Беларускі турызм: з каронавіруснага локдаўну – у палітычны

Нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе, пакуль увесь свет закрываў межы ды ратаваўся ад каронавірусу, беларуская дзяржава рабіла выгляд, што нічога не адбываецца, турызм адчувальна пацярпеў і ў нас. Плынь уязных турыстаў зменшылася амаль у 12 разоў, выязных – амаль у 4. Закрыліся 200 турыстычных фірмаў. З надзеяй турыстычная індустрыя і звычайныя беларусы глядзелі на новы сезон. Пакуль для нас зноў раптоўна не закрылася еўрапейскае неба – праз палітычныя прычыны.

На 30 гадоў назад

Паводле звестак Сусветнай турыстычнай арганізацыі, індустрыя турызму ў 2020 годзе страціла каля $ 1,3 трыльёна экспартнай выручкі і адкацілася да паказнікаў 30-гадовай даўніны. Вяртанне да перадпандэмічнага ўзроўню большасць экспертаў Сусветнай турыстычнай арганізацыі прагназуюць не раней за 2023 год. Збольшага аптымістычна глядзець у будучыню дазваляе шырокая праграма вакцынацыі, якая разгарнулася ў свеце. Хоць, адначасова выклікае насцярожанасць з’яўленне новых штамаў каронавіруса.

Кавярня на вул. Зыбіцкай. Менск, Беларусь. 18 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Беларускія эксперты ў турызме паўтараюць услед за сусветнымі: пандэмія адкінула турызм на 30 гадоў назад. Паказнікі ўезду ў краіну, згодна са звесткамі Беларускага нацыянальнага статыстычнага камітэту, у 2020 годзе аказаліся на ўзроўні 1991 года, Беларусь наведалі ўсяго 34 156 турыстаў. Для параўнання, у 2019 годзе гэта былі 405 472 чалавекі. Абсалютная большасць турыстаў у пандэмічны год у нас была з Расеі – 24 578 чалавек, прыблізна па тысячы – з Польшчы ды Літвы.

Колькасць выязных турыстаў упала ў чатыры разы, з амаль мільёна (982 935) у 2019 годзе да 253 877 тысячаў чалавек у 2020-м. Абсалютная большасць выездаў – у Егіпет (115 302) і Турцыю (62 556), бо гэтыя краіны працягвалі прымаць турыстаў нават у разгар пандэміі.

За 2020 год у Беларусі закрыліся каля 200 турыстычных фірмаў, у 2019-м іх было 1544, напрыканцы 2020-га – 1348.

«Аўтобусныя туры былі нашым унікальным здабыткам, цяпер іх няма»

У Беларусі, паводле эксперткі ў турызме, рэдактаркі парталу Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Ліліі Кобзік, з мінулага года найбольш пацярпеў аўтобусны выязны турызм. Кірунак стаў на паўзу пасля закрыцця наземных межаў Беларусі 21 снежня 2020 года.

Фота: Лілія Кобзік/ Facebook

– Гэта сапраўдная трагедыя для беларускай турыстычнай галіны, бо аўтобусныя туры былі нашым унікальным здабыткам, – кажа спадарыня Лілія. – Такой развітой сеткі добра распрацаваных маршрутаў, камбінаваных еўрапейскіх праграмаў не меў ніхто з суседзяў. Больш за тое, мы былі ў трэндзе, дыктавалі моду. Мы вазілі расейцаў, першыя паехалі ў Чарнагорыю, першыя зрабілі камбінаваныя праграмы па Заходняй Еўропе. Усяго гэтага мы цяпер не маем.

Паводле Ліліі Кобзік, беларусы вельмі любілі аўтобусныя туры і стваралі нават клубы аматараў аўтобусных вандровак.

– Гэтыя клубы аб’ядноўвалі тысячы людзей, якія ведаюць і любяць Еўропу, – кажа экспертка. – Яны адмыслова выбіралі аўтобус, для іх гэта як дом на колах, свая кампанія і атмасфера. Пасля закрыцця межаў фірмы, якія дзесяцігоддзямі працавалі ў гэтай сферы, былі вымушаныя зачыняць офісы. Гэта трагедыя для нашага турызму.

«Флагманы экскурсійнага турызму – на нулі»

Моцна пацярпеў ад пандэміі беларускі ўязны турызм. Паводле Ліліі Кобзік, выжылі фірмы, якія спецыялізаваліся на санаторным адпачынку.

– Агулам жа ўязны турызм у 2020 годзе быў проста на нулі, – адзначае экспертка. – Заўсёды каля 80 % з плыні ўязных турыстаў у нас складалі расейцы. А летась яны не маглі да нас прыехаць, бо ў іх там быў локдаўн. У выніку нашыя флагманы экскурсійнага турызму, як, напрыклад, «Віяполь», – на нулі. Калі раней на Новы год дзясяткамі тысячаў абслугоўвалі расяянаў, летась не было ніводнага. Гэтаю вясною «Віяполь» урачыста прыняў першую турыстку. Такога ніколі не было раней. Ёй зрабілі камбінаваны тур сабе ў мінус, каб толькі пачаць вазіць. Потым прыехала дзіцячая група. Ёсць спадзяванні, што ўсё пакрысе аднаўляецца.

Верхні горад. Менск, Беларусь. 18 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Адчувальна прыпыніўся і ўнутраны турызм.

– Што дзіўна, – зазначае спадарыня Лілія. – Бо ў нас жа не было жорсткіх локдаўнаў, забаронаў. Але людзі самі баяліся ездзіць, садзіцца ў экскурсійны аўтобус, нават нягледзячы на тое, што фірмы выкарыстоўвалі так званую антыковідную рассадку: на 48-мясцовы аўтобус бралі 13 чалавек. Толькі нядаўна зноў сталі больш актыўна вазіць экскурсіі па краіне.

Турызм перажывае крызіс

«Медычныя працэдуры і тэрміны ўвайшлі ў цела турызму»

У той жа час Лілія Кобзік зазначае, што агулам другі год пандэміі каронавіруса ў свеце праходзіць лягчэй за папярэдні. Адкрываюцца і вяртаюцца да прыёму турыстаў усё больш кірункаў для адпачынку. Еўропа паступова выходзіць з локдаўну і абвяшчае дазвол на ўезд вакцынаваным турыстам, у тым ліку не толькі з зоны Шэнгену.

– Свет паступова адкрываецца, – зазначае Лілія Кобзік. – Хоць, зразумела, што пандэмія нікуды не дзелася, і ёсць ацэнкі, што цалкам турыстычная галіна ажыве толькі да 2025 года. Магчыма, і хутчэй, але наступствы таго, што мы перажылі ў 2020 годзе, будуць яшчэ доўга адчувацца.

Паводле спадарыні Ліліі, пандэмія каронавіруса цалкам змяніла турызм.

– Напрыклад, нашаю штодзённасцю зрабіліся ПЛР-тэсты, якія мы цяпер робім і перад вылетам, і ў краіне прылёту, з’явіліся сертыфікаты здароўя, пашпарты вакцынацыі, – кажа экспертка. – Змяніліся правілы бяспекі. Маскі, дыстанцыя, медычныя працэдуры і тэрміны ўвайшлі ў цела турызму. Такая нашая новая рэчаіснасць. Летась у нас быў культурніцкі шок, калі мы ў адпачынку не ўбачылі звыклага шведскага стала: замест яго – афіцыянт за шклом, які сам накладвае вам ежу. І без маскі не абслугоўвае.

Кафэ на вул. Зыбіцкай. Менск, Беларусь. 18 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Лілія Кобзік лічыць, што новыя правілы бяспекі ўвайшлі ў турызм надоўга і сталі нібы этыкетам.

– У розных краінах – розныя правілы, але яны ёсць паўсюль. Экскурсійныя аб’екты таксама наведваюцца паводле сваіх пратаколаў. Паўсюль дзеюць пратаколы, – кажа экспертка. – Але нават з гэтымі ўсімі новаўвядзеннямі турызм не памёр, і паступова свет адкрываецца, і людзі ўсё больш пачынаюць выязджаць па адпачынак і ўражанні ў іншыя краіны.

Да нядаўняга часу даволі аптымістычна выглядала карціна з выязным турызмам і для Беларусі: адкрываліся чартарныя праграмы ў Албанію, Чарнагорыю, Грэцыю.

«Ад закрыцця краіны сёння ніхто не застрахаваны». Куды ляцець беларусам у адпачынак?

Беларусы, паводле Ліліі Кобзік, вельмі чакалі адкрыцця гэтых кірункаў, бо нашыя людзі любяць вандраваць. Для беларусаў вандроўкі заўсёды былі адным з прыярытэтаў. Адпачыць, паправіць сваё здароўе беларусы едуць за мяжу, бо ў нас няма ні мора, ні гораў, а змена ўражанняў станоўча ўплывае на здароўе, кажа экспертка.

Новы локдаўн для Беларусі

Але пасля таго, як улады Беларусі прымусілі сесці ў Менску самалёт «Ryanair» і затрымалі Рамана Пратасевіча, які ляцеў тым рэйсам, нашая краіна зноў апынулася ва ўмовах локдаўну – гэтым разам не каронавіруснага. Еўрапейскія авіякампаніі адмовіліся лятаць у Беларусь і забаранілі самалётам «Белавіі» ўваходзіць у сваю паветраную прастору. Еўропа для беларускіх турыстаў цалкам закрытая: немагчыма ні заехаць па зямлі, ні прыляцець самалётам.

«Ryanair» заявіў пра наўмысны незаконны ўгон самалёту. Беларусь у аэраізаляцыі

Чартарныя праграмы ў краіны Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Еўропы, на якія былі вялікія спадзяванні беларускай турыстычнай індустрыі, адмененыя. У Чарнагорыю і Албанію пакуль да 16 чэрвеня. Менш аптымістычна настроеныя аператары адмянілі палёты да канца чэрвеня, як «Mouzenidis Travel», які спецыялізуецца на Грэцыі, ці наагул на ўвесь сезон, як турыстычны аператар «АэраБелСэрвіс», які цалкам скасаваў на гэтае лета свае туры на Крыт і Родас.

Праспект Пераможцаў. Менск, Беларусь. 18 траўня 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Турфірмы зазначаюць, што пакуль ім цяжка каментаваць сітуацыю, рабіць нейкія прагнозы і пралічваць магчымыя страты. Яны вымушаныя падстройвацца пад абставіны, якія ўзнікаюць: ці гэта локдаўн праз каронавірус, ці палітычны. У выпадку змянення сітуацыі беларускія турыстычныя аператары гатовыя аднавіць чартарныя праграмы.

Ганна Ганчар, belsat.eu

 

Hавiны