Зборная Беларусі па хакеі зазнала паразу ад Расеі з лікам 0:6. На матч прыйшоў адзін заўзятар

Зборная Беларусі завяршыла свой удзел у чэмпіянаце свету па хакеі ў Латвіі з разгромным паражэннем ад Расеі – 0:6.

Хакейны матч Беларусь – Расея. Фота: championat.com

Расейцы закінулі пяць шайбаў у першым перыядзе ўжо на 17-й хвіліне матчу. Першая ж шайба была ў браме зборнай Беларусі на 36-й секундзе.

Як адзначае расейскі спартовы партал «Сhampionat», «беларусы выглядалі зусім «мёртвымі», нават не спрабавалі адпавядаць расейскім хуткасцям і ўмешвацца ў кантроль шайбы нашых [расейскіх] хакеістаў».

У выніку зборная Беларусі заняла апошняе месца ў групе і атрымала толькі адну перамогу ў сямі матчах.

На сустрэчы дзвюх камандаў у Рызе прысутнічаў толькі адзін чалавек, пры дазволенай змяшчальнасці лядовай арэны 1058 гледачоў. Усяго на матч прадалі два квіткі.

Фота: Sport24
Фота: Sport24

«Рэдка бывае ў нас такое, раз на 15 гадоў, а тут такі шанец. Трэба схадзіць», – заявіў заўзятар, дадаўшы, што ён родам з Латвіі, аднак заўзее за Расею.

Пры гэтым на арэну маглі трапіць толькі жыхары Латвіі з сертыфікатам, які пацвярджае наяўнасць прышчэпкі ад каронавіруснай інфекцыі.

У Рызе стартуе чэмпіянат свету па хакеі, які павінен быў прайсці і ў Беларусі

АД, belsat.eu

Hавiны