Расейская – безальтэрнатыўная мова адукацыі? Мянчанцы далі бланк, дзе мову навучання выбралі за яе


Гэта не проста незаконна, кажа экспертка. Гэта можна разглядаць як крымінальнае злачынства.

Ілюстрацыйнае фота. Чурленскі дзіцячы сад – сярэдняя школа. Вёска Лыцавічы, Вілейскі р-н, Беларусь. 16 сакавіка 2021 г.
Фота: ВК / Белсат

Маладая маці з Менску Аляксандра Рыжкова збіралася аддаць дачку ў першы клас школы, бліжэйшай да дому, да якой сям’я афіцыйна адносіцца. Аднак яна не чакала таго, што пабачыла ў бланку: «Прошу зачислить моего ребёнка в 1 класс с русским языком обучения». Аляксандра хоча, каб дзіця навучалася па-беларуску.

«Я не задавалася пытаннем, як гэта адбываецца, – тлумачыць яна «Белсату». – Як думала: я прыходжу туды, пішу заяву, мяне аўтаматычна залічваюць. Але калі я прыйшла ў школу, мне далі бланк «расейскай» заявы. Беларускага варыянту ў іх не было, хоць я спыталася, ці ёсць. І там ужо надрукаваны тэкст, упісваеш толькі сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, звесткі дзіцяці, дату і подпіс унізе».

Аляксандра стала перапісваць заяву па-беларуску ад рукі, тады вока і зачапілася за фармулёўку пра мову. Спытала, што зробяць, калі яна напіша пра беларускую мову навучання. Жанчына, якая прымала дакументамі, сцепанула плячыма і сказала, што не ведае.

«Атрымліваецца, іншыя бацькі, якія запаўняюць бланк, не маюць нават выбару: там не прапушчанае месца, не трэба нечага падкрэсліваць, – там проста аўтаматычна забіта, што з расейскай мовай навучання, – тлумачыць Аляксандра. – Выходзіць, што ў нас нібыта ўсе самі просяць расейскую мову навучання».

Яна ўсё ж падала рукапісную заяву з просьбаю аб беларускай мове навучання. Праз некалькі дзён ёй прыйшоў ліст ад дырэктара школы: паводле статуту школы, беларуская мова навучання не прадугледжаная, таму або пагаджайцеся на расейскую, або ідзіце ў гімназію № 4, дзе беларуская мова навучання ёсць.

«Я сама хадзіла ў беларускамоўную гімназію № 4 у Фрунзенскім раёне, але нам туды хвілінаў дваццаць, напэўна, трэба будзе ехаць. Магчыма, тут яшчэ ёсць адносна недалёка адна школа, якая год праз год набірае беларускамоўныя класы. Але гэта ў нас стала прынцыповым момантам, – кажа Аляксандра. – Які яшчэ ёсць момант: дзеці, якія ідуць у школу паводле месца рэгістрацыі, залічваюцца аўтаматычна, бо ў нас абавязковая адукацыя. У іншыя школы падаюцца заявы на вольныя месцы, то бок ідзе конкурс – то значыць, не раўназначны ўдзел.

Атрымліваецца, мяне ставяць перад выбарам: ці я пагаджаюся на расейскую мову навучання, ці іду ў іншую школу на вольныя месцы, куды могуць і не ўзяць».

Цяпер яна чакае адказу ад аддзелу адукацыі Фрунзенскага раёну Менску: спытала, як там збіраюцца забяспечыць дзіцяці гарантаванае заканадаўствам права навучання на беларускай мове.

Гэта незаконна

Прадстаўніца грамадскай кампаніі «Умовы для мовы» Аліна Нагорная кажа «Белсату»: такая форма, дзе не даюць выбару мовы, незаконная. Яна ўжо стварыла інструкцыю на выпадак, калі такія формы будуць трапляцца іншым бацькам.

Шанцы на тое, што такія дзеянні дапамогуць, яна ацэньвае як высокія:

«З дзейнасці «Умовы для мовы» магу сказаць, што калі чагосьці вельмі хочаш і робіш усё правільна, спакойна і мэтанакіравана, усё будзе, – запэўнівае Нагорная. – Галоўнае, рабіць усё паводле інструкцыі і захоўваць спакой».

Нагорная адзначае, што «безальтэрнатыўная» форма можа разглядацца і як «Падробка дакументаў» (арт. 380 КК РБ), і як «Парушэнне раўнапраўя грамадзянаў» (арт. 190 КК РБ). Заяву аб такіх злачынствах можна падаваць у міліцыю.

Hавiны
Настаўніцу з Клімавічаў вызвалілі ад адміністрацыйнай адказнасці за абразу беларускай мовы
2020.04.08 12:46

АА belsat.eu

Стужка навінаў