МЗС Украіны пагражае санкцыямі, калі хаця б адзін беларускі самалёт паляціць у Крым

Эмінэ Джапарава. Фота: mfa.gov.ua

Міністэрства замежных справаў Украіны перасцерагло Аляксандра Лукашэнку ад легітымізацыі расейскай акупацыі Крыму.

Першая намесніца кіраўніка МЗС Украіны Эмінэ Джапарава заявіла, што Украіна імгненна адрэагуе, калі хоць адзін самалёт «Белавія» прызямліцца ў акупаваным Расеяй Крыме, піша «Укрінформ».

«Мы зафіксавалі для сябе заявы Лукашэнкі адносна звароту да Расеі і Пуціна з магчымым адкрыццём рэйсаў у акупаваны Крым», – заявіла Джапарава.

На яе думку, правакацыйныя заявы могуць быць эмацыйнай рэакцыяй Лукашэнкі на адказ Украіны на прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» у Менску, а таксама на санкцыі пасля наступу ўладаў Беларусі на апазіцыю і свабоду слова.

Украіна таксама закрыла Беларусі паветраную прастору. «Белавія» шукае новы шлях на поўдзень

«Мы будзем неадкладна дзейнічаць супраць любых спробаў легітымізацыі расейскай акупацыі Крыму, супраць любых спробаў усталяваць кантакты з так званымі «ЛНР» ці «ДНР». І калі хаця б адзін самалёт беларускай авіякампаніі апынецца на тэрыторыі акупаванага Крыму, санкцыі будуць непазбежныя з усімі негатыўнымі наступствамі», – заявіла Джапарава.

Паводле яе, поўную адказнасць за санкцыі і абмежаванні ў паветраных стасунках з Беларуссю і за нязручнасці грамадзянам Беларусі нясе персанальна Лукашэнка.

Джапарава таксама папярэдзіла, што Лукашэнка рызыкуе апынуцца на лаве падсудных у Гаазе разам з Пуціным у справе акупацыі Крыму і частак Данецкай і Луганскай вобласцяў. Разам з гэтым яна перакананая, што гэта ягоны асабісты выбар, а не пазіцыя беларускага народу.

Лукашэнка анансаваў палёты ў Крым праз Расею

1 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея прапрацуюць пытанне аб адкрыцці рэйсаў у Крым, і дадаў, што асабіста папрасіў аб гэтым Пуціна.

Ён таксама заявіў, што не супраць таго, каб у Беларусь апытаць затрыманага журналіста Рамана Пратасевіча прыехалі прадстаўнікі «пракуратуры ЛНР».

МГ belsat.eu

Hавiны