Масавыя арышты і новыя крымінальныя справы. Галоўнае за 2 ліпеня


Belsat.eu падводзіць вынікі 2 ліпеня – 328-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Крымінальны пераслед

Журналіст выдання Tribuna.сom Аляксандр Івулін затрыманы паводле крымінальнай справы. У выніку журналіста перавядуць у СІЗА. Яго абвінавачваюць паводле крымінальнай справы. Выданне Tribuna.сom паведамляе, што Аляксандра падазраюць паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Максімальнае пакаранне паводле артыкула – тры гады пазбаўлення волі.

Аляксандр Івулін
Фота: facebook.com/aleksandr.ivulin

Крымінальную справу завялі супраць палітолага і аналітыка, рэдактара рэсурсу «Наше мнение» Валерыі Касцюговай. Яе завезлі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

У адваката падпіска аб неразгалошванне, таму пра справу і выстаўленае абвінавачанне нічога не вядома. Для Валерыі абралі меру стрымання ў выглядзе арышту.

Валерыя Касцюгова.
Фота: https://www.facebook.com/valeria.kostyugova

Вядомую беларускую спявачку Анжаліку Агурбаш, якая цяпер жыве ў Маскве, беларускія ўлады абвінавацілі паводле двух крымінальных артыкулаў. Ёй інкрымінуюць распальванне варожасці і абразу Лукашэнкі, паведаміла спявачка ў сваім Instagram.

Паводле Анжалікі, яе абвесцілі ў вышук.

Лукашэнка заяўляе пра тэрарыстаў у краіне

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што ў краіне працягваецца тэрор «у больш маштабных памерах».

«Сёння завяршалі ў краіне маштабную антытэрарыстычную аперацыю. Нам здавалася, што яны эканамічна будуць нас душыць. Не. Працягваецца ў больш маштабных памерах тэрор унутры краіны супраць людзей і аб’ектаў. Неўзабаве мы пра гэта скажам», – цытуе Лукашэнку БелТА.

«Пасля сённяшняга заканчэння мерапрыемстваў па лініі контрвыведкі мы ўжо не нейкаму Гайка Маасу, міністру замежных справаў Нямеччыны, выставім прэтэнзіі, але да самога канцлера і камусьці з кіраўніцтва Нямеччыны», – дадаў ён.

Лукашэнка зноў заявіў, што вонкавыя сілы нібыта імкнуліся разгайдаць беларускае грамадства, «зладзіць каляровую рэвалюцыю, спадзеючыся на бліцкрыг».

Аляксандр Лукашэнка падчас сходу з нагоды Дня Незалежнасці заявіў пра спробу забойства працаўніка СТВ Рыгора Азаронка, паведамляе Telegram-канал «Пул первого».

«Была спроба забойства Азаронка. Гэта здарылася мінулай ноччу», – заявіў Лукашэнка.

Рыгор Азаронак у судзе над Вольгай Калацкай. Менск, Беларусь. 23 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Таксама Лукашэнка дадаў, што мэтай забойства з’яўлялася жаданне пазбавіць рухомасці, захапіць, кінуць у багажнік. Вывезці ў лес, адрэзаць язык.

У адказ на гэта Лукашэнка даў загад цалкам перакрыць мяжу з Украінай.

«Вялікая колькасць зброі паступае з Украіны ў Беларусь. Таму я даручыў памежным войскам цалкам перакрыць мяжу з Украінай», – сказаў Лукашэнка.

Абноўлена
Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі завяршылася «антытэрарыстычная аперацыя». І паабяцаў выставіць прэтэнзіі Мэркель
2021.07.02 12:31

Пераслед за знявагу афіцыйнага сцяга

Генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што цягам 2020–2021 гадоў колькасць крымінальных справаў за «здзек» з чырвона-зялёнага сцяга вырасла ў дзясяткі разоў.

«Калі ў апошнія гады і да сярэдзіны 2020 года краіне факты крымінальна каранага глумлення з дзяржаўных сімвалаў былі адзінкавыя, то да канца года колькасць такіх злачынстваў вырасла да 50. За пяць месяцаў бягучага года зарэгістравана 53. Разам з тым, прынцып няўхільнасці адказнасці дзейнічае, і на сённяшні дзень пракуроры накіравалі ў суды крымінальныя справы ў дачыненні 47 грамадзянаў», – заявіў у інтэрв’ю «СБ – Беларусь сегодня» кіраўнік Генпракуратуры.

Дзіцё сярод чырвона-зялёных сцягоў на «Прыгожым забегу» у Жодзіна. 8 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Hавiны
Ад пачатку пратэстаў сілавікі завялі 103 крымінальныя справы за «здзек з дзяржаўных сімвалаў»
2021.07.02 09:49

ЕЗ бачыць Беларусь ва «Усходнім партнёрстве»

У снежні сёлета запланаваны 6-ы саміт «Усходняга партнёрства». На мерапрыемстве абмяркуюць асноўныя моманты супрацы краінаў Еўразвязу з сябрамі ініцыятывы.

«Усходняе партнёрства» надалей застаецца галоўным на парадку дня Еўрапейскага Звязу. Мы хочам сфармаваць парадак дня, які адкажа на беспрэцэдэнтныя выклікі сённяшняга дня. Асноваю нашай працы будзе спрыянне развіццю дэмакратыі, належнага кіравання і вяршэнства закону, якія так важныя, каб пабачыць станоўчыя, канкрэтныя вынікі ў нашай супрацы. Сюды ўваходзіць Беларусь, і мы працягнем падтрымліваць грамадства краіны праз «Усходняе партнёрства», – заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у вонкавых справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль.

Hавiны
Еўразвяз надалей бачыць Беларусь ва «Усходнім партнёрстве»
2021.07.02 18:27

Выйшла агульная платформа для фінансавання пераменаў

У мабільным дадатку Digital Solidarity сабраныя спраўджаныя звесткі людзей, фондаў і ініцыятываў, што ўзмацняюць ціск на рэжым у Беларусі. Офіс Святланы Ціханоўскай, платформа «Голас», Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і «BySol» выступаюць гарантамі таго, што сабраныя ахвяраванні будуць выкарыстаныя паводле прызначэння і паскораць дэмакратычныя перамены.

Каманда, якая працуе над развіццём прыкладання Digital Solidarity пры дапамозе платформы «Голас» i фонду «BySol», узялася рабіць новую экасістэму. Мы распыталі аднаго са стваральнікаў ініцыятывы Яраслава Ліхачэўскага, як стварыць беларускую эканоміку па-за межамі Беларусі.

Скрыншот старонкі мабільнага дадатку

Digital Solidarity – гэта пляцоўка, які дапамагае знайсці фундатарам ініцыятыву, фонд ці асобу, якому яны хочуць аказаць падтрыманне. За гэты час на пляцоўцы з’явіліся зборы як для кампаніяў і ініцыятываў, так і асабістыя зборы для тых, хто пацярпеў ад рэжыму.

Праграму выпусцілі паўгода таму, але цяпер вырашылі яе грунтоўна перарабіць.

Hавiны
Пад гарантыі офіса Ціханоўскай: у рэліз выйшла агульная платформа для фінансавання пераменаў
2021.07.02 17:44

У Будславе распачаўся фэст

Нягледзячы на пажар у касцёле і пандэмію каронавіруса, фэсту ў Будславе адмяняць не сталі. Урачыстасць распачалася 2 ліпеня, у свята Маці Божай Будслаўскай. Але сёлета – без арганізаваных пешых і аўтобусных пілігрымак.

Будслаўскі фэст.
Фота:
Hавiны
Распачаўся Будслаўскі фэст. Усе імпрэзы – пад адкрытым небам, у касцёл заходзіць забаронена
2021.07.02 18:35

СК belsat.eu

Стужка навінаў