Перадайце беларусам у Польшчы: гэты бот адкажа на галоўныя пытанні пра легалізацыю, медыцыну, транспарт


Наш калега зрабіў простае тлумачэнне пра PESEL, ZUS, NFZ, PKP ды іншыя рэчы, што могуць напужаць навічка ў Польшчы, але напраўду не такія і складаныя, каб наймаць платнага «перакладчыка з бюракратычнай». Падзякаваць можна праз BLIK!

Бот @belPolska_bot у Telegram.
Фота: Белсат

Журналіст «Белсату» Зміцер Ягораў стварыў у Telegram бот @belPolska_bot, у якім сабраныя адказы на частыя пытанні пра карту побыту, «прапіску», нумар платніка падаткаў, медычную страхоўку, грамадскі і прыватны транспарт, розныя бюракратычныя працэдуры. Каб скарыстацца ботам, трэба проста адкрыць спасылку, націснуць «Запусціць» і выбраць тэму, якая цікавіць.

«Я жыву ў Польшчы вось ужо 15 гадоў, – расказвае Ягораў. – Але я памятаю, як складана бывае вырашыць элементарныя праблемы ў новай краіне, не ведаючы мовы і працэдураў. На пачатку мне дапамагалі з гэтым, а цяпер я дапамагаю іншым. Асабліва пасля 2020 году я бачу, якая высокая патрэба ў такой дапамозе. Шмат людзей былі вымушаныя зʼехаць з Беларусі літаральна з адным заплечнікам.

І яны будуюць свой побыт тут з нуля. Гэта пытанні падаткаў, медыцыны, легалізацыі ды іншае. Ёсць фірмы-пасярэднікі, якія за грошы дапамагаюць у такіх пытаннях. Я не маю нічога супраць такога бізнесу, пакуль не пачынаюць браць грошы за прымітыўныя і бясплатныя рэчы».

Hавiны
Колькасць беларусаў з відам на жыхарства ў Польшчы перавысіла 50 тысяч чалавек
2022.06.29 19:33

Ягораў збіраў звесткі пра тое, што беларусам важна ведаць у Польшчы, праз анкету, якую запоўнілі больш чым 350 асобаў. Ён сабраў як афіцыйную інфармацыю, так і адрозненні рэальнай сітуацыі ад напісанага ў інструкцыях – знаходзіў некалькі чалавек, якія нядаўна самі праходзілі бюракратычныя працэдуры, каб атрымаць інфармацыю, «якой не нагугліш». На бот падпісалася ўжо больш за 2000 карыстальнікаў, самыя папулярныя раздзелы – від на жыхарства і медыцына.

Бот цалкам бясплатны, але дазваляе падзякаваць аўтару грашыма.

«Я ніколі не буду патрабаваць грошы з карыстальнікаў, – абяцае Ягораў. – Але распрацоўка і ўтрыманне рэсурсу патрабуе грошай, таму ёсць опцыя ахвяравання на праект. Я хачу тут падзякаваць кожнаму, хто падтрымаў бот, незалежна ад сумы ахвяравання. Лічыцца сам факт. І бот будзе існаваць да таго часу, пакуль супольнасць будзе лічыць яго карысным».

Аналітыка
Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі
2022.06.19 09:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў