«Забіралі абутак, залівалі вадой на марозе і зноў абувалі». Як расейцы катавалі ўкраінскіх палонных


Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Людміла Дэнісава заявіла, што ўкраінцы, якія вяртаюцца з расейскага палону, «расказваюць аб прыніжэнні і нялюдскіх умовах утрымання». Сярод вызваленых ёсць людзі з ампутаванымі канцавінамі ды сепсісам.

«Пры захопе ў палон рашысты забіралі ва ўкраінскіх мужчынаў абутак, залівалі яго вадой і зноў абувалі. Пасля гэтага вязняў змушалі тры-чатыры дні ляжаць тварам на зямлі на марозе», – піша Людміла Дэнісава.

Як сцвярджае, потым мужчынаў з адмарожанымі канцавінамі і з завязанымі вачыма дастаўлялі ў расейскія лагеры, пасля – у СІЗА № 1 Курску, дзе ніякай медычнай дапамогі ім ніхто не надаваў.

«Украінцаў пераадзявалі ў турэмныя робы, стрыглі валасы, катавалі, прымушалі вучыць патрыятычныя расейскія песні і выконваць іх для сваіх наглядчыкаў. Допыты адбываліся два-тры разы на дзень, пасля чаго мужчынаў жорстка збівалі, а потым прымушалі падпісваць дакументы аб добрым з імі абыходжанні», – распавядае Людміла Дэнісава.

Па словах омбудсвумен, цяжка хворых людзей з адмарожанымі рукамі і нагамі расейцы вырашылі абмяняць, але праз адсутнасць машынаў хуткай дапамогі пяць гадзінаў везлі людзей на грузавых чыгуначных платформах, а потым паклалі на насілках проста на шашы.

Упаўнаважаная ў правах чалавека нагадвае, што, захопліваючы ў палон мірных жыхароў, расейцы парушаюць нормы міжнароднага гуманітарнага права, у прыватнасці, арт. 34 Жэнеўскай канвенцыі.

Людміла Дэнісава заклікае Камісію ААН па правах чалавека зафіксаваць гэтыя парушэнні.

Тое, што распавядае Людміла Дэнісава, шмат у чым паўтарае расказ украінца Мікіты Горбаня. 31-гадовы лабарант кіеўскай лякарні быў захоплены ў палон на пачатку сакавіку пад Кіевам, яго кінулі ў СІЗА Курску, дзе ён страціў пальцы ног і вярнуўся ва Украіну ў выніку абмену.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў