«Гучыць як галівудскі трылер». Што пішуць замежныя медыі пра Ціманоўскую?


Беларусь зноў на перадавіцах замежных СМІ: спартоўку хацелі прымусова вывезці з Алімпіяды дамоў, а яна адчувала пагрозу і звярнулася па дапамогу. Крысціна Ціманоўская цяпер у бяспецы, мае паляцець у Польшчу 4 жніўня, а яе муж ужо пакінуў Беларусь.

Погляд японскага карыкатурыста:

Урад Японіі, Аргкамітэт Алімпіяды і МАК вывучаюць, чаму хацелі вывезці беларускую атлетку.

Крысціна Ціманоўская цяпер у бяспецы і, падобна, будзе прасіць прытулак у трэцяй краіне пасля таго, як яна адмовілася сесці на самалёт з Токіа, бо казала, што яе прымусова і супраць яе жадання вяртаюць на радзіму, дзе яна баіцца арышту. Так сітуацыю апісвае амерыканскі CNN.

CNN згадвае, што цягам Халоднай вайны многія спартоўцы ўцякалі з Савецкага Саюзу і краінаў камуністычнага блоку, і што спартоўцы-ўцекачы з’яўляюцца дагэтуль. Так, у мінулым месяцы цяжкаатлет з Уганды ўцёк і пакінуў запіску, што жыццё на радзіме надта цяжкае і што ён хоча жыць у Японіі.

«Аднак, у адрозненні ад гэтых спартоўцаў, Ціманоўская не прыехала з намерам перабегчы з палітычных матываў, а, здаецца, была вымушаная здзейсніць гэты ўчынак пасля таго, як выступіла супраць афіцыйнага рашэння аб уключэнні яе ў гонку, у якой яна раней не ўдзельнічала», – адзначае CNN і згадвае, што ў Беларусі атлетаў сапраўды садзяць за краты і выключаюць з камандаў праз палітыку.

Амерыканскае інфармацыйнае агенцтва «Reuters» ці не першым паведаміла пра здарэнне з Ціманоўскай. Цяпер журналісты называюць падзеі «дыпламатычным інцыдэнтам, што разгортваецца на палях Алімпіяды», і гэта «пралівае магутнае святло на разлад у Беларусі – былой савецкай дзяржаве, якой жалезнай рукой кіруе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка».

Рэпартаж на румынскай мове:

Аўстралійскае выданне News.com.au апісвае кадры з такійскага аэрапорту як «трывожнае відэа пасля выкрадання». Польскія «Kresy24» называюць гэта «драматычнымі сцэнамі» таго, як «непакорную легкаатлетку спрабавалі гвалтам вывезці ў Беларусь, але ўмяшалася японская паліцыя».

Таксама «спробай выкрадання» інцыдэнт называе італьянскае выданне «Today», а нямецкае «Kicker» ставіць пытальнік пасля слова «выкраданне».

Швейцарскае Nau.ch піша пра інцыдэнт з Ціманоўскай:

«Тое, што гучыць як галівудскі трылер, стала рэальнасцю на Алімпіядзе 2021 года».

Навіна пра Крысціну Ціманоўскую на сайце Nau.ch. 2 жніўня 2021 года. Скрыншот: Nau.ch

Катарскі канал «Al Jazeera» перадае словы старшыні Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені:

«Я б сказала, што гэта абуральная несправядлівасць і беспрэцэдэнтнае парушэнне правоў чалавека і спартовых правілаў. Яны спрабавалі вывезці спартоўца з алімпійскай вёскі і дэпартаваць з краіны толькі праз яе меркаванне і пазіцыю».

Польскае спартовае выданне Meczyki.pl вынесла ў загаловак словы Ціманоўскай: «Баюся, што траплю ў няволю».

Польскае спартовае выданне Meczyki.pl, 1 жніўня 2021 года. Скрыншот: Meczyki.pl

У каментары брытанскаму BBC прадстаўнік беларускага недзяржаўнага Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў адзначыў, што Цінамоўская цяпер «баіцца рэпрэсіяў супраць сваёй сям’і ў Беларусі – гэта цяпер яе галоўны клопат».

Амерыканскі «The New York Times» расказвае, што Нацыянальны алімпійскі камітэт спрабаваў прымусова выслаць атлетку дамоў за тое, што яна крытыкавала трэнераў за прызначэнне яе на няправільнае спаборніцтва – але вывезці не маглі. Ціманоўская, піша выданне, баіцца за сваю бяспеку ў Беларусі, дзе «аўтарытарны лідар Аляксандр Лукашэнка, які ва ўладзе 27 гадоў, імкнецца здушыць любое іншадумства».

А «Deutche Welle» называе падзеі «вельмі небяспечнай справай» і згадвае пра еўрапейскія санкцыі супраць беларускага ўраду за захоп самалёта «Ryanair» і зняволенне блогера Рамана Пратасевіча.

Навіны пра Алімпійскія гульні на сайце «France24». Скрыншот: France24.com

Муж Ціманоўскай Арсеній Зданевіч ужо пакінуў Беларусь. Ён сказаў каналу «France24», што цяпер знаходзіцца ва Украіне, бо ў Беларусі не адчуваў сябе ў бяспецы. І ён плануе прыехаць да жонкі – падобна, ужо ў Польшчу.

«Інцыдэнт паказвае, як узмацненне кантролю Аляксандра Лукашэнкі над беларускім грамадствам перакінулася на свет спорту, дзе дзясяткам спартоўцаў пагражае турэмнае зняволенне або расправа за нават асцярожную крытыку ўраду», – піша брытанскі «The Guardian».

Нямецкі партал Sport.de перадае: Міжнародны алімпійскі камітэт заклікалі дзейнічаць. Гэткі заклік агучыла і праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch», і асацыяцыя спартоўцаў Нямеччыны.

Тым часам расейскія дзяржаўныя і калядзяржаўныя медыі распаўсюджваюць «тэорыю» аб тым, што «Захад выкарыстоўвае Ціманоўскую для правакацыі». Так, напрыклад, кажа расейскі сенатар Сяргей Цэкаў у каментары дзяржаўнаму «РИА Новости».

Навіна пра Крысціну Ціманоўскую на сайце «РИА Новости». 2 жніўня 2021 года. Скрыншот: Ria.ru

Расейская Lenta.ru, якая пасля змены кіраўніцтва і сыходу большасці журналістаў у 2014 годзе адкрыта сімпатызуе расейскім уладам, перадрукоўвае і зняважлівы каментар адносна Ціманоўскай беларускага дэпутата Віталія Уткіна, і словы трэнера беларускай легкаатлетычнай зборнай Юрыя Маісевіча пра «дзіўныя паводзіны» атлеткі, і каментар беларускага незалежнага аналітыка Валера Карбалевіча аб тым, што ўлады Беларусі спрабуюць выставіць скандал вакол Ціманоўскай як «змову Захаду».

А недзяржаўная «Медуза», якую ў Расеі прызналі «замежным агентам», ужо пераклала на ангельскую мову запіс размовы чыноўнікаў з Ціманоўскай.

Відэа расейскага палітычнага блогера Максіма Каца:

Hавiны
Што будзе з беларускім НАК за скандал з Ціманоўскай?
2021.08.02 18:33

АА belsat.eu

Стужка навінаў