Прэзідэнтка Эстоніі: Санкцыі – бадай, толькі некалькі адсоткаў ад тых цяжкасцяў, з якімі беларусы сутыкаюцца сёння


Аліна Коўшык паразмаўляла з прэзідэнкай Эстоніі Керсці Кальюлайд пра сітуацыю ў Беларусі і санкцыі.

Спадарыня прэзідэнтка, шчыра дзякую, што пагадзіліся на інтэрв’ю, гэта вялікі гонар для нас.

Я таксама радая з вамі паразмаўляць. Думаю, сёння быў вельмі кранальны дзень для ўсіх эстонцаў, якія адчуваюць моцную еднасць з беларускім народам.

Для нас гэта таксама быў асаблівы дзень, бо столькі ўвагі было нададзена беларускім пытанням з вашага боку. Чаму Беларусь настолькі важная для эстонцаў?

Мая бабуля правяла 9 гадоў у сталінскім ГУЛАГу. Палова маёй сям’і была выгнаная з Эстоніі ды ніколі не вярнулася. Такая гісторыя ёсць у кожнай сям’і. І гэтая гісторыя прыгнёту, цяжкага часу, смерці, жалобы і галечы – нашая агульная. Мы здолелі ўцячы праз вузкае вакно магчымасцяў, якое адкрылася ў 1990-ыя, цяпер мы сябры Еўрапейскага Звязу і NATO. І для нас было б абсалютна непрымальна з маральнага гледзішча, вобразна кажучы, зачыніць дзверы аўтобуса і з’ехаць, забыўшыся пра тых, хто не здолеў скарыстацца з гэтай магчымасці і цяпер робіць усё, каб скампенсаваць страчаны час. Як я ўжо падкрэслівала, і неаднаразова, мы заўжды думалі, што незалежнасць азначае свабоду, але мы зразумелі, што, на жаль, гэта не так.

Прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд і Святлана Ціханоўская.
Фота: Белсат

Беларусы зразумелі, што за свабоду трэба змагацца, што гэтая барацьба можа быць даволі працяглаю. Сёння вы шмат казалі пра санкцыі. Што можа зрабіць Эстонія, каб прыспешыць увядзенне сур’ёзных санкцыяў у ЕЗ? Як мы бачым, апошнія дзеянні Бруселю зусім не такія рашучыя, як хацелі б беларусы.

Гэта сапраўды так. Людзі ў Заходняй Еўропе вельмі часта не разумеюць, што значыць жыць у таталітарным рэжыме. Напрыклад, калі я заклікала закрыць межы, таксама і наземныя, яны сказалі, што тады беларусы не ўцякуць пры неабходнасці. Але ад гэтага рэжыму і так немагчыма ўцячы. Гэтыя межы толькі здаюцца адкрытымі, бо выехаць і ўехаць можна толькі тады, калі табе дазволяць. Менавіта так выглядае сітуацыя цяпер. І таму, якімі б ні былі санкцыі, яны будуць ствараць, бадай, толькі некалькі адсоткаў ад тых цяжкасцяў, з якімі беларусы сутыкаюцца сёння.

Але менавіта яны маглі б рэальна паўплываць на сітуацыю. З іншага боку, мы ведаем, што часта патрабуецца шмат часу, каб санкцыі пацягнулі за сабою нейкую рэакцыю. А людзі вельмі нецярплівыя. Яны, напрыклад, пытаюць, чаго мы дасягнулі тым, што ўтрымліваем санкцыі супраць акупаванага Крыму. Тады я нагадваю пра тыя 50 гадоў, калі падчас халоднай вайны краіны Балтыі былі акупаваныя, кожны памятаў пра гэта. Мы павінны быць цвёрдымі, і нават калі нашая нецярплівасць прымушае нас думаць, што санкцыямі мы нічога не дабʼёмся, мы павінны захоўваць цярплівасць і стаяць на сваім. Але сапраўды, цяжка глядзець людзям у вочы, ведаючы, што не можаш змяніць сітуацыі ўжо сёння, хоць і вельмі хочаш.

Святлана Ціханоўская разам з прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлайд і трупай Свабоднага тэатру.
Фота: Белсат

Як казала Святлана Ціханоўская, беларусы ўжо і так пакутуюць, нават без санкцыяў, таму мы не можам сказаць людзям, маўляў, праз санкцыі вы будзеце пакутаваць яшчэ больш.

Я думаю, што гэта не будзе выглядаць менавіта так. Я спадзяюся, што чацвёрты пакет санкцыяў ударыць менавіта па тых людзях, якія змаглі ўзбагаціцца дзякуючы супрацы з рэжымам, таму гэтых грошай беларускі народ і так не ўбачыць. Я не думаю, што людзі будуць яшчэ больш пакутаваць ад санкцыяў у эканамічным сэнсе. Але калі мы змусім рэжым пайсці на саступкі ў справе палітычных вязняў, думаю, беларускі народ гэта высока ацэніць.

Яшчэ адзін важны момант – вашае старшынства ў Радзе Бяспекі ААН. Які ў вас план на яго і што вы маглі б зрабіць для Беларусі?

Мы пільна сочым за сітуацыяй і падымаем беларускае пытанне пры кожнай нагодзе. Але мы павінны гуляць паводле правілаў Рады Бяспекі: у нас ёсць афіцыйны першасны парадак дня, і каб узняць нейкае пытанне, яшчэ 10 краінаў маюць яго падтрымаць. А ў Радзе Бяспекі шмат краінаў, якія хочуць прытрымлівацца асноўных прынцыпаў. Большасць краін – сябраў ААН маленькія, і міжнароднае права разам з правамі чалавека – гэта адзіная ядравая зброя, якая ў нас ёсць.

Брашура спектаклю «Error 403» Свабоднага тэатру.
Фота: Белсат

Якія вашыя ўражанні ад спектаклю? Ці спадабалася вам? Што вы адчулі?

Я хвалявалася, як будзе пачувацца Святлана, якая сядзела побач са мною, бо асабіста мне было вельмі цяжка гэта глядзець. Тыдзень таму я глядзела іншую пʼесу, на тэму Другой сусветнай вайны, «Яна прыйшлі апоўначы». І нават тыя падзеі адчуваліся вельмі блізкімі. А тут усё было як соль на свежыя раны, таму я хвалявалася за беларусаў, якія былі ў зале. У нашай краіне менавіта дзеячы культуры гучней за ўсё кажуць аб правах чалавека, нават у глабальным сэнсе, таму я даверылася ім. І, думаю, Святлана Ціханоўская таксама ўрэшце зразумела іхную мэту. Мне падалося, што ў выніку ёй спадабалася. Думаю, мы будзем працягваць дзеяць у тым жа кірунку. Калі б культурніцкая супольнасць усёй Еўропы рабіла тое, што сёння зрабіў тэатр «Vaba Lava», упэўненая, больш еўрапейцаў ведалі б пра змаганне беларускага народу.

belsat.eu

Стужка навінаў