З СІЗА КДБ прыйшоў першы ліст ад Аляксандра Фядуты


Першы ліст ад Аляксандра Фядуты з СІЗА КДБ прыйшоў яго жонцы Марыне Шыбко, паведамляе «Радыё Свабода».

Аляксандр Фядута.
Фота: ВІРШІ ВІРШІ / Facebook

«Ліст пра каханне, гэта першы ліст, які я атрымала за ўвесь гэты час, хоць адправіла яму ўжо тры. Усё разумее, усё зразумеў, куды трапіў, якая пастка. Зразумеў, як трапіў у пастку. Астатняе – асабістае, шле прывітанні», – кажа Марына Шыбко.

На канверце, які прыйшоў спадарыні Марыне, штамп ад 28 красавіка. У ім Аляксандр піша: «Сёння на шпацыры паўгадзіны глядзеў на неба. Сіняе-сіняе і белыя аблокі, прыгожа. Сёння 26 красавіка».

У лісце, які займае амаль дзве старонкі сшытка, ніводнага слова не закрэслена цэнзурай. «Ну што ж ён не ведае, як напісаць, ужо ж, мусіць, два разы на граблі наступае», – кажа Марына.

Hавiны
Жонка Аляксандра Фядуты распавяла пра яго стан у следчым ізалятары КДБ
2021.04.25 11:23

«Я яму сёння адправіла тэлеграму, бо ў выходныя цэнзара няма, і яму ліст праляжыць да панядзелка. Я ў панядзелак адпраўлю ліст з паштамта. Тэлеграмы яму даходзяць, мая першая тэлеграма яму прыйшла», – кажа Марына.

Спадарыня Марына ўжо двойчы перадавала перадачы мужу, сярод іншага лекі і танометр:

«У мяне ўсё прынялі. Я перадавала ўсё, што можна, бо я кажу, што я ўжо вопытны лагерны работнік, ведаю, як там і што. Піша, што з боку медыцынскай часткі стаўленне да яго добрае, жартуе, што ціск яму мераюць часцей, чым ён мераў сам. Канечне, у яго былі праблемы з ціскам», – кажа Марына Шыбко.

Цяпер адвакатка Аляксандра Фядуты знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, але яго жонка кажа, што па тэлевізары кажуць больш, чым можа сказаць адвакат. Таксама Марына Шыбко сказала, што не глядзела ніводзін фільм, а сам Аляксандр напісаў: «відавочнае я не адмаўляю», — кажа Марына. — Я мяркую, што нашы спецслужбы дарэмна хлеб не ядуць: што хацелі, тое зрабілі».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў