Суд вынес рашэнне ў справе Джоні Дэпа і Эмбэр Гэрд. Хто, каму і колькі заплаціць


У Вірджыніі (ЗША) прысяжныя вынеслі рашэнне ў судовым працэсе паміж акторамі і былымі мужам і жонкай Джоні Дэпам і Эмбэр Гэрд. Пра гэта піша CNN.

Акторы ажаніліся ў лютым 2015 года, але праз год іх шлюб распаўся. Эмбэр Гэрд апублікавала фатаграфію з сінякамі і абвінаваціла Джоні Дэпа ў «трохдзённых пакутах з фізічным гвалтам». Той назваў гэта паклёпам.

Эмбэр Гэрд.
Фота: MediaPunch / BACKGRID / Backgrid USA / Forum

У лістападзе 2020 года Дэп судзіўся з газетай The Sun, якая апублікавала артыкул пра тое, што ён нібы збіваў Гэрд. Дэп абвінаваціў газету ў паклёпе, але лонданскі суд адмовіўся задаволіць пазоў.

Цяпер жа Дэп падаў пазоў супраць Гэрд праз яе артыкул, што выйшаў у The Washington Post у снежні 2018 года. Паводле артыкулу, актор мог падвяргаць яе хатняму гвалту. Дэп заявіў, што тэкст фактычна разбурыў ягоную рэпутацыю і кар’еру, і запатрабаваў ад былой жонкі кампенсацыю ў 50 млн долараў.

Актрыса падала сустрэчны пазоў на 100 млн долараў, заявіўшы, што ў шлюбе падвяргалася «фізічнаму гвалту і жорсткаму абыходжанню». Дэп адмаўляў гэта, кажучы, што акторка сама паднімала на яго руку.

У выніку вірджыньскія прысяжныя 1 чэрвеня аднагалосна прызналі Эмбэр Гэрд вінаватай у паклёпе на Джоні Дэпа. Аналагічны вердыкт вынеслі і супраць самога актора. У выніку Гэрд павінна выплаціць былому мужу 15 млн долараў кампенсацыі, а ёй Дэп мусіць выплаціць кампенсацыю ў 2 млн долараў.

Паводле The Washington Post, абодва ўдзельнікі працэсу атрымаюць не больш за $ 350 тыс., бо законы штата Вірджынія не прадугледжваюць выплат больш за гэтую суму ў працэсах пра паклёп.

Разбіральніцтва цягнулася з 11 красавіка.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў