Палякаў засцераглі ад бязвізавых паездак у Беларусь і нагадалі пра палітвязняў


Улады Беларусі дазволілі бязвізавы заезд грамадзянам Польшчы. Палякам раяць «быць вельмі асцярожнымі», а лепей – пазбягаць паездак у краіну, улады якой падтрымліваюць расейскі напад на Украіну і рэпрэсуюць уласных грамадзянаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польска-беларуская мяжа.
Фота: Straż Graniczna / Twitter

Грамадзяне Польшчы могуць без візаў наведаць Беларусь з 1 ліпеня да 31 снежня ўключна. Для заезду ў Беларусь неабходна будзе паказаць толькі дзейны дакумент для выезду за мяжу, зялёную карту (пры заездзе машынаю), а таксама мець пры сабе медычную страхоўку. Пастанову прынялі, як кажа беларускі бок, каб «захаваць добрасуседскія зносіны». Але намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павэл Яблоньскі не раіць гэтага рабіць, піша «Polska agencja prasowa».

«Калі хтосьці хоча рызыкнуць, каб трапіць на тэрыторыю дзяржавы, якая трактуе Польшчу як ворага, той мусіць усведамляць, што існуе вельмі значная рызыка, бо там варожыя намеры», – сказаў Яблоньскі пра Беларусь.

Ён нагадаў, што беларуская дзяржава актыўна падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны, у тым ліку дае сваю тэрыторыю для абстрэлаў і атакавання расейскімі войскамі Украіны. Таксама ён згадаў пра больш як тысячу палітычных зняволеных у Беларусі:

«Мы не забываем пра гэта і ўвесь час робім высілкі для іхнага вызвалення, – дадаў Яблоньскі пра беларускіх палітвязняў. – Неабходна здзяйсняць міжнародны ціск і на Расею, і на Беларусь».

Пакуль Аляксандр Лукашэнка распавядаў Уладзіміру Пуціну, што «Польшча і натаўцы збіраюцца захапіць Заходнюю Украіну», а ягоны прыхільнік знайшоў «планы нападу ў ноўтбуках NATO», сама Польшча будуе 5-метровы плот на мяжы з Беларуссю. Будоўлю стацыянарнай агароджы на польска-беларускай мяжы пачалі ў канцы студзеня 2022 года – пасля хвалі нелегальнай міграцыі з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, зарганізаванай беларускімі ўладамі. Тая хваля сёлета зменшылася, але не спынілася: так, за ўчора польскія памежнікі затрымалі на беларускай мяжы 18 асобаў, у ліку якіх грамадзяне Афганістану, Сірыі, Конга, Камеруну, Самалі, Емену.

Hавiны
Беларусам Польшчы зрабілі асобны збор на «Байрактар» для Украіны
2022.07.02 11:17

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў