Зігзагі дыктатуры. Як змянялася рыторыка Лукашэнкі падчас расейска-ўкраінскага канфлікту


За восем гадоў расейска-ўкраінскага канфлікту Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў сябе ва ўсіх магчымых ролях: ад прыхільніка нейтралітэту ды мірнага ўрэгулявання – да заўзятага лабіста мілітарысцкай палітыкі Крамля і саўдзельніка поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны. Прычым гэтыя змены не былі паступовымі і паслядоўнымі: ад некаторых наратываў ён часова адмаўляўся, але потым рэзка вяртаўся да іх, нібыта нічога і не адбылося. Belsat.eu распавядае, як змянялася рыторыка Лукашэнкі з вясны 2014 года і дагэтуль.

Стадыя першая: хістанні побач з Пуціным (2014 год)

Часцей за ўсё паводзіны рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні расейска-ўкраінскага канфлікту да 2020 года характарызуюць яе паслядоўную пазіцыю нейтралітэту і дыстанцыявання ад пуцінскай агрэсіі. Але насамрэч гэта не так: спачатку, у 2014 годзе, большасць выказванняў Лукашэнкі былі сугучныя курсу Крамля.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yekaterina Shtukina / TASS / Forum

Першай публічнай рэакцыяй Лукашэнкі на расейскую інтэрвенцыю ва Украіне былі зусім не заклікі да дыялогу і ўвядзення міратворцаў, а просьба перакінуць у Беларусь расейскую авіяцыю.

У той перыяд Лукашэнка актыўна апраўдваў дзеянні Расеі ў Крыму і на Данбасе, заяўляў, што Украіна мусіць весці наўпроставыя перамовы з «ЛДНР» (менавіта гэтага заўсёды дамагаўся Крэмль). Ён публічна абяцаў у выпадку канфлікту РФ з NATO падтрымаць Пуціна, без разбору, хто вінаваты, а хто мае рацыю.

Трагічныя падзеі ў Адэсе ў траўні 2014 года Лукашэнка параўноўваў з нацысцкімі злачынствамі і двухсэнсоўна дадаваў падчас сустрэчы з Пуціным, што «нашыя людзі» ва Украіне «клічуць на дапамогу і патрабуюць рэагавання».

Агучвалася таксама дзіўная прапанова пра выкарыстанне беларускай арміі на Данбасе «не ў якасці міратворца» (што тады мелася на ўвазе, дагэтуль не да канца зразумела).

Пры гэтым на ідэю стаць пасярэднікам і міратворцам ва ўкраінскім канфлікце Лукашэнка ўзору вясны – лета 2014 года рэагаваў якраз вельмі раздражнёна. «Ніколі мне такой ​​ролі не прапаноўвайце. Я ненавіджу пасярэднікаў і міратворцаў», – казаў Лукашэнка ўкраінскім журналістам.

Аналітыка
Вайна ідзе месяц ці 8 гадоў? Што трэба ведаць пра гісторыю расейска-ўкраінскага канфлікту
2022.03.26 07:30

Разам з тым, у той перыяд Лукашэнка ўсё ж не дапусціў зліцця сваёй сваёй замежнапалітычнай лініі з замежнапалітычнай лініяй Масквы. Ён не стаў віншаваць Пуціна з анексіяй Крыму. Заяўляў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і не збіраецца прызнаваць ДНР і ЛНР. Аднойчы Лукашэнка нават сказаў, што «баевікоў, якія ваююць супраць украінцаў, трэба знішчаць».

Дваістасць пазіцыі Лукашэнкі ў той перыяд найлепш ілюструе ягоная сустрэча з выканальнікам абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым у канцы сакавіка 2014 года. Турчынаў хацеў высветліць тады ў Лукашэнкі, ці варта чакаць удару з беларускага напрамку. «Ён паабяцаў, што з тэрыторыі ягонай краіны расейцы нас атакаваць не будуць. Але калі мы развітваліся, ён сказаў: «Але ў скрайнім выпадку я папярэджу за содні», – распавядаў потым Турчынаў.

Стадыя другая: курс на міратворчасць (2015–2020)

У 2015 годзе пасля заключэння менскіх дамоўленасцяў Лукашэнка стаў усё больш дыстанцыявацца ад замежнай палітыкі Крамля. Беларускія дыпламаты пачалі актыўна прасоўваць вобраз краіны як «донара стабільнасці і бяспекі» ў рэгіёне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

У 2017 годзе афіцыйны Менск публічна прапаноўвае ўвесці ў зону канфлікту беларускіх міратворцаў. У лютым 2018-га Лукашэнка заявіў, што гатовы адправіць на Данбас 10 000 вайскоўцаў.

Лукашэнка больш не называў вайну на Данбасе «грамадзянскай», а амаль наўпрост казаў, што гэта канфлікт Расеі і Украіны. Знікла і ідэя субʼектнасці «ЛДНР»: цяпер Лукашэнка сцвярджаў, што перамовы мусяць весці наўпрост Масква і Кіеў.

Такі падыход захоўваўся да вясны 2021 года.

Стадыя трэцяя: татальны мілітарызм (2021–2022)

Пасля драматычных падзеяў 2020 года ў Беларусі і ўзмацнення расейскага ўплыву на краіну афіцыйны Кіеў перастаў разглядаць Менск як зручную пляцоўку для перамоваў. Вясной 2021 года Лукашэнка вярнуўся да старых наратываў: падчас перамоваў у Маскве ён падтрымаў пуцінскую ідэю наўпроставых перамоваў украінскіх уладаў з «ДНР» і «ЛНР».

29 лістапада на нарадзе ў Міністэрстве абароны Лукашэнка паабяцаў быць на баку Расеі ў выпадку вайны з Украінай: «Яны выдатна разумеюць: калі яны зноў распачнуць вайнушку на Данбасе ці недзе на мяжы з Расеяй, Беларусь убаку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь».

Рыторыка Лукашэнкі з таго часу ператварылася ў адкрыта мілітарысцкую. Ён заяўляў пра намер павялічыць вайсковы кантынгент на ўкраінскай мяжы, абяцаў зрабіць усё, каб «Украіна стала нашай». 17 студзеня было абвешчана аб правядзенні пазапланавых расейска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць», пад прыкрыццём якіх адбывалася перакідванне расейскай арміі ў Беларусі і рыхтаванне да ўварвання ва Украіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.by

Падчас звароту да Нацыянальнага сходу 28 студзеня ён прамовіў слова «вайна» 36 (!) разоў. «Дык будзе вайна ці не? Так, яна будзе», – заявіў ён. А пасля паўзы ўдакладніў, што гэта адбудзецца толькі ў двух выпадках: наўпроставая агрэсія супраць Беларусі або супраць Расеі.

У апошнія тыдні перад вайной Лукашэнка актыўна інспектаваў вайсковыя абʼекты, вінаваціў украінскае кіраўніцтва ў непрадказальнасці і неадэкватнасці, паўтараў клішэ расейскай прапаганды пра «нацыялістаў-радыкалаў» і «фашыстаў» у Кіеве. Ён выступаў за нанясенне ракетных «і не толькі» ўдараў па Украіне. Лукашэнка зноў запэўніваў, што ў выпадку ўзброенага канфлікту на Данбасе беларускае войска будзе дзейнічаць «дакладна так, як расейскае».

Лукашэнка абяцаў, што вайна працягнецца «максімум 3-4 дні», бо ва Украіне «не будзе каму супраць нас ваяваць». Таксама ён пагражаў дайсці да Ла-Маншу, калі Захад захоча ўмяшацца ў канфлікт.

Аналітыка
Ад выбуху дамоў да «сірыізацыі». Як Пуцін ператварыўся ў новага Гітлера
2022.04.16 17:15

Стадыя чацвертая: разгубленасць і спроба вярнуцца ў мінулае (пасля 24 лютага)

Але пуцінскі бліцкрыг ва Украіне праваліўся, таму рыторыка Лукашэнкі зноў рэзка змяніліся. Ён больш не гразіў нікому вайной, перастаў інспектаваць вайсковыя аб’екты і насіць вайсковую форму.

Ужо ў першыя гадзіны поўнамаштабнай вайны Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі сфармуляваў свой новы падыход наступным чынам: «Нам ні ў якім разе нельга ўцягнуцца ў дзярмо, з аднаго боку, і стаць здраднікамі». То бок трэба ўхіляцца ад наўпроставага ўдзелу беларускай арміі ў агрэсіі супраць Украіны, але пры гэтым не выглядаць у вачах Пуціна здраднікам.

Праз гэта Лукашэнка адначасова стаў прасоўваць тры наратывы, што супярэчылі адзін адному.

  • Першы наратыў: Беларусь – гэта пляцоўка для перамоваў.

Лукашэнка ўжо 24 лютага ўпершыню агучыў прапанову правесці ў Менску перамовы «трох славянскіх народаў». Праўда, адразу тады дадаў, што на гэтых перамовах Украіна мусіць прыняць расейскія ўмовы, каб не стала яшчэ горш.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

Праз тры дні ён ужо быў гатовы быць проста тэхнічным арганізатарам пляцоўкі. 27 лютага, калі на парадку дня з’явілася тэма двухбаковых перамоваў, Лукашэнка змог угаварыць Уладзіміра Зяленскага, каб сустрэча дэлегацыяў РФ і Украіны адбылася на тэрыторыі Беларусі, каля ракі Прыпяць. Потым, на пачатку сакавіка, адбылася яшчэ адна сустрэча. Але вярнуць Беларусі статус пляцоўкі для перамоваў усё роўна не атрымалася, бо супраць гэтага выступала ўкраінскае кіраўніцтва. Афіцыйны Кіеў адназначна акрэсліў сваю пазіцыю: перамовы трэба весці ў краіне, з тэрыторыі якой не ляцелі і не ляцяць ракеты ў бок Украіны.

  • Другі наратыў: гэта Украіна рыхтавала напад на Беларусь.

Лукашэнку трэба было не толькі дыстанцыявацца ад вайны, але таксама апраўдацца за саўдзел у агрэсіі і падтрымаць на прапагандысцкім узроўні Пуціна. 11 сакавіка падчас сустрэчы з Пуціным у Маскве Лукашэнка зрабіў заяву, што неўзабаве пераўтварылася ў інтэрнэт-мэм:

«А вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсць гадзінаў да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях – чатыры пазіцыі, я зараз пакажу, мапу прывёз, – яны б атакавалі нашыя войскі, Беларусі і Расеі, што былі на вучэннях. Таму не мы распачалі гэтую вайну, нашае сумленне чыстае».

Таксама Лукашэнка некалькі разоў заяўляў, што Украіна нібыта запускала ракеты па беларускай тэрыторыі, якія былі збітыя сіламі СПА. Натуральна, ніякіх доказаў ён не прыводзіў, нават не спрабаваў. «Знішчылі (ракету) над Прыпяццю. Недзе там ля рэчкі валяецца. Каму цікава, хто бліжэй, схадзіце, паглядзіце», – казаў ён у інтэрвю японскаму тэлеканалу TBS.

  • Трэці наратыў: мы тут ні пры чым.

Ужо ў першыя дні вайны Лукашэнка наракаў, што ягоныя ворагі хочуць падаць Беларусь як удзельніцу вайны. Ён сцвярджаў, што насамрэч з беларускай тэрыторыі ніякай вайны не ідзе, хаця адначасова прызнаваў, што ракетныя ўдары па Украіне ўсё ж наносіліся.

Чым горш ішлі справы ў расейскай арміі ва Украіне, тым больш выразна праглядаўся гэты наратыў. 7 красавіка на нарадзе Савету бяспекі Лукашэнка паскардзіўся, што на Захадзе Беларусь «бяздоказна зрабілі памагатым агрэсара». «Яны ў адзін кошык нас склалі з Расеяй і вырашылі заадно разабрацца», – заявіў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Peter Kovalev / TASS / Forum

Лукашэнка зноў паспрабаваў выставіць сябе міратворцам, які стараецца «наладзіць дыялог паміж бакамі канфлікту». У выніку ён нават прапанаваў Беларусь у якасці асобнай удзельніцы мірных перамоваў. «Ніякіх сепаратных за спінаю Беларусі дамоўленасцяў быць не можа», – дадаў ён.

РР belsat.eu

Стужка навінаў