Схадзілі па крамах за дзень да вайны і сёння, купілі тое самае – на колькі больш заплацілі?


Пачатак поўнамаштабнай вайны Расеі і Украіны выклікаў адчувальны рост цэнаў у Беларусі, а сама вайна пагражае харчовым крызісам у цэлым свеце. Схадзілі ў «Вэб-архіў» і паглядзелі, як выраслі цэны ў Менску з 23 лютага.

Як мы палічылі

На самой справе, у крамы мы не хадзілі, а схадзілі на сайты беларускіх сетак крамаў, якія публікуюць цэны на сваіх старонках. Сервіс «Web Archive» аўтаматычна захоўвае старыя версіі старонак у інтэрнэце: напрыклад, вось так ён запомніў сайт «Белсата» ў 2008 годзе (флэш-анімацыі не захаваліся). Ён жа дазваляе паглядзець старыя версіі старонак інтэрнэт-крамаў.

Менавіта за 23 лютага 2022 года захаваліся старонкі дзвюх крамаў, дзе публікаваліся цэны, яшчэ ў адной крамы захавалася старонка ад 17 лютага – за тыдзень да пачатку вайны. На гэтых старонках было шмат паведамленняў пра зніжкі. Узялі цэны без зніжак і параўналі з сённяшнімі (таксама без зніжак) на тыя самыя тавары ў тых самых крамах. Мы параўноўваем кошты ў крамах 3 розных сеткавых гіпермаркетаў, але не называем іх назвы, гэта не было рэкламай.

Аб’ектыў
Марголін: «Кошты растуць не толькі для насельніцтва, яны растуць і для вытворцаў»
2022.06.02 00:10

Што атрымалі

Некаторыя цэны істотна выраслі, некаторыя нават зменшыліся, а некаторыя засталіся такімі ж з лютага. Напрыклад, у першай краме печыва падскочыла ў цане на траціну, затое салат Аліўе стаў на чвэрць таннейшы. Чыпсы ў гэтай краме не толькі выраслі ў цане, але і зменшыліся ў аб’ёме: тая самая пачка той самай маркі ў лютым мела 150 г чыпсаў, цяпер мае 140 г. Але не змяніліся цэны, напрыклад, на імбір або кіноа (гэта каша, падобная да рысавай, з паўднёваамерыканскай расліны родам з берагоў возера Тытыкака).

Як выраслі цэны ў крамах з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны – праверылі праз «Вэб-архіў». Выява: Белсат

Некаторыя тавары проста зніклі з продажу. Напрыклад, у першай краме мы не знайшлі тых самых ёгуртаў і таго самага соўсу, што былі на галоўнай старонцы 23 лютага. Але знайшлі блізкія аналагі: напрыклад, раз няма геркулесавага хлебу, возьмем іншы дыетычны і пералічым пачатковую цану з улікам розніцы вагі прадуктаў (той геркулесавы быў па 450 г, замена яму па 400 г, таму старую цану дзелім на 450 і памнажаем на 400). Самая бяда з яблыкамі Айдарэд: лютаўскія «імпартныя» (без пазнакі краіны) былі па 2 рублі, а цяпер малдаўскія Айдарэд прадаюць аж за 4,36. Пры тым сербскія яблыкі Голдэн у гэтай краме нават патаннелі на 7 капеек.

Як выраслі цэны ў крамах з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны – праверылі праз «Вэб-архіў». Выява: Белсат

Таксама мы «схадзілі» ў краму, якая прадае тавары пад уласным брэндам «экалагічна чыстага правільнага харчавання». Цэны на скумбрыю выраслі там на 35 %, на трохлітровую пачку соку – на 22,5 %. Але калі раней сок там быў з яблыкаў і чарнаплодных рабінаў, то цяпер у склад яблычна-рабінавага соку дадаліся клубніцы.

Як выраслі цэны ў крамах з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны – праверылі праз «Вэб-архіў». Выява: Белсат

Яшчэ ў адной крамы не захавалася старонка за 23 лютага, але захавалася за 17-га. Там, напрыклад, амаль на палову ўпалі цэны на апельсіны, але на амаль траціну выраслі цэны на маянэз.

Як выраслі цэны ў крамах з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны – праверылі праз «Вэб-архіў». Выява: Белсат

Як агулам выраслі цэны

Возьмем усе 32 тавары з першай крамы (нават кіноа, хоць такое мы раней не елі), якія засталіся ў продажы і цэны на якія за 23 лютага захаваліся ў архіве, «купім» кожнага па адным. Да вайны за ўсё мы б заплацілі 192 рублі і 84 капейкі, сёння – 215,73 рубля. Тут цэны выраслі ў сярэднім на 10,61 %.

Тавары, якія мы ўзялі як замену тым, што зніклі з продажу ў гэтай краме, абышліся ў сярэднім на 50 % даражэй – справа ў згаданых малдаўскіх яблыках Айдарэд (лепей бы сербскі Голдэн бралі!) і ў сачавіцы (якая такімі тэмпамі хутка стане даражэй за кіноа).

У другой краме, дзе мы бралі «экалагічныя» прадукты, за 9 тавараў мы б заплацілі ў лютым 66,01 рубля, а сёння – на 17 % больш: 79,61 рубля.

У трэцяй краме, дзе мы «закупаліся» за тыдзень да вайны і сёння, вядомыя нам цэны на 11 тавараў выраслі на 9,22 %: у лютым заплацілі б за ўсё 99,39 рубля, сёння – 109,49.

Як выраслі цэны ў крамах з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны – праверылі праз «Вэб-архіў». Выява: Белсат

Якая афіцыйная інфляцыя ў Беларусі за вясну, пакуль невядома: Нацыянальны статыстычны камітэт публікаваў лічбы толькі за красавік, але не за травень. Індэкс спажывецкіх цэнаў за люты, паводле «Белстату», павялічыўся на 1,57 %, за сакавік – на 6,05 %, за красавік – зноў на 1,57 %. То значыць, у красавіку плюс 9,4 % да цэнаў студзеня. Амаль як у нашай трэцяй краме з 17 лютага па сёння і крыху менш, чым у нашай першай краме са дня да пачатку поўнамаштабнай вайны.

Hавiны
ААН: праз сітуацыю ва Украіне амаль 218 млн асобаў могуць зазнаць голад
2022.05.28 16:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў