Журналіста Сяргея Гардзіевіча пакаралі паўтара гадамі калоніі за «абразу Лукашэнкі»


Вырак журналісту сайту «Першы рэгіён» Сяргею Гардзіевічу агучылі сёння ў судзе Іванаўскага раёну. Прысуд двойчы адкладвалі, у тым ліку таму, што падсудны страчваў прытомнасць, паведамляе сайт «Першы рэгіён».

Журналіст Сяргей Гардзіевіч.
Фота: 1reg.by

50-гадовага мужчыну абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і паклёпе на яго, а таксама ў абразе двух міліцыянтаў у чаце аднаго з тэлеграм-каналаў.

У выніку суд прызнаў Гардзіевіча вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Сяргея ўзялі пад варту ў судзе, таму ён зноў лічыцца палітвязнем. Таксама ў тэрмін залічылі некалькі дзён затрымання і тэрмін хатняга арышту ў снежні – красавіку.

Акрамя таго, суд цалкам задаволіў пазовы пацярпелых міліцыянераў Ківеля і Чарнышкова аб спагнанні па 2 тысячы рублёў маральнай шкоды кожнаму. А таксама дзяржмыта памерам 174 рублі.

Мабільны тэлефон Гардзіевіча сканфіскаваны ва ўласнасць дзяржавы.

Hавiны
Журналіст, які цяпер пад хатнім арыштам, звярнуўся да следчых: у сацсетках з’явіліся допісы ад ягонага імя
2021.02.21 15:44

АД, belsat.eu

Стужка навінаў