«Я ж памру без яго!» Якіх лекаў бракуе ў беларускіх аптэках, і наколькі падаражэлі імпартныя прэпараты


Сітуацыя ў беларускіх аптэках трывожная. Імпартныя лекі падаражэлі на 20 %, а некаторыя ўжо цяжка знайсці: «Эўтырокс», «L-тыраксін», «Сератыд», палоскі ад глюкометра. Былі перабоі нават з валяр’янкай. Пры гэтым назіраецца вялікі попыт на антыдэпрэсанты. А вось з настоем глогу ў беларускіх аптэках усё ў парадку. Паразмаўлялі з беларускімі аптэкаркай і правізаркай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: 24tv.ua

Чаму няма «Эўтыроксу» і «L-тыраксіну»

Працаўніцы беларускіх аптэкаў пацвярджаюць дэфіцыт прэпаратаў для шчытападобнай залозы «Эўтырокс» і «L-тыраксін» нямецкай вытворчасці. Кажуць, што імпарт гэтых лекаў у Беларусь пакуль не ўзнавіўся. Што праўда, прычыны затрымкі тлумачаць па-рознаму.

Аптэкарка аднаго з абласных цэнтраў Людміла (імя змененае) расказала, што прычыну адсутнасці «Эўтыроксу» начальства ім патлумачыла тым, што на прадпрыемстве нямецкай фірмы «Merck KGaA» мяняюць вытворчую лінію і, маўляў, гэта ніяк не звязана з санкцыямі ў дачыненні Беларусі.

«Сказалі, што быў на нейкі час спынены тэхналагічны працэс, таму ўзніклі пэўныя праблемы з пастаўкамі. Ці гэта праўда, не ведаю. Але «Эўтырокс» – жыццёва неабходны прэпарат, і не ўсе могуць замяніць яго аналагамі», – падкрэсліла Людміла.

Правізарка адной з дзяржаўных аптэчных сетак Ганна (імя змененае) мяркуе, што рэч усё ж у санкцыях, у прыватнасці тых, што закранулі лагістыку імпарту.

«Ніякіх адмоўных лістоў ад пастаўнікоў мы не атрымлівалі. Праблема – з лагістыкай. Як там у іх гэта адбываецца, не ведаю, але тое, што фуры стаяць на мяжы, – гэта ўжо не навіна. Пра замену вытворчай лініі першы раз чую, медычныя прадстаўнікі нам такой інфармацыі не давалі.

Ну добра, «Эўтырокс», а што тады з «L-тыраксінам» сталася раптам, які ўваходзіць, па-мойму, у пералік асноўных лекавых сродкаў? Таксама лінія? Але ж гэта розныя вытворцы (вытворца «L-тыраксіну» – «Berlin-Chemie AG». – Заўв. «Белсату»)», – кажа Ганна.

«Ідзе машына, ідзе машына»

Паводле Ганны, ім паабяцалі, што імпарт будзе наладжаны. Але абяцанні гучаць ужо некалькі тыдняў запар.

«Ідзе машына, ідзе машына», – кажуць. А дзе яна ідзе, гэтая машына, і як хутка яна даедзе, ніхто не ведае. Усё ў падвешаным стане, і ніхто толкам нічога сказаць не можа», – распавядае яна.

Аптеки в Минске, аптека
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Жанчына тлумачыць, што тыя ж «Эўтырокс» і «L-тыраксін» Міністэрства аховы здароўя падчас пандэміі ўнесла ў спіс безрэцэптурных прэпаратаў. Але цяпер, хутчэй за ўсё, каб іх набыць, спатрэбіцца рэцэпт. «Праўда, пастановы міністэрства я яшчэ не бачыла», – дадае Ганна. Звязвае яна гэта з ажыятажам на гэтыя лекі, узнятым месяц таму расейскімі пакупнікамі, якія бралі прэпараты па 10–15 пакункаў адразу.

Ганна таксама звяртае ўвагу на праблемы з некаторымі сродкамі супраць астмы. Прыкладам, з «Сератыдам» у пэўным дазаванні.

«Сказаць, што зусім няма, не скажу, але паступаюць з перабоямі. Людзі могуць на сабе адчуць дэфіцыт, кшталту «я прыйшоў за інгалятарам, на заўтра-паслязаўтра не маю што ўжываць, а ў наяўнасці ў горадзе няма». Бывае такое. У буйных гарадах яшчэ больш-менш, але калі браць раёны, то сітуацыя зусім сумная», – распавядае правізарка.

Ці бракуе валяр’янкі?

Што тычыцца медычнай апаратуры, яе пакуль не бракуе. Як заўважаюць аптэкаркі, нават калі здарыцца дэфіцыт, напрыклад, на танометры, то ён адчуецца не адразу – купляюць іх не штодзень. Але перабоі з палоскамі для глюкометраў ужо здараюцца. Прынамсі, з палоскамі «Bionime» швейцарскай вытворчасці. Не было нейкі час і расейскіх палосак «Сатэліт».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Gadini / Pixabay

«Але я кажу толькі пра сваю аптэку. Пра сітуацыю ўва ўсёй краіне не скажу. Пра яе, можа, адзін Піневіч ведае, але ж таксама, напэўна, не скажа», – заўважае нашая суразмоўца Людміла.

Яна сцвярджае, што асаблівых праблемаў і перабояў з беларускімі прэпаратамі пакуль не было. Калі раптам бракавала ёду, фурацыліну ці валярʼянкі – праблема дастаткова аператыўна развязвалася. Але пэўнасці, што і заўтра ўсё будзе добра, няма. Бо беларускія вытворцы залежаць ад паступлення сыравіны з-за мяжы.

Паводле аптэкаркі, спыніла продаж у Беларусь «у сувязі з акалічнасцямі» буйное ўкраінскае фармакалагічнае прадпрыемства «Фармак», у чый склад у сакавіку трапіла расейская бомба. Спыніў продаж у Беларусь і Кіеўскі вітамінны завод. Украінскае прадпрыемства «Стома» пакуль не адмаўлялася ад продажу аэразоляў і інгаліпту «Каметон», але фасуюцца яны ў Беларусі.

«Як людзі рэагуюць на брак пэўных лекаў? Не, скаргаў не пішуць, але некаторыя звоняць начальству, пытаюцца, калі і што будзе. Але калі прэпарату няма і ўзяць няма адкуль – што ты ім адкажаш? Людзі рэагуюць па-рознаму. Для некаторых «ну няма і няма, некалі ж будзе». А хтосьці кажа: «Я ж памру без яго!» Памерці праз адсутнасць, скажам, «L-тыраксіну», можа, і не пагражае, але самаадчуванне будзе горшае. І сістэма арганізму, вядома, пацярпіць», – кажа Ганна.

Імпартныя сродкі падаражэлі на 15–20 %

Ганна сцвярджае, што лінейка замежных прэпаратаў калі і скарацілася, то не нашмат.

«Некаторыя прэпараты былі закупленыя яшчэ 4 месяцы таму, і іх цяпер дапрадаюць. А ці будзе наступны прывоз – пад пытаннем», – кажа жанчына.

Ганна распавядае, што імпартныя лекі ўжо падаражэлі ў сярэднім на 15–20 %. Людміла ж мяркуе, што бліжэйшымі днямі можа здарыцца новы скачок цэнаў на лекавыя прэпараты. Рана ці позна пачнуць даражэць і лекі беларускай вытворчасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Але імпартныя прымаюць першы ўдар. Некаторыя прэпараты ад ціску, якія каштавалі 25 рублёў, прыйшлі ўжо за 32 рублі. Такія разбежкі могуць быць. Я мяркую, гэта ўжо б’е па кашальку. Іншая рэч, беларускія прэпараты. Цэны на іх пакуль што стаяць на месцы. Але падʼём, думаю, адчуем крыху пазней. Бо сыравіна тая ж купляецца за валюту»,– кажа Ганна.

У якасці прыкладу яна прыводзіць цану на «Мілдранат» у ампулах (вытворчасць Латвіі): каштаваў нядаўна Br 29–32, а цяпер каштуе ад Br 37. Антыгіпертэнзійныя прэпараты «Ко-прэнеса» і «Ко-амлеса» падаражэлі ў залежнасці ад дазавання на Br 7–8. «Тыятрыазалін» каштаваў Br 38 – цяпер Br 48. «І ці будзе заўтра – пытанне, бо гэта распрацоўка ўкраінскага «Галічфарму», – тлумачыць Ганна.

Hавiны
«Адкарэктаваць у бок памяншэння». КДК патрабуе знізіць кошты на лекі і пагражае тым, хто не паслухаецца
2022.04.30 10:22

Нямецкія вітаміны «Супрадын», якія можна было купіць за Br 22, ляжыць ужо за Br 29.

Вялікі попыт на антыдэпрэсанты

Ганна кажа, што адчувае розніцу паміж тым, як працавалася да вайны ва Украіне (да санкцыяў) і падчас вайны. Але пытанне не толькі ў цяжкасцях, звязаных з адсутнасцю ў аптэках пэўных сродкаў, або ў цэнах на іх. Пытанне ў атмасферы напружанасці, разлітай у паветры.

Люди в масках на улицах Минска, масочный режим в городе
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Гэтая напружанасць павісла ў паветры яшчэ ў 2020 годзе. А калі пачалася вайна, я адчула, што людзі яшчэ больш падзяліліся паміж сабой. І гэта вісіць у паветры. Стала вельмі шмат трывожнасці і бяссоння – менавіта псіхічных разладаў. Мы ж гэта бачым з лекарскіх прызначэнняў. Знаёмы псіхатэрапеўт у паліклініцы так і сказаў: запасайцеся прэпаратамі гэтымі псіхіятрычнымі, бо ў мяне вал людзей», – расказвае Ганна.

На дадатак – постковідная сітуацыя. Шматлікія людзі страцілі сваякоў, шмат хто перахварэў і ведае, што такое «постковід», «калі ні галава не кеміць, ні ногі не ідуць». Але, паводле правізаркі, браку антыдэпрэсантаў у беларускіх аптэках пакуль не назіраецца.

«Настою глогу – таксама?» – пытаемся.

«Вось чаго-чаго, а гэтага хапае. Калі сыравіну для таблетак валярʼянкі было забракоўвалі, то з глогам праблемаў няма. Пʼюць яго, як і пілі. Спірт на нашых складах заўжды ў наяўнасці. Аматары глогу называюць настойку «аптэчным каньяком», і для іх гэта найлепшы антыдэпрэсант», – жартуе Ганна на развітанне.

На пачатку красавіка кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства «Белфармацыя» Сяргей Літаш прызнаў, што ў Беларусі ёсць праблемы з забеспячэннем насельніцтва лекавымі сродкамі. 29 красавіка, адказваючы на пытанне Лукашэнкі аб імпартных леках, міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што «лагістыка імпарту адпрацаваная і на сённяшні дзень затрымак няма». Рэсурс motolko.help апублікаваў у сярэдзіне красавіка дакумент працоўнай нарады Дзмітрыя Піневіча з фармацэўтамі, паводле якога прадпрыемства «Белмедпрэпараты» чакаюць страты памерам Br 4,5 млн, «прагназуюцца ўскладненні імпарту сыравіны, матэрыялаў і абсталявання з краінаў ЕЗ», існуе рызыка адмовы ў імпарце.

Hавiны
Беларускія пенсіянеры – пра тое, як змянілася іхнае жыццё пасля пачатку вайны, і пра сацыяльнае падтрыманне ад дзяржавы
2022.04.29 17:15

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў