Сёння ў Горадні вынесуць прысуд тром гарадзенцам у «справе Ціханоўскага». Што вядома пра гэтую справу


Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў.
Фота: spring96.org

Кастрычніцкі суд Горадні 2 чэрвеня вынесе вырак тром гарадзенцам у справе, якая доўжылася больш за год. Менавіта блогер Сяргей Ціханоўскі ды ягоныя паплечнікі першымі адчулі на сабе ўдар рэпрэсіяў апошняй прэзідэнцкай кампаніі: іх затрымалі яшчэ ў траўні 2020 года. Сёння над імі адбываюцца суды ў гэтак званай справе Ціханоўскага.

17 траўня на судовых спрэчках пракурор Мікіта Мыслівец папрасіў суд пакараць Дзмітрыя Фурманава двума гадамі калоніі агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку – трыма з паловаю гадамі калоніі агульнага рэжыму, Уладзіміра Кнігу – чатырма гадамі калоніі строгага рэжыму.

Падсудных абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Разнічэнку і Кнігу вінавацяць дадаткова ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі ў справе праходзяць чатыры супрацоўнікі міліцыі, два з якіх агулам патрабуюць 10 тысяч рублёў за маральную шкоду.

«Брат схуднеў. У лістах трымаецца бадзёра, але настрой у нас усіх вельмі трывожны. Чакаем выніку», – адзначае перад апошнім словам Ганна, сястра Яўгена Разнічэнкі.

«Мы вельмі перажываем за сына: яго змясцілі ў карцар. Галоўнае, каб ён быў здаровы. Гэта ўсё так зацягнулася, мы вельмі стаміліся ад гэтага ўсяго, ад гэтай нявызначанасці», – прыгнечана кажа спадар Аляксандр, бацька Дзмітрыя Фурманава.

Фурманаў Ціханоўская галадоўка Валадарка
Каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага маці Дзмітрыя Фурманава і ягоная дзяўчына абвесцілі бестэрміновую галадоўку. Яны выйшлі да СІЗА з партрэтамі вязня. На здымку з бацькамі размаўляе Святлана Ціханоўская. Менск, Беларусь. 27 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

Традыцыйна на кожнае судовае паседжанне прыходзяць падтрымаць падсудных каля 30 асобаў. На некаторыя паседжанні з’яўляецца таксама і «група падтрымкі» пацярпелых міліцыянтаў: праз вялікую колькасць амапаўцаў у судовую залу шмат хто не можа трапіць.

Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава.

З чаго ўсё пачалося

Увечары 29 траўня ў Горадні на плошчы Савецкай адбываўся пікет для збору подпісаў за вылучэнне кандыдаткаю на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай. Прыехаў кіраўнік ейнага штабу, блогер Сяргей Ціханоўскі. У пэўны момант да яго прычапіліся дзве жанчыны: сталі задаваць правакацыйныя пытанні, чапаць за адзенне. Сяргей адыходзіў ад іх, але тыя даганялі. Неўзабаве падышлі два міліцыянты, людзі намагаліся засланяць блогера ад іх, утварыўся натоўп. Адзін з міліцыянтаў раптоўна ўпаў на зямлю.

У выніку 15 чалавек былі затрыманыя АМАПам: разам з Ціханоўскім зняволілі каардынатара гарадзенскага штабу Дзмітрыя Фурманава, чальцоў каманды Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу, а таксама мясцовых жыхароў. Частку затрыманых пазней вызвалілі.

Відавочцы падзеяў кажуць аб правакацыі, міліцыя – пра напад на супрацоўнікаў: нібыта падчас патасоўкі пацярпеў міліцыянт.

Абноўлена
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА
2020.05.29 21:10

Міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага, які апынуўся на асфальце, даставілі ў абласны шпіталь хуткай дапамогі. У яго зафіксавалі ўдар пярэдняй брушной сценкі, але шпіталізацыя не спатрэбілася. Таксама па дапамогу да медыкаў звярнуўся супрацоўнік у цывільным, але ніякіх цялесных пашкоджанняў у яго не выявілі. Пра пашкоджанні іншых пацярпелых не паведамлялася.

У Дзмітрыя Фурманава пасля затрымання былі зафіксаваныя раны і гематомы на твары, руках і нагах. Яны былі атрыманыя ў выніку не менш дзевяці ўдараў цвёрдым тупым прадметам. Фурманаў распавёў, што атрымаў траўмы падчас затрымання на пікеце і, магчыма, у аўтобусе, калі страціў прытомнасць. Ва Уладзіміра Кнігі зафіксаваныя гематома і сіняк на твары.

Карыстальнікі інтэрнэту даволі хутка апазналі ў сацсетках удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага. Гэта Алена Кузьміна, удзельніца чату «Развратная Беларусь». Аднак на суд яе ў якасці сведкі так і не выклікалі.

Hавiны
Правакатарка з пікету Ціханоўскага распавяла некаторыя падрабязнасці інцыдэнту ў Горадні
2021.01.26 18:06

Пасля гэтага інцыдэнту пачалася хваля затрыманняў сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Нягледзячы на гэта, да пікету Святланы Ціханоўскай у Горадні выстройваліся вялізныя чэргі людзей, якія гатовыя былі стаяць нават пад дажджом, каб аддаць свой подпіс.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага ды іншых затрыманых у Горадні палітычнымі вязнямі.

Падсудныя: хто яны

Дзмітрый Фурманаў, 35 гадоў. Мае вышэйшаю адукацыю, паводле спецыяльнасці – інжынер-механік, працяглы час быў вядучым спецыялістам у «Горадняаблаўтатрансе».

Падчас перадвыбарчай кампаніі стаў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гарадзенскай вобласці, а таксама быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Страна для жизни».

Калі пачаліся затрыманні людзей на пікеце, Дзмітрый сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Да яго падбеглі амапаўцы, схапілі і пацягнулі праз сквер у машыну.

Бацька гарадзенца Аляксандр Фурманаў звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім казаў пра тое, што Дзмітрый ніякага закону не парушаў, і патрабаваў выканання законнасці.

Аляксандр Фурманаў, бацька палітвязня Дзмітрыя Фурманава, паказвае фота сына. Горадня, Беларусь. Люты 2021 года.
Фота: МК / Белсат

З 26 ліпеня маці палітвязня Вольга Фурманава і ягоная дзяўчына Вольга Каракіна абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля следчага ізалятару. Яны патрабавалі вызваліць Дзмітрыя Фурманава ды іншых людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а таксама спынення крымінальных справаў паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Маці перастала галадаць праз праблемы са здароўем: дзесяць дзён яна ўжывала толькі ваду. А 4 жніўня спыніла галадаванне і Вольга Каракіна.

Hавiны
«Увесь час нехта прыходзіць, падтрымлівае». Маці і нявеста Фурманава другі дзень галадаюць каля СІЗА
2020.07.27 15:06

Бацькі Дзмітрыя распавядаюць, што ў лістах сын трымаецца аптымістычна і стараецца больш іх падтрымаць, чым нешта прасіць. Пісаў, што ў камеры СІЗА гуляе ў шахматы, чытае, адказвае на лісты, займаецца фізкультураю.

Яўген Разнічэнка, 35 гадоў, будаўнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Да вясны 2020 года працаваў у Маскве. Вяртацца ў Беларусь не планаваў, але ў канцы сакавіка вымушаны быў прыехаць у Горадню праз смерць бацькі. Вярнуцца ў Расею не здолеў праз закрытыя мяжы. Тады ён на час эпідэміі стаў шукаць працу і адначасова цікавіцца палітыкаю: браў удзел у стрымах блогера Сяргея Ціханоўскага, акцыях на ягонае падтрыманне і паспеў адседзець содні за гэта.

З каналам Сяргея Ціханоўскага гарадзенец быў знаёмы і раней, яшчэ ў Маскве ён глядзеў ягоныя стрымы.

Яўгена Разнічэнку затрымалі пасля пікету ў ноч на 30 траўня. Падчас патасоўкі на плошчы Разнічэнка паклаў на асфальт міліцыянта. Увечары гэтага дня ён запісаў галасавое паведамленне і размясціў яго ў тэлеграм-чаце «Страна для жизни», дзе расказаў пра абставіны інцыдэнту: Казлоўскі падчас штурханіны паваліўся на яго, Яўген акуратна падтрымаў міліцыянта і паклаў на зямлю.

Уладзімір Кніга, валанцёр ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Яму каля 50 гадоў, ён працаваў на адным з прадпрыемстваў Горадні, у мінулым працаваў у АМАПе.

Падчас затрымання 4 чэрвеня Уладзімір Кніга ў якасці валанцёра дапамагаў выстаўляць на Савецкай плошчы пікет ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай.

Версія абвінавачання

Справу паводле арт. 342 і арт. 364 КК пачалі разглядаць у студзені. Згодна з версіяй дзяржаўнага абвінавачання, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Кніга і Яўген Разнічэнка дзеялі групай асобаў па папярэдняй змове паводле раней распрацаванага плану. Яны згаварыліся са Статкевічам, Севярынцам і Ціханоўскім яшчэ ў 2019 годзе, заявіў пракурор падчас суда.

Гісторыі
Бацька палітычнага вязня Дзмітрыя Фурманава: «Мы ганарымся, што ў нас такі сын»
2021.02.21 13:07

На думку дзяржабвінавачання, Сяргей Ціханоўскі выкарыстаў збор подпісаў, каб правесці агітацыю і выказаць сваё меркаванне пра грамадска-палітычную сітуацыю. Сапраўдная ж мэта імпрэзы – «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з непадпарадкаваннем уладзе, што пацягнула за сабою парушэнне працы транспарту». У якасці правакацыі Ціханоўскі выкарыстаў спецыяльную лінію паводзінаў: грэбліва ставіўся да прадстаўнікоў улады і публічна аказаў непадпарадкаванне патрабаванням участковых Казлоўскага і Хвалені.

Хтосьці сказаў міліцыянтам, што жанчына прыстае да Ціханоўскага. У 19:54 яны падышлі да блогера, а ён дэманстратыўна і грэбліва не рэагаваў на патрабаванні ўчастковых і пачаў сыходзіць з месца здарэння. Гэтым, на думку пракурора, ён справакаваў канфліктную сітуацыю і даў знак суўдзельнікам пра пачатак «дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Дзмітрыя Фурманава абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК – удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Паводле пракурора, Фурманаў дапамагаў шукаць Ціханоўскаму суўдзельнікаў за ўзнагароджанне. Ён быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гарадзенскай вобласці і актывістам «пратэставага руху» Ціханоўскага «Краіна для жыцця». Паводле пракурора, «Краіна для жыцця» – гэта «падкантрольная інфармацыйная сетка для абмену матэрыяламі і ўказаннямі па разварушванню пратэсных настрояў».

Злева направа: Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. У Кастрычніцкім судзе працягваецца судовы працэс у «справе Ціханоўскага». Горадня, Беларусь. 11 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Яўген Разнічэнка ў 19:54 нібыта схапіў міліцыянта Казлоўскага і прытрымліваў рукамі, адцягваючы ад блогера. А потым паваліў на ходнік. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Уладзімір Кніга нібыта рэзка зачыніў бакавыя дзверы аўтамабіля, у які хацелі змясціць затрыманага Ціханоўскага, пашкодзіўшы механізм. Гэтым ён нібыта нанёс аўтагаспадарцы УУС шкоду на 229 рублёў. Пасля гэтага, паводле версіі абвінавачання, Кніга ўдарыў камандзіра роты АМАПу Рахунка, утрымліваў яго за форму і цела, у тым ліку шыю, адцягваючы ад Ціханоўскага. Яго таксама абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 і арт.364 КК.

«Пацярпелыя» сілавікі патрабуюць грошай

Пацярпелымі ў справе прызнаныя чатыры міліцынты: Уладзімір Казлоўскі, Аляксандр Хваленя, камандзір роты гарадзенскага АМАПу Дзмітрый Рахунок і камандзір групы АМАПу Віктар Буднік.

Уладзімір Казлоўскі выставіў Разнічэнку пазоў на суму 8000 рублёў.

«Сярэдні заробак – тысяча рублёў за месяц. На працягу ўсяго часу пасля таго, што здарылася, у мой адрас і адрас маёй сям’і паступаюць пагрозы фізічнай расправы. І што нажом зарэжуць, па ўсіх законах шарыяту разбяруцца, выклікаюць на паядынкі. Я напісаў заяву, па гэтым факце ўзбуджаная крымінальная справа», – растлумачыў міліцыянт і ўдакладніў, якія менавіта маральныя пакуты перажывае: роспач, трывога, пасіўнасць.

Аляксандру Хваленю і Уладзіміру Казлоўскаму падчас допытаў задалі пытанне, чаму міліцыянты не затрымлівалі таксама жанчын, беспасярэдніх удзельніц канфлікту. Пацярпелыя ўцямна адказаць на гэта не змаглі, «проста не бачылі неабходнасці» хаця б перапісаць звестак гэтых жанчын.

«Яны нікуды не сыходзілі, а Ціханоўскі сыходзіў», – сказаў Хваленя.

Пацярпелы амапавец Дзмітрый Рахунок заявіў пазоў да Уладзіміра Кнігі на суму 2000 рублёў. Ён збіраецца пералічыць іх у дзіцячы дом.

Уладзімір Кніга на судзе.
Фота: spring96.org

Рахунок падчас дачы паказанняў распавёў, што знаёмы з Уладзімірам, яны раней разам служылі ў АМАПе:

«У 2010-м плячом да пляча стаялі на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праз год ён здзейсніў злачынства, яго звольнілі за перавышэнне паўнамоцтваў. Але, нягледзячы на гэта, мы фінансава дапамагалі ягонай сямʼі ў складаны перыяд».

Затрымаўшы Ціханоўскага, амапаўцы павялі блогера да машыны. Падыходзячы да буса, распавядае Рахунок, ён бакавым зрокам убачыў Уладзіміра Кнігу:

«Ён наўмысна моцна дзвюма рукамі штурхнуў мяне ў плячо. У мяне ўпала маска, барэт. Потым ён пачаў хапаць мяне за шыю. Хтосьці з маіх калегаў адцягнуў яго ад мяне. Не чакаў такіх дзеянняў ад таварыша, які служыў плячо ў плячо, які здрадзіў нам, сямʼі якога мы дапамагалі ў складанай сітуацыі. Акрамя таго, пасля гэтага затрымання мае фатаграфіі выкінулі ў інтэрнэт».

Уладзімір Кніга падчас допыту заявіў, што натоўп і бойку на плошчы стварылі штучна, хтосьці спецыяльна крычаў і штурхаўся, калі на плошчы з’явілася міліцыя:

«Я працаваў у МУС, магу адрозніць правакацыю ад рэальнай сітуацыі. Я быў у шоку ад гэтых падзеяў».

У сакавіку Дзмітрый Фурманаў абвяшчаў галадоўку. Прычынамі ён назваў несправядлівае да яго стаўленне. 9 сакавіка яго пасадзілі ў карцар на 5 содняў. Таксама ўжо месяц яго за межамі камеры пераводзяць у кайданках, нібыта ён уяўляе небяспеку для іншых. Пасля Змітра зноўку кінулі ў карцар. Агулам ён правёў там ужо 28 дзён, тэрмін падоўжылі да 8 чэрвеня.

Апошняе слова: «Беларусь будзе сапраўднаю краінаю для жыцця»

31 траўня падсудныя выступілі з апошнім словам.

Людзі прыйшлі падтрымаць падсудных. Горадня. Беларусь. 31 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Дзмітрый Фурманаў заявіў, што ў краіне наступіў прававы дэфолт:

«Гэты антыграмадскі рэжым пераменіцца, і на яго месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць адраджаць нацыянальныя каштоўнасці, павышаць узровень жыцця грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

Дзмітрый выказаў упэўненасць, што беларусы яшчэ будуць ганарыцца сваёй дзяржавай, міліцыяй, следчымі органамі, пракуратурай, судовымі ўстановамі, прафесійнымі звязамі і, нарэшце, сваёй беларускаю моваю, гімнам, сцягам, гербам.

Артыкулы
Фурманаў зноў у карцары. Ягоны бацька мяркуе, што гэтак хаваюць пабоі
2021.05.26 14:00

«Таму якое б ні было прынятае рашэнне ў адносінах мяне і маіх сяброў, я ўпэўнены, што ў нас ува ўсіх усё абавязкова будзе добра. Але толькі дзякуючы такім неабыякавым людзям, якія нас падтрымліваюць у лістах і паштоўках. Няхай нашая Беларусь заўсёды застаецца сонечнай і квітнеючай, а ў будучыні будзе сапраўднаю краінаю для жыцця».

Скончыў ён свой выступ вершам гісторыка Міколы Ермаловіча, які быў надрукаваны ў 1976 годзе:

«Ты хочаш жыць для Беларусі,

Служыць за праўду ў барацьбе?

Тады, мой сябра, я звярнуся

З наступным словам да цябе.

Прымай жа праўду ты без страху

(Як некалі прыняў Кастусь),

Няма цяжэйшага больш шляху,

Чым у змагара за Беларусь».

У сваім апошнім слове Яўген Разнічэнка падзякаваў тым, хто прыходзіў падтрымаць зняволеных падчас судовых паседжанняў, і заявіў, што абвінавачанні – гэта выдумка:

«Звычайную сямейную размову пра планаванне адпачынку спрабуюць падаць як рыхтаванне да нейкіх супрацьпраўных дзеянняў. Мой дзед да самай смерці служыў у ваенізаванай ахове, – Яўген заплакаў. – Мой бацька таксама ў свой час служыў у ахове. Таму я ведаю не па чутках, што гэта за праца, а вы мне сёння кажаце пра гвалт. Не, грамадзяне, не тое ў мяне выхаванне, каб камусьці помсціць. Вы сёння адпраўляеце мяне за краты, бо хтосьці выказаў здагадку, што я нібыта магу схавацца толькі праз тое, што я некалькі разоў выязджаў на адпачынак. Усе дзеянні лічу правакацыяй, віны не прызнаю, прашу мяне апраўдаць».

Сяргей Ціханоўскі і Яўген Разнічэнка.
Фота: hrodna.life

Уладзімір Кніга заявіў, што падзеі 29 траўня – загадзя спланаваная сілавымі ведамствамі правакацыя:

«Скажу коратка, што падзеі 29 траўня 2020 года – загадзя спланаваная сілавымі ведамствамі Рэспублікі Беларусь правакацыя. Усе факты вы самі прыводзілі ў матэрыялах справы, відэа. Удакладняць не буду, людзі самі зрабілі свае высновы, таму толькі ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»

АП, belsat.eu

Стужка навінаў