«У носе да гэтага часу саладкавы пах згарэлага чалавека». Павел Борт з палка Каліноўскага пра першыя месяцы вайны


З Паўлам мы пазнаёміліся ў Варшаве, у дзень яго адпраўлення ва Украіну, разам з іншымі беларусамі-добраахвотнікамі. З ім паехаў яго сябар Дзіма Тэрор, які 25 сакавіка загінуў у баі за Ірпінь.

Калі мы абменьваліся з Паўлам кантактамі ў Варшаве, на застаўцы ягонага тэлефона быў фотаздымак сястры з пляменнікам, яны чакаюць яго ў Беларусі. «Усё будзе добра – я сястры так кожны дзень кажу».

Байцы палку Каліноўскага перад ад’ездам ва Украіну. 3 сакавіка 2022 года. Варшава, Польшча. Аліса Ганчар / Белсат

«Вайна – гэта ўсё шэрае, бруднае і кроў. У носе да гэтага часу саладкавы пах згарэлага чалавека. Вайна – гэта крыкі жанчын і дзяцей, яны крычаць “Дапамажыце”. Больш за ўсё запомніўся кантужаны 17 гадовы хлопец – другакурснік украінскай ваеннай акадэміі. Ён сышоў з розуму, калі ўбачыў як разрывала на мінах яго таварышаў. Больш за ўсё запомніліся яго вочы», – распавядае наш суразмоўца.

Артыкулы
«Полк для мяне – гэта ўжо сям’я». Паразмаўлялі з беларусам з палка Каліноўскага
2022.05.30 15:42

«Але жыццё павінна працягвацца, тут ніхто не ўпэўнены ў заўтрашнім дні: будзе жывы, не будзе. Я нічога не чытаю і нічога не гляджу, выконваю сваю задачу і ўсё. І маё самае вялікае жаданне – хачу каб усе хлопцы жывымі засталіся», – кажа Павел.

Мы размаўляем пра першыя месяцы вайны, калі ішлі інтэнсіўныя баі пад Кіевам, а таксама пра пачуцці, якія накрываюць у той момант, калі трэба распавесці блізкім свайго пабраціма пра яго смерць.

Далей мы публікуем маналог Паўла Борта.

Павел Борт і Дзіма Тэрор у Ірпіні. Фота з асабістага архіва Паўла

«Гэты надпіс зрабіў Дзіма, а праз 20 хвілін яго паранілі. А на наступны дзень ён памёр. На фота Дзіма з гранатамётам у руках. Тут я стаў забабонным: не галюся перад выездам, не стрыгуся, не фатаграфую і не фатаграфуюся падчас выканання задач».

«Мой пазыўны «Борт», я ваюю ў палку Каліноўскага. Прымаў удзел у вызваленні Ірпіня. Цяпер я на ўсходзе Украіны.

У Ірпіні мы трапілі ў пекла. Я не ведаю з чаго пачаць… Мы прынялі бой, рускія вельмі жорстка слалі артылерыяй па нас. У нашым падраздзяленні ніхто не завагаўся, ніхто не даў заднюю і не хаваўся. Усе выконвалі сваю працу як належыць, і мы не пакінулі ім ні аднаго шанцу.

Было вельмі шмат параненых ЗСУшнікаў. І наш беларус, медык з пазыўным Фрэд, поўзаў пад мінамі і аказваў ім дапамогу. Фрэд быў на грамадзянцы ветэрынарам. А другі беларус з пазыўным Дзядзька выцягваў параненых. Я спадзяюся, іх прадставяць да ўзнагародаў».

Мама Дзімы Тэрору не ведала, што яе сын паехаў на вайну

«Калі Дзіма Тэрор атрымаў раненне, Фрэд заляпіў яму рану, праткнуў кампрэсійнай іголкай лёгкае і дыханне выраўнавалася. Але лекары выратаваць ужо не змаглі – у Дзімы былі закранутыя жыццёва важныя органы.

Тэрора паранілі 24 сакавіка, а 25 ён памёр у больніцы. Дзіма са Смаргоні, удома засталіся пажылыя бацькі, сястра і пляменнікі. Сваёй сям’і ў яго не было. Я паказваў цела Дзімы яго маці па відэасувязі, калі яго прывезлі з морга – гэта напэўна было самае складанае ў маім жыцці. Мама вельмі моцна плакала і не верыла. Ён не сказаў бацькам, што паедзе ва Украіну.

Калі ў мяне калі-небудзь будзе сын, я б хацеў, каб ён вырас менавіта такім, якім быў Дзіма.

Павел Борт і Дзіма Тэрор. Фота з асабістага архіва Паўла

У Бучу мы заязджалі адны з першых. Я бачыў там шмат трупаў мірных жыхароў. У вачах стаіць карцінка: мірныя жыхары, якія выходзяць нас сустракаць і плачуць. Многія не разумелі хто мы, у іх была поўная дэзарыентацыя. Маладых дзяўчынак мамы хавалі ў падвалах, каб рускія з імі нічога не зрабілі.

Ірпінь, Буча – там усё разрабавана, рускія марадзёрылі па катэджах. Мая асацыяцыя з расейскай арміяй – трусы і рабаўнікі. Трусы, таму што яны кідаюць сваіх.

Вайна ўзгадоўвае страшныя пасляваенныя наступствы. Як будуць ставіцца да рускіх дзеці, у якіх цяпер пад абстрэламі гінуць бацькі ці наадварот?»

Павел з пазыўным Борт. Фота з асабістага архіва Паўла

«24 лютага мяне разбудзіў сусед-украінец, ён з Мікалаева, і сказаў, што пачалася вайна. Я патэлефанаваў Дзіму Тэрору і мы вырашылі ехаць ва Украіну».

Павел з 2012 да 2015 года быў вайскоўцам у Беларусі. «Потым мяне асудзілі нібыта за перавышэнне ўлады. Але ў мяне ёсць усе дакументы на руках. У новай Беларусі я хацеў бы абскардзіць прысуд. З 2016 па 2017 правёў на »хіміі«. Пасля вызвалення я быў кіроўцам на грузавіку. У студзені 2021 года з’ехаў у Польшчу і працаваў дальнабойнікам. Зʼехаў па палітычных прычынах, прымаў удзел у пратэсце 9-11 жніўня 2020 году. Мяне папярэдзілі знаёмыя, што вось-вось за мной прыйдуць».

Hавiны
«Калі Расею не спыніць, Буча будзе паўтарацца». Размова з байцом батальёну Кастуся Каліноўскага
2022.04.09 09:00

АГ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў