Хроніка рэпрэсіяў супраць беларускага народу за 2 чэрвеня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу, здзейсненыя 2 чэрвеня.

Па крымінальнай справе праходзяць 5 чалавек: Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Акрамя «змовы», Зянковіча вінавацяць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады» і «распальванні сацыяльнай варожасці». Цяпер справа накіраваная ў Генеральную пракуратуру.

  • Суд над палітзняволенай Вікторыяй Кульшай прызначылі на 13 чэрвеня

Жанчыну будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы». Меркавана суд адбудзецца ў калоніі №4 у Гомлі, дзе адміністратарка тэлеграм-каналу «Кіроўцы 97%» адбывае пакаранне (2,5 гады калоніі) па першай справе.

  • Палітвязня Сяргея Моніча амаль тры месяцы трымаюць у ШІЗА

Паводле праваабаронцаў, адміністрацыя магілёўскай калоніі № 15 з 7 сакавіка амаль бесперапынна змяшчае Сяргея Моніча ў штрафны ізалятар, дзе ён вымушаны знаходзіцца без пасцельнай бялізны і штодзённага шпацыру.

  • Затрыманне за татуіроўкі

ГУБАЗіК затрымаў жыхара Менска, які працуе кіроўцам медычнай дапамогі. Ён трапіў пад пераслед за няправільныя татуіроўкі, сярод іх – «БТ убивает», Русский военный корабль, иди н***й», «Не быць скотам» і іншыя. Паводле ГУБАЗіКу на мужчыну данёс «неабыякавы грамадзянін», які стаяў за ім у чарзе ў краме і ўбачыў татуіроўкі.

  • У Вілейцы судзяць палітвязня, у якога чацвёртая стадыя рака

Суд Вілейскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы жыхара Маладзечна Паўла Кучынскага. Яго пераследуюць за абразлівыя каментары на адрас Лукашэнкі, суддзі і супрацоўнікаў міліцыі, якія палітвязень пакідаў у тэлеграм-канале «Маладзечна. Чат» у 2021 годзе. Хлопец мае інваліднасць другой групы, у яго чацвёртая стадыя рака, паведамляюць праваабаронцы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў