Латушка падаў заяву супраць Лукашэнкі ў польскую пракуратуру


Кіраўнік НАУ Павел Латушка 2 чэрвеня падаў у пракуратуру Варшавы заяву супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Павел Латушка падаў заяву супраць Лукашэнкі ў польскую пракуратуру.
Фота: latushka / Telegram

У пададзенай заяве гаворыцца пра пагрозы фізічнай расправы і рыхтаванне акту міжнароднага тэрарызму.

«Усе рэпрэсіі рэжыму супраць беларусаў і замежных грамадзянаў – за прававым полем. Вядома не толькі пра пагрозы, але і пра рыхтаванне рэальных дзеянняў, ажно да фізічнай ліквідацыі, накіраваных супраць дэмакратычных сілаў за межамі Беларусі. Мая заява – сімвалічная, якую я падаю, каб абараніць усіх беларусаў, якіх пераследуюць за мяжой», – заявіў Латушка.

Кіраўнік НАУ падкрэсліў, што важна праінфармаваць пракуратуру Польшчы пра пагрозы фізічнай ліквідацыі і планаваныя злачынствы з боку Аляксандра Лукашэнкі, Мікалая Карпянкова, Івана Церцеля, Рыгора Азаронка, Алега Гайдукевіча ды іншых чыноўнікаў і прапагандыстаў, накіраваных на арганізацыю ў тым ліку і ягонага выкрадання ў Польшчы ды незаконнага пазбаўлення волі.

Яшчэ адною мэтаю гэтай заявы Латушка бачыць у тым, каб папярэдзіць усіх, хто плануе злачынныя дзеянні супраць грамадзянаў Беларусі, што іхныя дзеянні не застануцца без прававых наступстваў: яны будуць пераследавацца паводле законаў розных дзяржаваў і ў розных дзяржавах свету.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў