Распачаўся Будслаўскі фэст. Усе імпрэзы – пад адкрытым небам, у касцёл заходзіць забаронена


Будслаўскі фэст.
Фота:

Нягледзячы на пажар у касцёле і пандэмію каронавіруса, фэсту ў Будславе адмяняць не сталі. Урачыстасць распачалася 2 ліпеня, у свята Маці Божай Будслаўскай. Але сёлета – без арганізаваных пешых і аўтобусных пілігрымак.

Тэрыторыя вакол касцёлу і скверу агароджаная, прайсці можна толькі пасля асабістага дагляду службаю бяспекі. Прадстаўнікі гэтай службы з надпісам «security» на камізэльках забараняюць сябе фатаграфаваць.

Будслаўскі фэст.
Фота:

Людзей сёлета ў Будславе няшмат, але пакрыху падцягваюцца. Хоць арганізаваных пешых і аўтобусных пілігрымак не планавалася згодна з рашэннем Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, невялікія групы ўсё ж прыходзяць ці прыязджаюць на роварах.

Будслаўскі фэст.
Фота:

Фэст распачаўся імшой апоўдні. Алтар сёлета месціцца на вуліцы каля касцёлу. А 18-й гадзіне адбудзецца яшчэ адна Святая імша – для пілігрымаў. Для ахвочых ёсць магчымасць спавядацца, абавязкова быць у масцы.

Будслаўскі фэст.
Фота:
Будслаўскі фэст.
Фота:

А 23-й гадзіне пачнецца ўрачыстая працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай і знічамі.

Будслаўскі фэст – штогадовая ўрачыстасць у гонар Будслаўскага абраза Маці Божай. У 2014 годзе традыцыя была ўнесеная ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а ў 2018 годзе – у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКО.

Будслаўскі фэст.
Фота:
Будслаўскі фэст.
Фота:
Будслаўскі фэст.
Фота:

Сёлета 11 траўня ў Будслаўскім касцёле распачаўся пажар. Са святыні паспелі вынесці абраз, уратавалі старажытны драўляны алтар, але дах згарэў цалкам. Цяпер вядуцца аднаўленчыя працы. Беларусы ахвяравалі на рамонт храму больш за 700 тысяч рублёў.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў