12 гадоў калоніі за тры «кактэйлі Молатава» прысудзілі вайсковаму пенсіянеру Дзмітрыю Нешту

КДБ нядаўна ўключыў яго ў «спіс тэрарыстаў». Зняволенага пазбавілі звання падпалкоўніка.

Дзмітрый Нешта. Фота: spring96.org

Суд Баранавіцкага раёну 23 чэрвеня разгледзеў крымінальную справу супраць вайсковага пенсіянера Дзмітрыя Нешты, даведалася «Вясна». Суддзя Юлляна Шчэрба прызнала яго вінаватым у «незаконных дзеяннях, датычных паляўнічай агнястрэльнай зброі» (ч. 1 арт. 295-3 КК РБ) і «акце тэрарызму» (ч. 1 арт. 289 КК РБ) і прысудзіла яму 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзмітрый Нешта працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе. Паводле следства, 26 верасня 2020 года ў Баранавічах ён зрабіў тры «кактэйлі Молатава», захоўваў іх ва ўласным гаражы, затым прынёс іх на аўтамабільную стаянку каля вайсковай часткі і кінуў у машыны байцоў унутраных войскаў.

Шкоду маёмасці ацанілі ў 59 039 рублёў і 78 капеек. Пра пацярпелых у «акце тэрарызму» не згадваюць. Ці прызнаў віну сам Дзмітрый Нешта, не паведамляюць.

Матывы Нешты апісваюць такімі словамі: «…жадаючы выклікаць у іх адмову ад выканання службовых абавязкаў у аказанні дапамогі супрацоўнікам праваахоўных органаў у забеспячэнні законнасці і правапарадку падчас масавых беспарадкаў на тэрыторыі Баранавічаў, маючы намеры шляхам падпалу прычыніць цяжкія наступствы ў выглядзе знішчэння аўтамабіляў, што належалі вайскоўцам».

Паводле звестак «Нашай нівы», Дзмітрыю Нешту 46 гадоў, ён мае сына. У 2020 годзе яго затрымлівалі ў сувязі з акцыямі пратэсту ў лістападзе 2020 года, але не судзілі, а «правялі прафілактычную размову». Затрымалі яго ў кастрычніку 2021 года.

КДБ унёс Ціханоўскага, Лосіка і Вінаградава ў спіс «тэрарыстаў»

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны