Найбуйнейшая палітычная сіла Еўразвязу заклікала не дыскрымінаваць, а падтрымліваць беларусаў


Еўрапейская народная партыя прыняла рэзалюцыю, у якой заявіла, «што Беларусь нельга параўноўваць з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі, які гандляваў беларускім суверэнітэтам і дапусціў прысутнасць расейскага войска на беларускай зямлі ў сілу сваёй поўнай экзістэнцыйнай залежнасці ад пуцінскага рэжыму».

Вольга Кавалькова, Віталь Рымашэўскі і Святлана Ціханоўская на з’ездзе Еўрапескай народнай партыі.
Фота: European People’s Party / flickr.com

«Мы не прызнаем нелегітымны рэжым Лукашэнкі як прадстаўнікоў беларускага народу. Мы заклікаем еўрапейскіх лідараў і ўрады падвоіць свае намаганні для падтрымкі барацьбы беларускага народу за свабоду і дэмакратыю, а таксама забяспечыць ужыванне максімальна адрасных санкцый супраць Лукашэнкі і чальцоў ягонага нелегітымнага рэжыму, якія прыгнятаюць беларускі народ і дапамагаюць пуцінскай агрэсіі супраць Украіны», – гаворыцца ў заяве.

Паводле яе, дыскрымінацыя беларусаў недапушчальная, а «шараговыя беларусы ў Еўразвязе павінны мець доступ да юрыдычных паслуг, прапіскі, вучобы, банкаўскіх паслуг і г.д».

«Мы заклікаем усе краіны, якія прымуць законы аб дапамозе ўкраінскім уцекачам вайны, уключыць беларусаў-уцекачоў з Украіны, якія перасеклі яе мяжу пасля 24 лютага 2022 года, і прыраўняць іх да ўкраінцаў», – адзначылі ў ЕНП.

Партыя заклікала «ўсе дэмакратычныя краіны Еўропы і свету прымаць палітычных бежанцаў з Беларусі, працягваць падтрымліваць праграмы для беларусаў у сферы адукацыі, падтрымкі бізнесу, лячэння і г.д»., забяспечваць умовы, магчымасці для перамяшчэння беларускага прыватнага бізнесу.

ЕНП падтрымлівае аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі, іх лідара Святлану Ціханоўскую, правацэнтрысцкую кааліцыю, у якую ўваходзяць сябры ЕНП – Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Аб’яднаная грамадзянская партыя і Рух за свабоду, а таксама Каардынацыйную раду, і патрабуе вызвалення палітвязняў.

Еўрапейская народная партыя – найбуйнейшая палітычная сіла ў Еўропе. Яе прадстаўнікі сярод іншага ўзначальваюць Еўрапейскі парламент і Еўрапейскую камісію, а таксама ўрады шмат якіх краін. На яе з’ездзе ў Ратэрдаме выступала Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Ціханоўская заклікала ЕЗ увесці бязвізавы рэжым для беларусаў і рыхтаваць «план Маршала»
2022.06.01 20:03

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў