабрачынны фонд «Беларускі дом у Украіне» і нефармальная грамадская ініцыятыва «Беларускі дом у Украіне».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў