Спецслужбы праслухоўвалі тэлефон Сцяпана Латыпава за тры месяца да яго затрымання


Спецслужбы праслухоўвалі тэлефон Сцяпана Латыпава з чэрвеня 2020 года. Гэта стала вядома 2 жніўня, падчас разгляду крымінальнай справы супраць палітзняволенага жыхара плошчы Пераменаў, які праходзіў у судзе Савецкага раёну Менску, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сцяпан Латыпаў раздае кветкі дзяўчынам, якія стаяць у ланцугу салідарнасці. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: Violetta Savchits / Facebook

29 ліпеня пасля абеду і 30 ліпеня працэс не адбыўся з прычыне дрэннага стану здароўя палітвязня. 2 жніўня суд працягвае вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы. Цяпер вывучаецца другі том. Усяго ў справе 12 тамоў.

На паседжанні памочнік пракурора Уладзімір Рабаў агучыў стэнаграмы тэлефонных размоваў палітвязня, якія былі атрыманыя падчас праслухоўвання, якое спецслужбы вялі з чэрвеня 2020 года. Адвакатка на судзе звярнула ўвагу, што дакументы, якія агучваюцца, працэсуальна не аформленыя належным чынам: у іх няма назвы, яны не з’яўляюцца пратаколамі. Але суддзя сказаў, каб адвакатка агучыла гэта ў спрэчках бакоў.

Артыкулы
Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда
2021.06.01 15:47

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі пераменаў». Пасля гэтага дзверы ў кватэру ўзламалі, зладзілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Латыпаву выставілі абвінавачанне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 і ч. 2 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 2 арт. 363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных справаў») і ч. 4 арт. 209 («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»).

Падчас судовага паседжання 1 чэрвеня палітзняволены паспрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда. Перад гэтым ён заявіў пра катаванні з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКу і пагрозы сваякам. З залы суда Латыпава забрала хуткая, а пасля аперацыі ў той жа вечар яго перавезлі ў СІЗА. Працэс над ім аднавіўся 27 ліпеня, пасля правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы.

Артыкулы
«ByPol» распавёў, хто ўдзельнічаў у затрыманні і катаваннях Сцяпана Латыпава
2021.07.14 11:05

АД, belsat.eu

Стужка навінаў