«Спроба адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў». Валдас Адамкус пракаментаваў падазрэнні беларускай Генпракуратуры


Валдас Адамкус.
Фота: Tomas Piliponis / Wikimedia

Былы прэзідэнт Літвы Валдас 94-гадовы Валдас Адамкус назваў абсурдам падазрэнні беларускай пракуратуры ў яго датычнасці да «генацыду беларусаў».

«Гэта абсурд. Я нават не ведаю, што такія арганізацыі наогул існавалі. Паняцця не маю, што яны рабілі і хто гэтыя людзі. Упершыню чую», – сказаў палітык у каментары агенцтву BNS.

Ён таксама назваў дзеянні беларускай Генпракуратуры «дурной спробай адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду». Паводле яго, «гэта ніяк не жаданне нешта высветліць, а проста фармальная правакацыя, каб уцягнуць больш людзей у іх унутраныя праблемы».

У чым яго вінавацяць

Нагадаем, што Генеральная пракуратура Беларусі хоча дапытаць экс-прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса ў якасці сведкі паводле справы пра генацыд насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Генпракуратура збіраецца праверыць дачыненне Адамкуса да дзейнасці батальёнаў, якія праводзілі карныя аперацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1944 годзе.

«Следства правярае інфармацыю, што ў штаб Арміі абароны Айчыны (Tėvynės apsaugos rinktinė), прысягнуўшы добраахвотна, паступіў на службу ў якасці паручанца Імпулявічуса Вальдэмарас Хубертас Лаймуціс Адамкавічус», – заяўляе беларуская пракуратура.

У ведамстве падкрэсліваюць, што «2-і (12-ы) літоўскі батальён, якім кіраваў Антанас Людвікас Імпулявічус-Імпуленас па мянушцы «Менскі мяснік», быў сфармаваны з добраахвотнікаў, якія пражывалі на тэрыторыі сучаснай Літвы, і праводзіў карныя аперацыі на тэрыторыі Менску, Менскай і Берасцейскай вобласцяў».

Hавiны
Генпракуратура Беларусі хоча дапытаць экс-прэзідэнта Літвы ў справе пра генацыд беларусаў
2021.06.02 14:04

Што не так з афіцыйнай версіяй

Увагу на нестыкоўкі версіі Генпракуратуры звяртае «Наша Ніва». Выданне прызнае, што 2-гі літоўскі паліцэйскі батальён Імпулявічуса сапраўды ладзіў карныя аперацыі ў Беларусі, але Адамкус у ім служыць не мог, бо быў замаладым, калі батальён фармаваўся.

А «Армія абароны Айчыны», якая згадваецца ў паведамленні пракуратуры, была створаная толькі ў жніўні 1944 года, калі Беларусь была ўжо вызваленая ад нацыстаў. Сама армія ваявала толькі кароткі час і тое на тэрыторыі Літвы. Пры гэтым у адкрытых крыніцах няма звестак пра тое, што 17-гадовы Адамкус ваяваў у Арміі абароны Айчыны.

Больш за тое, заходнія саюзнікі не разглядалі Літоўскія сілы тэрытарыяльнай абароны як арганізацыю, датычную да ваенных злачынстваў.

«Гэта былі ваенныя, а не карныя часткі. Нават калі б Адамкус і служыў там непаўналетнім – а пакуль няма ніякіх падстаў думаць, што служыў, – то ў тым няма складу злачынства з пункту гледжання Літвы», – піша «Наша Ніва».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў