Урад Японіі, Аргкамітэт Алімпіяды і МАК вывучаюць, чаму хацелі вывезці Ціманоўскую


Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская.
Фота: LUCY NICHOLSON / Reuters / Forum

Аргкамітэт Алімпіяды ў Токіа і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) вывучаюць сітуацыю са спробай вывазу беларускай спартсменкі Крысціны Ціманоўскай з Японіі. Пра гэта паведамілі ТАСС у МЗС Японіі.

«Арганізацыйны камітэт Гульняў, МАК і іншыя адказныя арганізацыі цяпер прымаюць шэраг захадаў, уключаючы пацверджанне асабістых намераў гэтага чалавека. Мы ведаем, што Ціманоўская знаходзіцца ў бяспецы. Яна супрацоўнічае з адказнымі органамі і вядзе з імі абмеркаванне. Урад Японіі таксама са свайго боку супрацоўнічае з гэтымі зацікаўленымі арганізацыямі і працягне прымаць належныя меры ў будучыні», – адзначылі ў ведамстве.

Генеральны сакратар кабінета міністраў Кацунобу Ката таксама пацвердзіў, што ўрад Японіі займаецца сітуацыяй з беларускай спартсменкай. Ён паабяцаў «рэагаваць на сітуацыю належным чынам».

Hавiны
Гвалтоўная высылка з Токіа Крысціны Ціманоўскай: што вядома на вечар нядзелі, 1 жніўня
2021.08.02 00:00

У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Марк Адамс заявіў, што арганізацыя пакуль не будзе ўжываць санкцыі да НАК Беларусі да атрымання поўнай карціны ў гэтай справе.

«Усё адбылося толькі 10-11 гадзін таму, таму галоўнае, што нам трэба было зрабіць – пераканацца, што з ёй усё добра, спытаць, што ёй неабходна, высветліць, хто з ёй, што здарылася. Прагучала шмат абвінавачванняў, і яны працягваюць гучаць, таму нам спачатку трэба зразумець, што адбываецца, нам трэба атрымаць поўную карціну таго, што адбываецца. Выкраданне? Яна мела зносіны з паліцыяй у аэрапорце. Калі ў гэтай справе ёсць крымінальнае адценне, то гэта справа паліцыі», – сказаў Адамс.

Паводле яго, у НАК Беларусі папрасілі даць поўную справаздачу, каб пасля яе атрымання «вывучаць гэтае пытанне на прадмет таго, ці павінны быць прыняты якія-небудзь дзеянні».

Сама Крысціна Ціманоўская правяла ноч у гатэлі, размешчаным у такійскім аэрапорце Ханэда.

«Яна правяла ноч у гатэлі пры аэрапорце ў бяспечнай і абароненай абстаноўцы», – адзначыў Адамс, дадаўшы, што прадстаўнікі МАК змаглі асабіста пагутарыць з Ціманоўскай.

Hавiны
Гэта чарговы санкцыйны кейс. Выканаўчы дырэктар BSSF – пра сітуацыю з Ціманоўскай
2021.08.01 22:58

Нагадаем, што скандал са спробай гвалтоўна вывезці з Токіа бягунню Крысціну Ціманоўскую можа прынесці Беларусі новыя санкцыі, а ў беларускім спорце не варта чакаць значных перамог, пакуль не будзе нармальнай палітычнай сітуацыі. Гэтак лічыць выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў