Святлана Ціханоўская сустрэлася з італьянскімі палітыкамі і лідарамі прафсаюзаў

Італія гатовая падтрымаць «разумныя санкцыі» супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і ўзмацніць дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Падчас двухдзённага візіту ў Італію Ціханоўская сустрэлася з міністрамі замежных справаў, працы і еўрапейскіх справаў ураду Італіі, спікерам Палаты дэпутатаў, мэрам Рыму, кіраўнікамі палітычных партыяў, праваабаронцамі, прадстаўнікамі італьянскіх і міжнародных прафсаюзаў.

Святлана Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, умовы ў турмах і адвольныя затрыманні. Яна заклікала італьянскіх палітыкаў пісаць палітвязням і іх сем’ям, арганізаваць для іх праграмы па рэабілітацыі, падтрымліваць незалежныя медыя, телеграм-каналы, а таксама рабочых, студэнтаў і прадстаўнікоў культуры.

«Італія гатова падтрымаць захады па ўзмацненні ціску на рэжым з мэтай спыніць рэпрэсіі і распачаць перамовы, у тым ліку праз ужыванне «разумных санкцыяў», якія дапамогуць аказаць максімальны кропкавы ціск на рэжым і яго асобаў», – паведамляе прэс-служба Ціханоўскі.

На сустрэчы з прадстаўнікамі прафсаюзаў абмяркоўвалася падтрымка стачкамаў у Беларусі, а таксама праца над тым, каб дамагчыся выключэння дзяржаўных прафсаюзаў з міжнародных асацыяцыяў. Ціханоўская прапанавала прадстаўнікам прафсаюзаў прыехаць у Менск і сустрэцца з прадстаўнікамі рабочага руху.

ІІ belsat.eu

Hавiны