Што будзе з беларускім НАК за скандал з Ціманоўскай?


Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль вывучае сітуацыю са спробай прымусовага вывазу з Алімпіяды ў Токіа беларускай атлеткі. Але ўжо цяпер можна ўявіць, чым гэтая гісторыя пагражае беларускаму спорту.

Дзмітрый Навоша, медыяменеджар і сузаснавальнік Sports.ru і Tribuna.com.
Фота: радыё «Свабода»

Сітуацыю вакол Крысціны Ціманоўскай «Белсату» пракаментаваў медыяменеджар, сузаснавальнік парталаў Sports.ru і Tribuna.com Дзмітрый Навоша. У Беларусі сайт «Трыбуны» заблакаваны са жніўня 2020 года, а Sports.ru заблакавалі ў траўні 2021-га.

Hавiны
Атлетка Ціманоўская мае зляцець у Польшчу ўжо 4 жніўня. Як яна трымаецца?
2021.08.02 14:44

Чаму ўсё не вырашылася «мірна»?

Ці не маглі б беларускія чыноўнікі ціха зняць Ціманоўскую са спаборніцтваў і спаслацца на тое, што яна «сама не захацела выконваць указанні трэнера»?

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіа, 1 жніўня 2021 г.
Фота: ISSEI KATO / Reuters / Forum

Спартоўка не адмаўлялася ад выступу, яна толькі выказалася аб памылках спартовых функцыянераў і намеры «прыкрыць свае касякі за чужы кошт». Пры тым Ціманоўскай нават не спрабавалі нешта патлумачыць, не адказвалі на паведамленні.

«Істэрычная рэакцыя прапаганды на каментар Ціманоўскай паказвае негатовасць вертыкалі да любой крытыкі, нават ніяк не звязанай з палітыкай, – мяркуе Навоша. – У цяперашняй, тэрмінальнай стадыі рэжыму гэта будуць адчуваць на сабе многія беларусы – у тым ліку тыя, хто максімальна ўхіляецца ад выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі або наогул зстаецца ахвярай прапаганды і падтрымлівае Лукашэнку».

Ён адзначае, што на аўдыя, якое выклала Ціманоўская, чыноўнікі пастаянна кажуць ёй «змірыцца» і «падпарадкавацца». Гэтага сістэма цяпер будзе патрабаваць ад усіх і «будзе трактаваць як нелаяльнасць або нават злачынства любую наяўнасць уласнага меркавання».

Ці будуць санкцыі або пакаранне Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту?

Пакуль афіцыйнай рэакцыі на інцыдэнт ад Міжнароднага алімпійскага камітэту не было, яны толькі вывучаюць сітуацыю. Навоша заўважае, што разгляду патрабуе не толькі відавочны ціск на Ціманоўскую, але і «шматлікія парушэнні лукашэнкаўскім НАК Алімпійскай хартыі, статутаў і рэгламентаў міжнародных спартовых федэрацыяў».

Артыкулы
Урад Японіі, Аргкамітэт Алімпіяды і МАК вывучаюць, чаму хацелі вывезці Ціманоўскую
2021.08.02 10:36

Цалкам відавочна, кажа ён, што ў Беларусі сёння існуе дыскрымінацыя спартоўцаў паводле грамадзянскай пазіцыі і што яна даходзіць да абуральных формаў, як то простыя пагрозы, звальненні і арышты. І відавочна, што НАК не мае самастойнасці і аўтаномнасці ад дзяржавы, як таго патрабуе МАК, хай сабе фармальны кіраўнік НАК ужо не Аляксандр, а Віктар Лукашэнка.

«Гэта папросту цацка ў руках дыктатара, і складана знайсці нешта больш супярэчнае прынцыпам, закладзеным [ініцыятарам аднаўлення Алімпійскіх гульняў у XX ст. – Belsat.eu] Кубэртэнам, – кажа Навоша пра Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. – Лукашэнка ўсіх і ўсё лічыць ледзь не сваёй уласнасцю, і пераразмеркаваўшы спартоўцам грошы беларускіх падаткаплатнікаў, а таксама грошы, якія паступаюць ад МАК і міжнародных федэрацыяў, сур’ёзна сцвярджае, што гэта ён усіх утрымлівае і яму асабіста ўсе вінныя».

Першыя санкцыі супраць НАК Беларусі ўвялі яшчэ мінулай восенню – таму на Алімпіядзе ў Токіа няма нікога з сям’і Лукашэнкі. Але, кажа Навоша, відавочна патрэбныя нейкія больш магутныя рашэнні. Ён разважае, што гэтыя рашэнні могуць быць нават не столькі ў санкцыйным напрамку, колькі ў «падтрымцы іншай, не падкантрольнай дыктатару асацыяцыі спартоўцаў, якая зможа прадстаўляць іх інтарэсы, іх суправаджаць і падтрымліваць».

«Але паколькі сітуацыя беспрэцэдэнтная, гэта запатрабуе, вядома, вялікіх юрыдычных і медыйных высілкаў», – дадае Навоша.

Як цяпер выступаць беларускім спартоўцам?

Навоша расказвае, што ўжо гучыць такі жарт: каб трапіць у беларускую зборную, спартоўцы цяпер будуць абавязаныя не толькі здаць нарматывы і допінг-пробы, але таксама здаць пашпарт і таварыша ў камандзе. У цяперашні час нават утапічныя жарты хутка ажыццяўляюцца, мяркуе ён.

Hавiны
Беларускі фонд спартовай салідарнасці: міжнароднае непрызнанне Лукашэнкі на чале НАК – важны крок
2021.03.09 10:13

Не злічыць, колькі ўжо звольнілі беларускіх спартоўцаў, якія выказаліся за справядлівыя выбары і супраць гвалту. Многіх адлічылі са зборных і многім закрылі шлях да міжнародных выступаў. Так, нядаўна вядучы беларускі шахматыст Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што будзе вымушаны разглядаць перспектыву выступаў пад іншым сцягам. Навоша расказвае гэта і заяўляе: мусіць быць і нейкі іншы шлях.

«Лукашэнкаўскія спартовыя функцыянеры павінны страціць выключную прэрагатыву вызначаць, хто будзе выступаць за Беларусь, раз яны робяць гэта ў парушэнне Алімпійскай хартыі і іншых спартовых рэгламентаў, – прапаноўвае Навоша. – Сам жа дзяржаўны спорт, на жаль, працягне дэградаваць, пакуль там грэбуюць прафесіяналізмам на карысць беспярэчнай лаяльнасці, і ўсім запраўляюць не адмыслоўцы, а адстаўныя афіцэры».

АА belsat.eu

Стужка навінаў