Затрыманы ў Конга Аляксандр Зінгман даў прэс-канферэнцыю пасля вызвалення. Яго дапытвалі 12 дзён

Затрыманыя ў Конга Аляксандр Зінгман і Паўлё Пэрсіка далі прэс-канферэнцыю пасля свайго вызвалення і распавялі пра затрыманні. Прэс-канферэнцыю трансляваў зімбабвійскі тэлеканал «Sly Media Tv», паведамляе Reform.by.

Беларускага бізнесоўца і ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі Аляксандра Зінгмана, італьянскага бізнесоўца Паўлё Пэрсіка і генеральнага дырэктара кампаніі «AFtrade» Алега Водчыца затрымалі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга 19 сакавіка.

Аляксандр Зінгман (справа) на прэс-канферэнцыі. Скрыншот з каналу «Sly Media Tv»

Як распавёў Зінгман, іх затрымалі ў аэрапорце адразу пасля прылёту:

«У той жа дзень, калі мы прыляцелі, у СМІ распаўсюдзілі артыкулы пра тое, што мы гандляры зброяй і прыехалі ў краіну, каб зладзіць пераварот, што мы навучаем нейкіх вайскоўцаў і гандлюем зброяй. Абсалютная лухта. Мы былі ў шоку.

Мы зразумелі, што сталіся ахвярамі дэзынфармацыі, якую хтосьці даў службам бяспекі ДРК, якая датычыла гандлю зброяй і іншых абвінавачванняў».

Зінгман заявіў, што не гандлюе зброяй, а займаецца сельскагаспадарчым і горназдабыўным абсталяваннем у некалькіх афрыканскіх краінах і менавіта з гэтаю мэтай прыляцеў у ДРК. Ён павінен быў сустрэцца з Маізам Капэндам, каб абмеркаваць пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі для ягонай кампаніі ды вылецець з Конга ў Зімбабвэ на наступны дзень. Капэнд сустракаў бізнесоўца ў аэрапорце, але яго таксама затрымалі.

Бізнесоўца Аляксандра Зінгмана вызвалілі з кангалезскай турмы

Цягам 12 дзён іх дапытвалі прадстаўнікі чатырох спецслужбаў ДРК, распавёў Зінгман:

«Мы правялі там амаль 12 дзён без тэлефоннай сувязі, без якой-небудзь магчымасці звязацца хоць з кім, хто можа нас абараніць. Яны правяралі нас праз шакавальную інфармацыю, што з’явілася пра нас у СМІ. Пасля ўсяго гэтага ў ізалятары ды ўсіх праверак і пытанняў яны падрыхтавалі вялікую справаздачу, што ў чатырох службаў бяспекі ДРК няма да нас прэтэнзіяў, што мы не датычныя да гандлю зброяй, рыхтавання вайскоўцаў, а вядзём легальны бізнес у сельскай гаспадарцы і прыехалі для праектаў у сельскай гаспадарцы і здабычы карысных выкапняў».

Раніцаю 31 сакавіка бізнесоўцаў вызвалілі без выстаўлення абвінавачанняў. Яны вылецелі ў Зімбабвэ, як і планавалі да затрымання.

Зінгман лічыць, што аперацыя была спланаваная, бо артыкулы пра гандаль зброяй з’явіліся ў прэсе адразу пасля затрымання, а ў аэрапорце іх ужо чакалі.

У Конга арыштавалі Аляксандра Зінгмана, бізнесоўца, набліжанага да Лукашэнкі. Яго вінавацяць у гандлі зброяй

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны