100 дзён вайны ва Украіне. Як змяніліся ўкраінскія гарады пасля ўварвання


Раніца 24 лютага стала новай рэчаіснасцю для мільёнаў украінцаў, якія прачнуліся ад выбухаў і званкоў блізкіх. З пачатку ўварвання Расея выпусціла, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, больш за дзве тысячы ракетаў, а дзясяткі ўкраінскіх гарадоў былі акупаваныя. У той час, як ва Украіне гінуць мірныя жыхары, ламаюцца лёсы людзей, якія пад абстрэламі мусяць пакідаць свае дамы, губляюць працу, сяброў, родных, – у Расеі ўсё гэта называюць «вызваленнем».

Паказваем, як праз 100 дзён змяніліся ўкраінскія гарады пасля пачатку вайны.

Барадзянка

Невялікае паселішча пад Кіевам было занятае расейскімі войскамі 28 лютага. Паселішча было амаль цалкам знішчанае дальнабойнымі прыладамі, а пазней заставалася пад кантролем расейскіх вайскоўцаў цягам месяца, пакуль 1 красавіка тыя яго не пакінулі. У першыя дні сакавіка серыя расейскіх авіяўдараў разбурыла 8 шматкватэрных дамоў, дзе жылі больш за 600 сем’яў.

Буча

Горад Буча месціцца прыкладна за 30 кіламетраў на паўночны захад ад Кіева. Расейскія войскі акупавалі яго ў канцы лютага. Вядома, што 5 асобаў былі забітыя расейскімі вайскоўцамі з 4 па 19 сакавіка. Пасля адыходу адтуль расейскіх войскаў у канцы сакавіка на вуліцах журналісты знайшлі целы прынамсі 21 асобы. На месцы, дзе, паводле мясцовых жыхароў, была база расейскіх войскаў, знайшлі 9 забітых мірных жыхароў. Яшчэ 67 целаў былі эксгумаваныя з супольнай магілы. Экспертыза паказала, што 40 з іх былі мірнымі жыхарамі.

Паводле звестак BBC, усяго ў Бучанскім раёне за амаль месяц расейскай акупацыі забілі больш за тысячу мірных жыхароў. Разбурэнні ў Бучы ацэньваюцца ў 26 %.

Валнаваха

Валнаваха – горад на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці Украіны. У час уварвання расейскіх войскаў ва Украіну горад быў практычна цалкам знішчаны ў выніку працяглых баёў паміж Збройнымі сіламі Украіны і войскамі РФ.

Указам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага 6 сакавіка Валнаваха атрымала званне «Горад-герой Украіны». 11 сакавіка Мінабароны Расеі заявіла, што горад кантралюецца так званай ДНР. Наступным днём старшыня Данецкай абласной вайскова-цывільнай адміністрацыі Павел Кірыленка заявіў, што пасля баявых дзеянняў і эвакуацыі насельніцтва горад фактычна перастаў існаваць, а 16 сакавіка пацвердзіў захоп гораду расейскімі войскамі. Паведамляецца, што горад разбураны на 85 %.

Ірпінь

Горад размешчаны на рацэ Ірпінь, за 8 км ад Кіева. Падчас расейскага ўварвання Ірпінь стаў полем бітвы і быў часткова акупаваны. Расейскія войскі занялі аэрапорт Антонаў за 6 км на поўнач ад гораду і пасоўваліся далей да Кіева. Горад быў абстраляны расейскай артылерыяй, у той час як ЗСУ змаглі адбіць і знішчыць частку сілаў, што спрабавалі рушыць наперад у Ірпінь. 27 лютага ўкраінскія сілы паведамілі, што расейскія сухапутныя войскі ўсё ж такі прарваліся ў бок Ірпіня – у горадзе распачаўся танкавы бой.

Расейскія вайскоўцы 6 сакавіка абстралялі мінамі адзіны мост, праз які жыхары спрабавалі эвакуявацца з гораду. Яшчэ адзін мост праз раку Ірпінь разбурылі самі ўкраінскія сілы, каб не дапусціць пераходу сухапутных расейскіх войскаў у бок Кіева. Усяго Ірпінь разбураны на 71 %.

24 сакавіка Ірпінь атрымаў званне горада-героя Украіны, а 28 сакавіка мэр гораду Аляксандр Макрушын абвясціў, што горад быў цалкам вернуты пад кантроль украінскіх войскаў.

Кіеў

Неўзабаве пасля аб’явы пра ўварванне Расеі ва Украіну раніцай 24 лютага па Кіеве былі зробленыя пунктавыя ракетныя ўдары, у тым ліку па вайсковых абʼектах вакол сталіцы. Частка насельніцтва пастаралася пакінуць горад, утварыліся кіламетровыя заторы. А ўлады Кіева пачалі рыхтаванне да абароны гораду. Раніцай таго ж дня расейскія войскі ўвайшлі ў Кіеўскую вобласць.

25 лютага ракетныя ўдары працягнуліся, а 1 сакавіка расейскі бок нанёс удары па кіеўскай тэлевежы, у выніку чаго загінулі 5 асобаў.

Пазней мэр гораду Віталь Клічко паведаміў, што сталіца працягвае ўмацоўваць абарону, а з пачатку вайны горад пакінулі амаль 2 млн жыхароў – гэта палова насельніцтва гораду.

Спроба расейскіх войскаў узяць Кіеў напачатку вайны скончылася правалам.

Лісічанск

Лісічанск размешчаны ў Луганскай вобласці і ўсё яшчэ кантралюецца ўкраінскімі ўладамі. Аднак горад жыве пад пастаяннымі абстрэламі.

У Лісічанску знявечаная абстрэламі большая частка гораду: аптэкі, крамы і жылыя дамы. 1 траўня ў выніку абстрэлу расейскімі войскамі быў знішчаны помнік архітэктуры – гімназія.

Марыупаль

З 28 лютага Марыупаль застаецца ў аблозе. Тэрыторыя гораду з самага пачатку вайны зазнавала абстрэлы артылерыйскімі снарадамі і пунктавымі ўдарамі з паветра, у выніку 90 % гораду разбурана. Марыупаль стаў адным з найбольш пацярпелых гарадоў Украіны. Таксама падчас баёў артылерыя і налёты расейскай авіяцыі практычна знішчылі адзін з найбуйнейшых заводаў чорнай металургіі «Азоўсталь», а 20 траўня, пасля 81-дзённай аблогі гораду, здаліся апошнія сілы абароны заводу.

Са звестак украінскіх уладаў на канец траўня, 150 тысяч жыхароў усё яшчэ заставаліся ў Марыупалі, а загінулі не менш за 10 тысяч.

Цяпер Марыупаль застаецца пад кантролем расейскай арміі.

Севераданецк

Севераданецк – горад у заходняй частцы Луганскай вобласці, яе часовы адміністрацыйны цэнтр.

З 5 сакавіка ў ваколіцах гораду ідуць баі паміж ЗСУ і расейскім войскам. Паводле кіраўніка вайскова-цывільнай адміністрацыі Севераданецку Аляксандра Струка, у выніку расейскага ўварвання ў горадзе пашкоджана 90 % жылога фонду.

28 траўня кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што ўкраінскім сілам пад Севераданецкам, магчыма, давядзецца адступіць з рэгіёну, каб не быць ачэпленымі і захопленымі расейскімі войскамі. На 1 чэрвеня расейскімі войскамі акупавана 80 % Севераданецку.

Харкаў

Пасля пачатку расейскага ўварвання ў Харкаве, што на ўсходзе Украіны, таксама пачаліся баі, горад быў бамбаваны. 15 сакавіка мэр гораду заявіў, што расейскія войскі абстрэламі руйнуюць цэлыя мікрараёны Харкава. Таксама праз абстрэлы гораду сярод мірнага насельніцтва загінулі больш за 500 жыхароў. Больш за 500 будынкаў атрымалі пашкоджанні або былі разбураныя. На пачатак чэрвеня абстрэл гораду не спыняецца.



За «подзвіг, масавы гераізм і трываласць грамадзянаў падчас адпору ўзброенай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны» Харкаў быў узнагароджаны званнем «Горад-герой Украіны».

Чарнігаў

З самага пачатку вайны 24 лютага расейскія войскі падступілі да Чарнігава і, пазбаўленыя магчымасці яго захапіць, пачалі суцэльны абстрэл яго цывільнай інфраструктуры авіяцыяй і артылерыяй. Пасля бесперапынных абстрэлаў горад мусілі пакінуць дзве траціны жыхароў, а потым расейскія войскі разбурылі апошні мост і эвакуацыя спынілася. Абстрэл гораду спыніўся толькі 6 красавіка адводам расейскіх войскаў з Чарнігаўскай вобласці.

Паводле мэра Уладзіслава Атрошэнкі, горад разбураны на 70 %, а з пачатку расейскага ўварвання ва Украіну ў Чарнігаве загінулі каля 700 асобаў. Чарнігаў таксама быў узнагароджаны званнем «Горад-герой Украіны».

Украінскія ўлады спадзяюцца, што донары, міжнародныя арганізацыі і ўрады еўрапейскіх краінаў захочуць дапамагчы аднаўляць Украіну пасля вайны з Расеяй. Усяго на аднаўленне трэба будзе мець сотні мільярдаў еўраў. Дакладных лічбаў пры вайне, што дагэтуль працягваецца, пакуль назваць немагчыма.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў