Як і прасіў пракурор. Затрыманым у Горадні паплечнікам Ціханоўскага вынеслі прысуды


Кастрычніцкі суд Горадні 2 чэрвеня агучыў вырак тром паплечнікам блогера і палітыка Сяргея Ціханоўскага, якіх затрымалі яшчэ ў траўні 2020 года.

«Зыходзячы з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці»

17 траўня на судовых спрэчках пракурор Мікіта Мыслівец папрасіў суд пакараць 35-гадовага інжынер Дзмітрыя Фурманава двума гадамі калоніі агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку – трыма з паловаю гадамі, Уладзіміра Кнігу – чатырма гадамі. Менавіта такія тэрміны і прысудзіла 2 чэрвеня суддзя Вольга Бекушава.

Для кожнага з абвінавачваных абцяжвальнымі абставінамі прызналі «здзяйсненне злачынства групай асобаў па папярэдняй змове», а таксама «з матываў палітычнай ды ідэалагічнай варожасці».

Суд таксама задаволіў пазоў пра кампенсацыю шкоды аўтапарку УУС Гарадзенскага аблвыканкаму на 229 рублёў ды пазовы пацярпелых міліцыянтаў – «зыходзячы з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці». Участковы Уладзімір Казлоўскі выставіў Разнічэнку пазоў на 1000 рублёў, амапавец Дзмітрый Рахунок заявіў пазоў да Уладзіміра Кнігі на 1000 рублёў.

Шмат аўтобусаў, ціхароў і міліцыянтаў сустракалі наведнікаў суда.
Фота: Белсат

За паўгадзіны да абвяшчэння выраку вакол будынку суда заўважылі спецтранспарт: два «Патрыёты», адна «Газель» з АМАПам без апазнавальных знакаў, адзін аўтобус з характэрнымі асобамі ўсярэдзіне. Увесь транспарт – з танаваным шклом. У двары суда каля ўваходу – міліцыянты, вакол будынку хадзілі шмат асобаў з бародамі і рваных джынсах з відэарэгістратарамі.

У фае суда забаранілі здымаць. Усіх, хто прыйшоў на суд, скрупулёзна даглядзелі. На абвяшчэнне выраку прыйшлі дзясяткі чалавек, але пусцілі не ўсіх.

Hавiны
Сёння ў Горадні вынесуць прысуд тром гарадзенцам у «справе Ціханоўскага». Што вядома пра гэтую справу
2021.06.02 12:05

Выбарчы пікет стаў злачынствам

Увечары 29 траўня ў Горадні на плошчы Савецкай адбываўся пікет для збору подпісаў за вылучэнне кандыдаткаю на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай. Прыехаў кіраўнік ейнага штабу, блогер Сяргей Ціханоўскі. У пэўны момант да яго прычапіліся дзве жанчыны: сталі задаваць правакацыйныя пытанні, хапаць за адзенне. Сяргей адыходзіў ад іх, але тыя даганялі. Неўзабаве падышлі два міліцыянты, людзі намагаліся засланяць блогера ад іх, утварыўся натоўп. Адзін з міліцыянтаў раптоўна ўпаў на зямлю.

У выніку 15 чалавек былі затрыманыя АМАПам: разам з Ціханоўскім зняволілі каардынатара гарадзенскага штабу Дзмітрыя Фурманава, чальцоў каманды Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу, а таксама мясцовых жыхароў. Частку затрыманых пазней вызвалілі.

Відавочцы падзеяў кажуць аб правакацыі, міліцыя – пра напад на супрацоўнікаў: нібыта падчас патасоўкі пацярпеў міліцыянт. Сярод двух пацярпелых міліцыянтаў толькі ў аднаго зафіксавалі ўдар пярэдняй брушной сценкі, але і яму шпіталізацыя не спатрэбілася.

У Дзмітрыя Фурманава пасля затрымання былі зафіксаваныя раны і гематомы на твары, руках і нагах ад не менш як дзевяці ўдараў цвёрдым тупым прадметам. Ва Уладзіміра Кнігі таксам былі гематома і сіняк на твары.

Карыстальнікі інтэрнэту даволі хутка апазналі ў сацсетках удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага. Гэта Алена Кузьміна, удзельніца чату «Развратная Беларусь». Аднак на суд яе ў якасці сведкі так і не выклікалі.

Падсудных вінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Разнічэнку і Кнігу дадаткова прызналі вінаватымі ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі ў справе праходзяць чацвёра супрацоўнікаў, два з якіх агулам патрабуюць 10 тысячаў рублёў за маральную шкоду.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў