Расейцы стварылі базар, на якім прадаюць нарабаванае ва Украіне


Галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны Украіны паведамляе, што расейскія вайскоўцы пасля перакідвання ў Беларусь стварылі базар, на якім прадаюць нарабаванае ва Украіне.

Паводле ўкраінскай выведкі, у горадзе Нароўля ў Беларусі расейскія вайскоўцы стварылі базар для продажу нарабаванай ва Украіне маёмасці. Асартымент на гэтым базары – пральныя і пасудамыйныя машыны, лядоўні, ювелірныя вырабы, аўтамабілі, ровары, матацыклы, посуд, дываны, творы мастацтва, дзіцячыя цацкі, касметыка. То бок усё, што расейцы здабылі праз марадзёрства і грабеж мірных жыхароў Украіны.

Разам з тым, марадзёры прапаноўваюць абмяняць і наяўную валюту. Паведамляецца, што беларусы неахвотна пагаджаюцца на абменныя аперацыі і прапаноўваюць звяртацца ў банкі. Але расейцы адмаўляюцца, бо камандаванне забараняе ім наведваць банкі.

Украінскія выведнікі таксама паведамляюць, што цяпер з гораду Бурынь (Канатопскі раён Сумскай вобласці) у бок мяжы рухаецца калона цяжкавікоў з рознай маёмасцю, прамысловымі і пабытовымі рэчамі. Гэтыя рэчы вайскоўцы вынеслі з дамоў украінцаў.

Раней тэлеграм-канал @Hajun_BY паведамляў, што расейскія салдаты ў Мазыры адпраўляюць у Расею шмат рэчаў. Робяць яны гэта праз аддзяленне расейскай службы экспрэс-дастаўкі СДЭК.

Таксама нам паведамляюць, што ў Хойніках салдаты заходзілі на пошту і пыталіся пра магчымасць адправіць міжнародныя пасылкі.

«У іх удакладнілі, што там будзе. Адказалі: мабільныя тэлефоны, рэчы», – паведамляюць крыніцы.

У беларускім Мазыры стаяць расейскія ваенныя КАМАЗы, з якіх вайскоўцы выгружаюць пакункі з рэчамі, атрыманымі шляхам марадзёрства. Нарабаванае ў Расею адпраўляе расейская служба экспрэс-дастаўкі СДЭК.

Аналітыка
Рэйкавая вайна ў Беларусі: дыверсіі, рэпрэсіі ды пагрозы забіваць партызанаў
2022.04.02 10:00

belsat.eu

Стужка навінаў