«100 долараў задатку – і хлопцы пойдуць шукаць». Як расейцы гандлююць нарабаваным ва Украіне


У сеціве з’явіўся тэлеграм-канал, дзе прадаюць нарабаваную ва Украіне маёмасць. Уласнікі каналу не хаваюць паходжання рэчаў і наўпрост пішуць, адкуль тэхніка. Нават навучаюць, як пазбегнуць адказнасці пры такой куплі. «Белсат» звязаўся з прадстаўніком каналу і задаў некалькі пытанняў.

Крыніца: Ukrainian_trphies / Telegram

Схема продажу рэчаў

Так званы сваяк чалавека, які ўдзельнічае ў вайне ва Украіне, прапаноўвае любыя тавары ад сервізу да машыны, «законна вывезеных, за капейкі». І ягоны сваяк, на думку аўтара, «як вайсковец мае права браць трафеі і дарыць іх». Чаму ён гандлюе нарабаваным, тлумачыць проста: «Усе хочуць есці».

Крыніца: Ukrainian_trphies / Telegram

Ёсць і спроба пераканаць пакупніка ў тым, што гэта зручная афера – бяспечная і выгадная. Калі з’явяцца пытанні да якасці тавараў, грошы абяцаюць вярнуць. Самі рэчы таксама застануцца ў пакупніка.

Крыніца: Ukrainian_trphies / Telegram

У канале тлумачыцца, што варта зрабіць, каб не выклікаць пытанняў у расейскай паліцыі, адкуль у пакупніка майно. Нібыта распіска пра падарунак можа абараніць ад падаткаў. Быццам гэты невядомы родзіч аўтара каналу дорыць ім нарабаванае, і плаціць нічога з гэтага падарунку не трэба.

Пра крымінальную адказнасць у допісе не ідзецца. Але ёсць намёк: напрыклад, на такой «падараванай» машыне не варта ездзіць нікуды за межы Расеі, Беларусі і Казахстану. То бок натуральна, што за межамі гэтых краінаў да «адоранага» будзе шмат пытанняў ад паліцыі і следчых.

Крыніца: Ukrainian_trphies / Telegram

Звярніце ўвагу, што баец, які збіраецца на вайну, не пагоніць машыну ў Чэлябінск. Але ўсё пакажа новаму ўладальніку аўтамабіля.

Цікава, што як доказ дзейнасці гэтай сістэмы і перасылання нарабаванага аўтар каналу посціць відэа Матолькі, дзе акурат і выкрываецца жахлівае перасыланне расейскімі вайскоўцамі скрадзенага ва Украіне.

Як атрымаць «падарунак»?

Каб замовіць тэхніку, машыну ці чаго душа захоча, варта напісаць у асабістыя паведамленні. Сэрвіс арганізацыі на дзіва добры – чалавек хутка адказвае, дае інструкцыі і тлумачыць незразумелае. Прапануе новыя рэчы ці б/в. Калі трэба нешта спецыфічнае, кажа, што варта даць задатак.

Крыніца: Ukrainian_trphies / Telegram

Далей варыянты розныя: можна ехаць у Растоўскую вобласць, дзе месціцца нешта накшталт складу за 150 км ад мяжы, а можна атрымаць «падарунак» поштаю. У першым выпадку частку грошай прыйдзецца заплаціць гатоўкаю і ў валюце. У другім – пераводам на рахунак «Сбербанку» ці ў крыптавалюце.

У сэрвіс таксама ўваходзяць фота тэхнікі, наяўнай на складзе. Калі пажаданага няма, варта пачакаць некалькі дзён.

Аўтар каналу піша, што нават гульні людзям перасылаюць.

Крыніца: Ukrainian_trphies / Telegram

Якая можа быць адказнасць за такую дзейнасць?

Мы папрасілі пракаментаваць дзейнасць гэтай арганізацыі праўніка НАУ Міхаіла Кірылюка. Ён патлумачыў, што тут навідавоку цэлы шэраг крымінальных парушэнняў.

«Гэта стоадсоткава незаконная дзейнасць. Нават калі паглядзець на тое, як чалавек прапануе афармляць. У другім паведамленні напісана, што за машыну вы грошы аддасце нам, а напішаце распіску, што гэта падарунак. Ён сцвярджае, што гэта законна, але гэта няпраўда. Ён прапануе падробленыя дакументы. Нават калі б машына была законным чынам набытая, гэта – асобны склад злачынства», – тлумачыць знаўца.

Акцыя «Daj coś z worka dla orka!» каля расейскай амбасады ў Варшаве, Польшча. 13 красавіка 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Ён падкрэсліў, што такая ўгода спрычыняецца да яшчэ аднаго крымінальнага парушэння, бо машына была здабытая незаконным чынам на тэрыторыі Украіны. А гэта дадае адказнасці паводле артыкулу 175 КК РФ «Приобретение или сбыт имущества, заведомо добытого преступным путем».

Спадар мяркуе, што здабыча такіх «трафеяў» можа падпадаць і пад арт. 356 КК РФ «Применение запрещенных средств и методов ведения войны» ў той яго частцы, дзе ідзецца пра разрабаванне нацыянальнай маёмасці.

«Машына цывільная, пасудамыйка, пралка – гэта не ваенны трафей. Гэта прадмет крадзяжу. Ва Украіне гэта таксама крыміналізавана. У ідэальнай сітуацыі тут дзейнічае міжнароднае права, калі злачынства чалавек пачаў рабіць у адной краіне, потым збег у другую і працягнуў, дык дзе ён першым трапіцца ўладам, там яго і мусяць прыцягваць да адказнасці. Калі яго зловяць ва Украіне – то ва Украіне і маюць судзіць. Калі ў Расеі – то ў Расеі судзіць.

Расейская паліцыя абавязаная іх выкрываць, лавіць і саджаць у турму за тое, што яны робяць.

Калі паліцыя гэтага не робіць, могуць быць два тлумачэнні. Першае – гэта нейкі карупцыйны хаўрус з арганізатарамі каналу, другое – палітычная атмасфера, пры якой на рабаванне ўкраінцаў глядзяць скрозь пальцы і не караюць», – адзначыў Міхаіл Кірылюк.

Але нават калі заплюшчыць вочы, што гэтая маёмасць з Украіны, то ўсё адно застаюцца тры крымінальныя артыкулы, што дакладна прадугледжваюць крымінальную адказнасць за здабычу майна: крадзеж, рабаванне і разбой. Бо, натуральна, ніводзін «трафей» не быў набыты ў краме ці аддадзены ўкраінцамі добраахвотна.

«Гэта тры крымінальныя артыкулы, і паводле аднаго з іх была здабытая гэтая маёмасць. І гэта крымінальнае злачынства і на тэрыторыі Расеі, і на тэрыторыі Украіны. Таму паводле міжнароднага права, калі нехта зрабіў злачынства іншай дзяржавы, вяртаецца ў сваю дзяржаву, і ёсць доказы, што ён гэта зрабіў, дзяржава мусіць прыцягваць гэтага чалавека да адказнасці», – тлумачыць праўнік.

Акцыя «Daj coś z worka dla orka!» каля Генеральнага консульства Расеі ў Гданьску, Польшча. 18 красавіка 2022 года.
Фота: Lukasz Dejnarowicz / Forum

Ён таксама адзначыў, што ў расейскім заканадаўстве ёсць дакладна прапісаныя артыкулы, пад якія падпадае дзеянне аб плаце за «трафеі» – арт. 174.1 КК РФ «Легализация (отмывание) денежных средств или иного имущества, приобретенных лицом в результате совершения им преступления» і арт. 175 КК РФ «Приобретение или сбыт имущества, заведомо добытого преступным путем».

«Не істотна, ці гэта мірны час, ці гэта ваенны час, ці гэта спецаперацыя. Няма такіх законаў, якія кажуць, што калі вайна, дык можна і парабаваць. Таму трэба прыцягваць да адказнасці тых вайскоўцаў, хто гэта робіць, і тых цывільных, хто дапамагае прадаваць рэчы. Тым больш, у тэлеграм-канале адкрыта напісана, як здабытая гэтая маёмасць», – падкрэслівае знаўца.

Ён адзначыў, што дэкрыміналізацыя марадзёрства ў Расеі не значыць, што марадзёрыць можна:

«Дэкрыміналізавана – гэта значыць, што асобнага артыкулу і асобнага пакарання няма, але фактычна дзеянні, што робяцца злачынцам, падпадаюць пад іншыя артыкулы, які ўжо існуюць. Крадзеж, рабаванне і разбой адрозніваюцца ўзроўнем гвалту пры здзяйсненні злачынства і маюць розныя пакаранні».

Аналітыка
Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны
2022.04.27 20:09
Фотарэпартаж
Да амбасады Расеі ў Варшаве людзі прынеслі рэчы, якія рабавалі расейскія вайскоўцы ва Украіне
2022.04.13 23:51

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў