Беларусы Нідэрландаў: Мы працуем на ўсіх франтах, каб дапамагчы, вы толькі там трымайцеся, у Беларусі


Пачаўся грамадскі рух у Нідэрландах гэтак сама стыхійна, як і паўсюль, але раней, чымся ў іншых краінах. Там дыяспара пачала ладзіць мітынгі яшчэ да выбараў. Праўда, досвед гэткіх справаў яны атрымлівалі ў часе правядзення імпрэзаў.

Мы не даем прозвішчаў герояў размовы, каб пазбегнуць пераследу іхных блізкіх у Беларусі.

50 акцыяў для Беларусі

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

Акцыі і мітынгі сталі нагодаю, каб удзельнікі дыяспары перазнаёміліся. Першы раз яны сустрэліся ў чэрвені з нагоды затрымання патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі.

«Калі мы першы раз сабраліся каля беларускай амбасады, то нават не ведалі, што рабіць. Проста прыйшлі незнаёмыя людзі, былі разгубленыя. Што такое – мітынгаваць? А на мінулым тыдні ў нас адбылася 50-я акцыя. Цяпер ужо людзі ў мегафон прамаўляюць, чытаюць вершы, песні спяваюць, раздаюць улёткі, а тады, у першыя дні, толькі некалькі лозунгаў згадалі», – дзеліцца ўспамінамі адзін з удзельнікаў і арганізатараў мітынгаў у Нідэрландах Зміцер.

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

Акцыі ўдзельнікі дыяспары ладзяць разнастайныя: ад пікетаў каля амбасады Беларусі ў Гаазе да дэманстрацыяў і маршаў з удзелам соцень людзей.

«У верасні было каля 600 чалавек. Прыязджаў народ з Бельгіі, Люксембургу, Нямеччыны. Ладзілі вялікае шэсце», – згадвае спадар. Паводле яго, на акцыі салідарнасці з палітвязнямі ўдзельнікі чыталі спісы палітвязняў цягам дваццаці хвілінаў: «Быў вельмі драматычны момант».

У планах удзельнікаў дыяспары – вялікі марш з нагоды гадавіны паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі.

«Мы ставім сабе за мэту падымаць рэзананс тут, сярод мясцовых жыхароў. Бо калі людзі бачаць, што мы пратэстуем, то гэта для іх робіцца больш уласнаю гісторыяй, чым калі б яны пабачылі нешта на тэлебачанні. Па-другое, нам прыемна разам збірацца, гэта вельмі натхняе.

І галоўнае – перадаць падтрыманне тым, хто ў Беларусі, паказаць, што мы не забываем, што нам гэта істотна, што мы ўсе разам рушым да агульнай мэты», – падкрэсліў Зміцер.

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

Народная амбасада

«У Нідэрландах маладая народная амбасада. Мы больш займаемся каардынацыяй паміж людзьмі і краінамі. Гэта пераважна ціск на розныя ўстановы. Мы шукаем кантакты, складаем лісты, каб гэты ціск быў арганізаваны», – патлумачыў Аляксандр.

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

Ён адзначыў, што пакуль не можа распавесці пра розныя ініцыятывы, каб не сурочыць і каб не паставіць пад пагрозу ўдзельнікаў.

«Мы працуем і з палітыкамі, і з прэсаю. Пасля сітуацыі з Пратасевічам Беларусь не сыходзіць з парадку дня. Гэта часткова і нашая праца. Мы шмат робім дзеля гэтага», – адзначыў ён. Напрыклад, яны пісалі лісты ў аэрапорты, каб там змясцілі фота Рамана.

Народная амбасада дамагаецца, каб гарады ў Нідэрландах вывешвалі каля сваіх мэрыяў бел-чырвона-белыя сцягі.

«Мы працуем на ўсіх франтах. Вы толькі там трымайцеся, у Беларусі, мы вельмі стараемся дапамагчы», – перадаў Аляксандр.

Дапамога рэлакантам

Група дапамогі ўцекачам пачала сваю дзейнасць у снежні мінулага года, калі дыяспары ў Польшчы і Літве папрасілі дапамогі ў працы з перасяленцамі.

«Тады былі жорсткія абмежаванні праз ковід, і людзі, якія пакінулі свае дамы, не маглі знайсці сабе ніякіх падпрацовак. Былі закрытыя крамы, і немагчыма было нават зімовую вопратку набыць. А людзі беглі з мінімальнымі рэчамі, з дзецьмі беглі. У нас была адна жанчына, якая прыехала проста з чорным пакункам для смецця, – згадвае ўдзельніца групы Ганна. – Мы шукалі валанцёраў у гарадах, куды прыбывалі ўцекачы, і праз іх знаходзілі канкрэтныя сем’і, якім патрэбная дапамога».

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

За паўгода дыяспара адправіла тры вялікія гуманітарныя дапамогі ў Польшчу і Літву, збіралі рэчы першай неабходнасці, адзенне і нават цацкі для дзяцей. «Апошняя нашая дапамога пайшла месяц таму. Дагэтуль людзі распакоўваюць пасылкі, дасылаюць нам падзякі. Вельмі прыемна», – адзначыла спадарыня.

«Нам прыходзяць запыты, што сям’і трэба тое і тое, тады мы збіраем скрынкі з рэчамі. Таму гэта не толькі адрасная дапамога канкрэтным людзям, але і менавіта тыя рэчы, што ім патрэбныя», – падкрэсліла ўдзельніца групы Аксана. Падчас збору дапамогі скрынкі запоўнілі амаль усю ейную кватэру.

 

Беларусы Нідэрландаў. Акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Фота з архіву дыяспары

Да таго ж яны збіраюць прадуктовыя кошыкі для сем’яў, якія пакуль беспрацоўныя, дапамагаюць грашыма. Напрыклад, ім удалося сабраць ахвяраванняў больш як на 6 тысяч еўраў праз уласныя сувязі і рахунак у фондзе «BYSOL». Агулам дыяспара падтрымала 125 чалавек.

Паводле Ганны, дапамагчы беларусам у Беларусі цяпер вельмі складана:

«Бывае, што праз пераводы людзям грошай у Беларусь толькі горш робіцца. Таму мы стараемся дапамагаць нашым суайчыннікам хоць бы так, хоць бы тым, хто таксама ў цяжкім становішчы амаль без нічога ў новым горадзе».

Медычная і псіхалагічная дапамога

Валанцёры дыяспары шмат камунікуюць з уцекачамі, і ў пэўны момант яны заўважылі, што рэлакантам патрэбная не толькі фінансавая ці гуманітарная дапамога – шмат у каго моцна пацярпела здароўе.

Першым кейсам медычнай дапамогі сталася сям’я Анатоля і Юліі Сахарук з Пружанаў. Праз стрэс пры затрыманні мужа Юлія перажыла інсульт, амаль месяц яна праляжала ў рэанімацыі.

Аб’ектыў
Дзяржава скалечыла, а потым скрала дапамогу
2020.11.23 23:44

«Прыйшоў запыт з Польшчы, і ўдалося арганізаваць добрую рэабілітацыю для Юліі ў Польшчы. Гэта была праца некалькіх дыяспараў, мы шукалі дактароў, грошы. Цяпер мы атрымліваем звесткі, што спадарыня ўжо пачала хадзіць. Гэта быў наш першы поспех. І тады мы зразумелі, што такая медычная дапамога таксама патрэбная», – распавяла Ася.

Спачатку Ася не ведала, як пачаць, проста хацела дапамагаць і мела пэўны медычны досвед:

«Ты пачынаеш тэлефанаваць, шукаць людзей, нейкія сувязі. Потым я набралася нахабства і прапанавала зрабіць праект псіхалагічнай дапамогі. Ён нядаўна стартаваў і мае фінансаванне да канца года. Цяпер мы падтрымліваем 20 рэлакантаў і плануем павялічыць гэтую лічбу.

Мы маем планы нават дапамагаць беларусам у Беларусі, каб кожны чалавек, які цяпер удома і адчувае гэтую трывогу, якая можа зламіць, каб ён таксама мог атрымаць дапамогу. Цяпер мы шукаем варыянты, каб наладзіць такія сувязі было бяспечна і для псіхолагаў, і для пацыентаў», – тлумачыць Ася.

Яна распавяла, што карысным падтрыманнем стала пляцоўка «еЗдароўе», дзе пацыенты і дактары не бачаць адно аднаго, а кансультацыі адбываюцца ананімна: «Псіхолагі кансультуюць бясплатна, але атрымліваюць грошы за сваю працу. Такім чынам мы падтрымліваем адмыслоўцаў у Беларусі і дапамагаем пацярпелым рэлакантам».

Артыкулы
еЗдароўе – праца для звольненых дактароў і бясплатныя кансультацыі беларусам
2021.06.27 10:29

Арт-івэнты

У Нідэрландах склалася невялікая група мастакоў, што яднае тамтэйшых беларусаў з розных гарадоў. Яны ўжо зрабілі некалькі праектаў і цяпер рыхтуюць дзве выбітныя падзеі.

«У верасні мы будзем ладзіць дыскусію з беларускімі дзеячамі і даследчыкамі з Нідэрландаў, – паведаміла адная з арганізатарак падзеі мастачка Алена. – Мы абмяркуем жаночую рэвалюцыю, ужо запрасілі знаўцу гэтай тэмы Вольгу Шпарагу».

З нагоды дыскусіі плануюць перформанс. Алена абрала для свайго твору біблійную «Песню песняў», пераклала яе на беларускую мову.

Да таго ж беларусы Нідэрландаў рыхтуюць дыджытал-архіў пратэставых падзеяў у Беларусі і за яе межамі.

«Мы плануем зрабіць прэзентацыю архіву 15 верасня. Там будзе ўся інфармацыя пра падзеі, і яе можна будзе выкарыстоўваць для даследаванняў», – адзначыла Алена.

Беларусы Нідэрландаў. Акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Фота з архіву дыяспары

А летам 7 жніўня ў Гаазе адкрыюць вялікую выставу беларускіх мастакоў.

«У нас былі вельмі амбітныя планы. Мы хацелі прывезці сюды беларускіх мастакоў, каб іх трошку падтрымаць, каб стварыць ім пазітыўны досвед. Але цяпер гэта даволі складана. Аднак мы будзем глядзець, наколькі складана прывезці арыгінальныя працы з Беларусі ды іхных аўтараў. Тэма – пратэставае мастацтва, але ў больш шырокім сэнсе, чым падзеі мінулага года. Бо людзі рабілі перформансы і ў 2001 годзе. То ўжо даволі вялікая гісторыя пратэставага мастацтва», – адзначыла суарганізатарка.

 

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

Купалле і беларуская чытанка

На фоне моцнага ўдзелу дыяспары ў справах сваёй роднай краіны ў людзей з’явілася большая цікавасць да беларускае культуры. Так, на ўзбярэжжы Паўночнага мора плануюць зладзіць Купалле з песнямі, карагодамі і вогнішчам.

Тамтэйшыя беларусы трохі іранізуюць з таго, што яны пачаткоўцы: «У нас такі моўны ўзровень: гавару не очэнь, але очэнь хачу».

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

Суарганізатарка культурных імпрэзаў Алена адзначыла, што ў празе да беларускага слова людзей не спыняюць ні лакдаўны, ні адлегласці:

«Пакуль былі каранцінныя захады, мы збіраліся толькі онлайн. Паступова з’яўляліся праекты. Цяпер раз на два тыдні адбываюцца лекцыі пра гісторыю Беларусі ў асобах, напрыканцы мы ў кўізе спаборнічаем за нейкі прыз. Вельмі цікава. Яшчэ ёсць чытанка. Не толькі для дзяцей. Апошнім мы бралі «Радзіва «Прудок». Чытаем у ролях, разбіраем цікавыя словы. Намагаемся аднавіць нашую мову, бо яна, на жаль, тут траціцца».

Для дзяцей удзельнікі дыяспары прыдумалі праз «Зум» і касцюмаваных персанажаў, распавядаць пра беларускіх нячысцікаў.

«Гэта і дарослым цікава, але дзецям – асабліва. Дзеці, якія тут выраслі, яны ўжо ў галандскай культуры, іхная першая мова – галандская. А так у форме гульні яны пачынаюць вывучаць беларускую. Гэта нельга назваць паўнавартаснаю школаю, але гэта пачатак вывучэння і мовы, і фальклору», – адзначыла Алена.

Беларусы Нідэрландаў. Фота з архіву дыяспары

Алена распавяла, што цяпер яны вельмі хвалююцца перад сваёй першай офлайнавай імпрэзаю – Купаллем 3 ліпеня, бо на яго плануюць прыехаць больш за 100 чалавек, не толькі з Нідэрландаў:

«Будзем намагацца, каб на ўзбярэжжы было вогнішча, каб вянкі плялі, будзем песні спяваць. Калі мы зрабілі абвестку пра такое свята, то не разлічвалі, што адгукнецца настолькі шмат людзей.

Мы ўсе жывем беларускаю тэмаю, яна ўсім нам баліць. І вось упершыню за год мы пастанавілі сабрацца на культурную імпрэзу, што аб’яднае нас не толькі агульным болем, але і нашымі агульнымі каранямі і спадчынаю».

У суполкі «Сядзіба» вялікія планы на аднаўленне беларускае культуры ў дыяспары, таму хутка мы пачуем пра іхныя новыя праекты.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў